У Беларусі створаны ўсе ўмовы і магчымасці для рэалізацыі патэнцыялу грамадзян, якія выйшлі на заслужаны адпачынак. Каб жыццё людзей “залатога” ўзросту было паўнавартасным, у краіне дзейнічаюць праграмы: “Сацыяльная абарона”, “Даступнае асяроддзе”, “Актыўнае даўгалецце”. Адказнасць за іх рэалізацыю ляжыць у тым ліку і на аддзяленнях комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэння дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту ТЦСАН. Незаменнымі памочнікамі работнікам Цэнтра ў высакароднай справе з’яўляюцца валанцёры. Рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны”, Петрыкаўскі ТЦСАН даюць старт сумеснаму праекту “Колеры жыцця”.
У рамках праекту выйдзе серыя публікацый пра валанцёраў “сярэбранага” веку, нашых землякоў, якія і на заслужаным адпачынку працягваюць прыносіць карысць грамадству.
– Ніколі не думала, што пасля 60-ці гадоў я сустрэну столькі блізкіх па духу мне людзей, пашыру кола сваіх інтарэсаў і стану сама прыцягваць землякоў у свет творчасці і пазітыўных уражанняў, – пачынае размову “сярэбраны валанцёр” Петрыкаўскага ТЦСАН Таццяна Семяніцкая.
Таццяна Васільеўна ўпершыню задумалася пра валанцёрства з прыходам у Цэнтр. Прафесійнае жыццё гераіні было звязана з важным напрамкам для аграпрамысловага комплексу Петрыкаўшчыны. Жанчына займала пасаду вядучага аграхіміка раёна. На яе кантролі знаходзілася ўнясенне і захоўванне мінеральных угнаенняў і вапнавых мінералаў. Заўсёды была акружана людзьмі, знаходзілася ў гушчы падзей. Схільнасці да творчых відаў дзейнасці былі ў гераіні і раней, але часу не хапала, каб іх рэалізаваць у поўнай меры. Праўда, калі з’яўлялася магчымасць, малявала і вышывала бісерам.
–У мяне быў ненармаваны працоўны дзень. Пагэтаму, калі выйшла на заслужаны адпачынак, вырашыла ўвасобіць у жыццё сваю мару – спяваць, танчыць, займацца спортам, – адзначае суразмоўца.
Менавіта тады ёй паступіла прапанова наведваць на базе аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН аб’яднанне па інтарэсах “Майстрыха”.
– Заняткі ў аддзяленні захапілі мяне. І “Майстрыхай” я не абмежавалася. “Скандынаўская хадзьба”, “Жыць здорава” – мне было цікава займацца чымсьці новым, побач з блізкімі па духу і ўзросту людзьмі, – успамінае Таццяна Васільеўна. – А пасля я трапіла ў клуб “Неспакойныя сэрцы”, навед-вальнікі якога прымаюць удзел ад раённых да рэспубліканскіх творчых, спартыўных конкурсах, фестывалях. Аб’ядноўвае ўсіх нас таленавіты настаўнік і цудоўны чалавек Лілія Салавей, ад якой удзельнікі атрымліваюць неверагодную энергію, веру ў сябе. Пачалося насычанае жыццё: рэпетыцыі, трэніроўкі, падрыхтоўка сцэнічных вобразаў, касцюмаў.
Валанцёр прызнаецца: такі этап у яе жыцці аказаўся цікавым, яна адкрывала для сябе зносіны з новымі людзьмі, пачала ўвасабляць у жыццё планы, на якіх раней не хапала часу. Праз час Таццяна Васільеўна ўжо ўпэўнена прадстаўляла Петрыкаўшчыну на значных мерапрыемствах. Яна станавілася адной з лепшай у вобласці “Супер-бабуляй”, танчыла ў абласным драмтэатры на бале пад гукі рэспубліканскага філарманічнага аркестру.
– Неяк злавіла сябе на думцы, што есць людзі, якія таксама могуць і хочуць папоўніць нашыя рады, праявіць сябе на новай ніве. Але іх патрэбна падштурхнуць, працягнуць руку. Запрасіла паўдзельнічаць у мерапрыемстве адну знаёмую, гляджу – чалавеку спадабалася. Папрасіла другіх дапамагчы ў падрыхтоўцы да конкурсу – і тут станоўчы адказ, – прызнаецца жанчына. – На гэтым я не спынілася. І сёння дапамагаю землякам зрабіць крок да актыўнага даўгалецця.
Асаблівую ўвагу гераіня надае людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Не аднойчы, пры яе арганізацыі і ўдзеле “сарэбраныя валанцёры” сваімі канцэртнымі праграмамі падымалі настрой пастаяльцам пансіянатаў раёна, палат сестрынскага догляду.
На пытанне, што для яе валанцёрства, мая гераіня адказала проста і шчыра:
– Я паказваю людзям на сваім прыкладзе: узрост не перашкода для самарэалізацыі, стараюся натхніць землякоў энергіяй і аптымізмам. І калі мне гэта ўдаецца, я бясконца радая!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота з архіва гераіні.
Оставить комментарий