Сёння Беларусь у пяты раз адзначае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1939 годзе Чырвоная Армія пачала вызваленчы паход, які паклаў пачатак аднаўленню гістарычнай справядлівасці ў адносінах да народа, падзеленага супраць яго волі па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы. Чырвонай арміі хапіла 9 дзён, каб цалкам вызваліць Заходнюю Беларусь ад акупантаў-паноў.

Згадваючы і пераасэнсоўваючы падзеі мінулага, мы ясней разумеем сучаснасць і вучымся жыць так, каб захаваць уласную краіну і свой народ у незалежнасці, міры і дабрабыце для будучых пакаленняў грамадзян Беларусі, адзінай і непадзельнай.

Так, беларуская гісторыя шматгранная. Менавіта яе падзеі і сфарміравалі наш нацыянальны характар: спакойны, ураўнаважаны, працавіты, можа, злёгку наіўны і даверлівы, але не цярплівы да несправядлівасці і прыгнёту. А іх у адносінах да Беларусі было нямала. Даволі часта ў сваёй гісторыі наша краіна была арэнай ваенных дзеянняў, на якой “агнём і мячом” вырашаліся нечыя інтарэсы, толькі не беларускага народа.

І мы не забыліся, мы памятаем і войны, і канфлікты. Запомніў беларускі народ рэпрэсіі па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце, Бярозу Картузскую, гібель і здзекі з тых, хто не жадаў страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

Аднак міралюбівая прырода беларусаў, якія стараліся не дапякаць некаторым суседзям сваімі ўспамінамі (як аказалася, зусім дарма) не была ацэнена. Больш за тое, яе палічылі рабскай праявай натуры, якую толькі і бачылі ў нас жадаючыя адхапаць кавалак беларускай зямлі пабольш.

Але не атрымалася гэта ў іх тады, не атрымаецца і сёння.
Дзень народнага адзінства для кожнага беларуса – свята, якое, як справядліва зазначыў беларускі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, стала “актам гістарычнай справядлівасці”.

Так, сёння мы трывала, моцна стаім на сваёй зямлі, якая дасталася нам ад продкаў, што потам і крывёю абаранілі не толькі яе межы, але і наша права быць беларусамі, грамадзянамі сваёй суверэннай краіны. Азіраючыся вакол, аналізуючы былыя глабальныя падзеі, і тыя, што адбываюцца ў свеце сёння, разумеем: жыць у міры і згодзе – гэта велізарная і цяжкая праца. Для захавання міру ўжо мала проста яго хацець. Патрэбны вельмі важкія справы, якія ўмацуюць надзейную пазіцыю народа і дзяржавы. “Мір сёння настолькі далікатны, што любы неасцярожны рух можа прывесці да цяжкіх і непапраўных наступстваў,” – не раз адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Мы таксама прыхільнікі адзінства міжнароднага, глабальнага, у якім агульнае жаданне насельніцтва зямнога шара прасякнута ідэямі захавання мірных адносін паміж краінамі і народамі, пераканана выступаем за добрасуседскія, партнёрскія адносіны з усімі, хто бачыць у нас сяброў, для каго слова “мір” азначае развіццё гуманітарных ініцыятыў, накіраваных на прымірэнне варагуючых. Зразумела адно: толькі разам, у адзінстве намаганняў і інтарэсаў мы захаваем гэты свет для нашчадкаў.

Са святам, землякі! З Днём народнага адзінства!

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о