Знайсці любімую справу пасля 50-ці гадоў? Адкрыць у сабе жаданне тварыць і дасягаць новых вяршыняў, знаходзячыся на заслужаным адпачынку? Лёгка! У гэтым упэўнена гераіня нашага артыкула Людміла Тарасава – спецыяліст з 40-гадовым стажам у сферы медыцыны. Што надае ёй сіл весці актыўнае, паўнавартаснае і цікавае жыццё – у нашым матэрыяле.
Людміла Фёдараўна ўсё жыццё адпрацавала фельчарам у сельскім ФАПе. Праца з людзьмі падабалася жанчыне, і на заслужаны адпачынак яна выйшла з вялікай любоўю ў сэрцы – да калектыву, да землякоў.
– Нарадзілася я ў вёсцы Вялікае Поле (7 кіламетраў ад аграгарадка Чалюшчавічы), школа ў той час была базавая. Пасля 8-мі класаў паспяхова здала экзамены і паступіла ў Мазырскае медыцынскае вучылішча, пасля заканчэння якога была размеркавана ў Чалюшчавічы. Калектыў прыняў мяне добра. Вопытныя калегі дапамагалі асвоіцца, уводзілі ў курс справы. Праца мне вельмі падабалася, маім настаўнікам у той час была Надзея Генадзьеўна Пінчук. Тады, ды і цяпер, наш ФАП лічыцца адным з самых вялікіх па колькасці насельніцтва ў Петрыкаўскім раёне. Гэта жыхары Чалюшчавіч і бліжэйшых вёсак: Другая Слабодка, Вялікае поле, Чырвоная горка, – распавядае суразмоўца. – У сельскага фельчара ні хвіліны не бывае свабоднай. Раніца пачыналася з прыёму пацыентаў, затым я спяшалася па выкліках, пасля чаго працавала з дакументамі. Праз некалькі гадоў выйшла замуж, у нас з мужам нарадзілася старэйшая дачка. Пасля дэкрэтнага адпачынку вярнулася на працу ўжо загадчыкам ФАП. Вось так і адпрацавала 40 гадоў на адным месцы. За доўгія гады прыкіпела душой і да Чалюшчавіч, і да вяскоўцаў.
–На заслужаным адпачынку жыццё не спыняецца, а толькі пачынаецца. Таму важна напаўняць сябе энергіяй і праяўляць максімум актыўнасці. Дзеці мае ўжо дарослыя. Старэйшая дачка Таццяна жыве ў абласным цэнтры, працуе эканамістам, а малодшая Кацярына, пайшла па маіх слядах – працуе фельчарам у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў гора-дзе Мазыры. Таму я вырашыла пайсці працаваць на паўстаўкі культарганізатарам у сельскі Дом культуры. Гэта мая аддушына, спяваць я любіла з юнацтва.
У Доме культуры Людміла Фёдараўна – душа калектыву. Яна ўдзельнік народнага ансамбля народнай песні “Зарачаначка”.
–Усе ўдзельнікі – людзі добрыя, лагодныя, і песні ў нас гучаць душэўна. Лічу, што пакуль маладыя душой – трэба спяваць, песня дорыць людзям цяпло і дапамагае пражываць кожны момант з радасцю. Быць часткай ансамбля – гэта выдатна! Вельмі люблю працэс падрыхтоўкі да правядзення народных святаў, на якіх чытаю вершы, напісаныя старэйшай сястрой Наталляй і матуляй Нінай Маркаўнай,– дзеліцца гераіня артыкула.
Падчас інтэрв’ю мне пашанцавала пачуць адзін з вершаў у выкананні Людмілы Фёдараўны.
Край дзяцінства
Пралятаюць хутка годы,
зноў зязюлечка куе,
вёска родная мне сніцца,
даражэй няма яе.
І у снах я там навекі,
дзе шчабечуць салаўі,
не патрэбны мне і лекі,
толькі зорачкі твае.
Дзе журчыць рачушка жвава,
лес шуміць, і дуб гудзе.
Дзе балоты, буслы, жабы,
прыгажэй няма нідзе.
Дзе матуля сустракае,
з дарагой душой дзяцей,
маё сэрца замірае,
думкі плаваюць ў вадзе.
Край, адзіны на планеце,
нізка кланяюсь табе,
і няма тых слоў у свеце
расказаць каб пра цябе.
Людміла Фёдараўна ўпэўнена, што ў любым узросце можна знайсці захапленне, якое будзе саграваць душу. І нават на заслужаным адпачынку яна працягвае дарыць людзям клопат, толькі цяпер – не толькі як фельчар, а і як артыстка, захавальніца культуры і проста добрая суседка.
Марыя ТАМКО.
Фота з сямейнага архіва Людмілы Фёдараўны
Тарасавай.
Оставить комментарий