Занятак па душы напаўняе жыццё сэнсам

0
656

Нагодай для напісання матэрыялу стала выпадковае знаёмства з прадметам захаплення майго героя, а крыху пазней ужо адбылася сустрэча і размова з гаспадаром. Аб усім – падрабязней.

Майскім вечарам, шпацыруючы на бераг ракі, звярнула ўвагу на дрэва, ад якога ішоў тонкі, прыемны водар, што вылучаўся з разнастайнага шэрагу пахаў квітнеючых у гэты перыяд садоў. Незвычайным ва ўсіх сэнсах дрэвам аказалася экзатычная паўлоўнія, або, як яго яшчэ называюць, “адамава дрэва”. А вырасціў яго на сваім падворку жыхар райцэнтра – Генадзь Труханаў, чалавек з вялікай колькасцю неверагодных ідэй і фермер са стажам.

Занятак па душы напаўняе жыццё сэнсам

Як распавёў у час размовы Генадзь Сямёнавіч, першае яго знаёмства з паўлоўніяй адбылося амаль пяць гадоў таму. Менавіта тады ён набыў каля тысячы зярнятак насення, з якіх, на жаль, удалося вырасціць толькі 15 саджанцаў – не хапіла на той час мужчыне ведаў і вопыту. Аднак ужо на наступны год наш герой быў шчодра ўзнагароджаны за настойлівасць і стараннасць. І сёння, дачакаўшыся першай квецені экзатычнай для Петрыкаўшчыны паўлоўніі, мужчына ўпэўнены: у дрэва – вялікая будучыня.
На маю просьбу акрэсліць пяць аргументаў на карысць вырошчвання менавіта гэтага дрэва, Генадзь Сямёнавіч адзначыў намнога болей.
– Па-першае, паўлоўнія адназначна ўпрыгожыць ваш сад, гарадскую вуліцу, дзіцячую пляцоўку. Экзатычны выгляд дрэва, лісце памерам з вушы слана і вялікія кветкі з мяккім водарам падораць безліч прыемных эмоцый.
Па-другое, калі вы жадаеце хутка атрымаць цень у двары з невялікай колькасцю дрэў, то паўлоўнія – гэта менавіта тое, што вам трэба. Дрэва славіцца тым, што яно з’яўляецца самым хуткарослым на планеце. Яно можа лёгка дасягнуць вышыні ў 5 метраў усяго за два гады, у той час як елка за гэты час вырастае на 1,5 метра.
Паўлоўнія высаджваецца часам для ўмацавання глебы. Ні адно іншае дрэва не фіксуе глебу так, як яна. Распаўсюджваючыся вертыкальна, лёгка стабілізуе глебу на схілавых участках.
Да таго ж, яно ўлоўлівае вуглякіслы газ, пыл і шум амаль у 4 разы больш, чым звычайнае дрэва, і вылучае ў 4 разы больш кіслароду, – з захапленнем распавёў наш суразмоўца і пазначыў: – Дрэва паўлоўніі расце на менш урадлівых глебах і мае патрэбу толькі ў вадзе.

Занятак па душы напаўняе жыццё сэнсам

І гэта не ўсё – увосень лісце ападае на зямлю, высыхае і, валодаючы багатым утрыманнем пажыўных рэчываў, падкормлівае глебу, аднаўляючы звычайную структуру, робячы яе ўрадлівай і для іншых відаў кветак, раслін, агародніны.
А яшчэ паўлоўнія здольна абараніць вас ад камароў і насякомых. Дрэва славіцца сваім супрацьмаскітным дзеяннем.
– З-за нізкай вагі драўніны паўлоўнія лічыцца “алюмініем” сярод драўняных відаў і з’яўля-ецца каштоўным матэрыялам для вырабу мэблі, музычных інструментаў, лодак, у авіяцый-ным будаўніцтве і многіх іншых галінах. На працягу тысячагоддзяў яна выкарыстоўвалася для лячэння розных захворванняў у традыцыйнай кітайскай і японскай медыцыне. Парады і рэцэпты раздаваць не буду, аднак ведайце: у дрэва паўлоўніі сапраўды ёсць патэнцыял для медыцынскага выкарыстання, – дадаў Генадзь Сямёнавіч.
Мае мужчына станоўчы вопыт распаўсюджання сваіх дрэў сярод арганізацый райцэнтра, Жыткавіч, Акцябрскага, Нароўлі, Мазыра, Лельчыц. Так, некалькі гадоў таму каля 500 дрэў набыў Петрыкаўскі лясгас. Упрыгожвае паўлоўнія і прыватныя сядзібы землякоў.
– Незалежна ад таго, прадаю ці прэзентую знаёмым свае саджанцы, яшчэ пэўны час я наведваюся і прыглядаю за імі: як прыжыліся на новым месцы. Часам хаджу па гораду і ўяўляю, як тое ці іншае месца магла б упрыгожыць алея з экзатычных дрэў. Мая запаветная мара – адкрыць у горадзе аранжарэю. Думак і ідэй шмат, ёсць і магчымасці, аднак добра было б мець падтрымку і зацікаўленасць з боку адказных службаў. Вельмі хочацца, каб маё захапленне знайшло аднадумцаў і сярод землякоў.
Увогуле, захапленне – тое, што робіць жыццё чалавека напоўненым сэнсам у любым узросце і пры любых жыццёвых абставінах. Калі ты працуеш, запатрабаваны грамадствам як спецыяліст – пра гэта зусім не думаеш: тваё жыццё напоўнена штодзённымі службовымі клопатамі і прафесійнымі стасункамі. А вось з выхадам на заслужаны адпачынак вялікая колькасць вольнага часу для многіх становіцца выпрабаваннем на псіхалагічную трываласць. Таму, каб пазбегнуць дэпрэсіі, загадзя рыхтуйцеся да пенсіі: прыслухайцеся да свайго ўнутранага свету, знайдзіце сабе занятак па душы і, што немалаважна, аднадумцаў”, – дадаў у завяршэнне размовы Генадзь Сямёнавіч .

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о