Днямі в Гомелі былі падведзеныя вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Квітней, мой лес”, прызёрамі якога сталі і нашыя юныя землякі.
Так, у намінацыі “Экалогія лясных жывёл” дыпломам другой ступені быў узнагароджаны вучань 7-га класа другой гарадской школы Валерый Пастухоў за даследаванне “Выхад лася на праезную частку, прычыны і наступствы”.
Навуковы кіраўнік, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 2 Юлія Ліпская расказала: “Валерый наведвае аб’яднанні па інтарэсах “Супольнасць мікрабіёлагаў” і “Школьнае лясніцтва”. У вучня заўважаецца зацікаўленасць і крэатыў, таму я прапанавала яму заняцца навуковай дзейнасцю. Разам мы абралі тэму, якая з аднаго боку непасрэдна тычыцца праблемы дарожнай бяспекі, а з другога – прапануе вырашэнне пытання зберажэння навакольнага асяроддзя”.
У даследаванні прапануецца выстаўляць на месцах, дзе найбольш верагодны выхад на дарогу лася, ультрагукавы адпужвальнік з паўправадніковых радыёдэталяў. Першапачаткова работа працягвалася каля 6-ці тыдняў, а пасля таго, як распрацоўка заняла першае месца ў сваёй намінацыі на раённым этапе конкурсу, навукоўцы дапоўнілі і дапрацавалі яе да прадстаўлення на абласны этап і ўзнагарода не прымусіла сябе доўга чакаць.
У намінацыі “Экалогія лясных раслін” дыплом трэцяй ступені атрымаў навучэнец дзявятага класа гімназіі горада Петрыкава Данііл Кудравец за работу “Уплыў пашавага ціску капытных жывёл на стан лесапасадкі хвоі звычайнай”, выкананая пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Аляксандра Чычыкайлы.
Тэма зацікавіла Данііла восенню 2023 года, калі юнак заўважыў у лесе маладыя хвоі без кары і са зламанымі верхавінамі. Навуковая работа ўтрымлівае падлікі пашкоджання да (восенню) і пасля (вясною) апрацоўкі маладых дрэў адмысловым прэпаратам. Юны навуковец праводзіў апрацоўку ра-зам са спецыялістамі лесаахоўнай службы і прыйшоў да высновы, што абарончы сродак “Пратэкт” захоўвае эфектыўнасць працягам зімы, але недастаткова ўстойлівы да веснавых ападкаў. Вучань прапануе спалучаць розныя метады аховы маладых дрэў для найбольш плённага выніку. Вучань і настаўнік выказваюць словы падзякі за садзеянне ў правядзенні даследаванняў інжынеру-лесапатолагу Дзянісу Макарэцкаму і Петрыкаўскаму лясгасу.
Мы віншуем нашых юных навукоўцаў з выніковым удзелам у конкурсе і жадаем і надалей працягваць сваю цікавую і карысную даследчыцкую дзейнасць.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота з архіва
Аляксандра Чычыкайлы.
Оставить комментарий