Выслухаць і дапамагчы

0
828

Віктар Капыловіч, герой сённяшняга артыкула, тактоўны, паважлівы, неверагодна сціплы чалавек, які не імкнецца быць у полі зроку. Да яго можна таксама аднесці такія якасці як альтруізм, шчодрасць і бескарыслівасць. Пра гэта гавораць яго ўчынкі. І хутка мы з вамі ў гэтым пераканаемся.

Выслухаць  і дапамагчы

Акрамя таго, што мужчына з 2008 года з’яўляецца кіраўніком дрэваапрацоўчага прадпрыемства “Экагрынпрам”, ён рэалізуе свае добрыя памкненні праз дзейнасць дэпутата Курыціцкай выбарчай акругі № 27.

“Дэпутат стаў незаменным памочнікам у вёсцы, маёй правай рукой, – паведаміла старшыня Муляраўскага сельвыканкама Надзея Стэльмашонак. – Ён выдатна ведае, хто з мясцовых жыхароў у чым мае патрэбу, часта самастойна вырашае няпростыя пытанні, звязаныя з дастаўкай паліўных адходаў. У якасці спонсарскай дапамогі пенсіянерам і маламаёмасным грамадзянам выпісваюцца драўняныя абрэзкі для ацяплення жылых памяшканняў”.

За гады працы Віктара Васільевіча на пасадзе дэпутата, змены ў лепшы бок у Курыціцкім сальскім Савеце адчувальныя. Дырэктар Курыціцкай сярэдняй школы Валянціна Марозька адзначыла, што кіраўнік дрэваапрацоўчага прадпрыемства аказвае вялікую падтрымку ўстанове адукацыі. “Віктар Васільевіч ніколі не адмовіў нам у дапамозе. Ён выдзяляе школе штыкетнік і брусы для плота, для кацельні – абрэзкі, усё бясплатна”, – з удзячнасцю пазначыла кіраўнік установы адукацыі.

Курыціцкаму дзіцячаму саду таксама была аказана дапамога. Па словах загадчыцы ўстановы Аксаны Кавальчук, установе аказваецца падтрымка ў выдзяленні дошак для агароджы, а апошнім часам Віктар Васільевіч выдзеліў грашовую спонсарскую дапамогу на набыццё акна.

Доўгі час былі праблемы з асвятленнем аграгарадка Курыцічы ў цёмны час сутак. Пасля адпаведнага запыту былі прыняты меры – і святло з’явілася. Некаторыя пытанні жыхароў вырашаюцца без пісьмовых зваротаў, бо да дэпутата можна звярнуцца, напрыклад, у чарзе ў краме. Між тым, спецыялісты сферы ЖКГ на дэпутацкія звароту рэагуюць аператыўна.

Пры падтрымцы старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Макарэвіча зрабілі ямачны рамонт на пад’ездзе ў вёску Забалацце. Петрыкаўскае ДРБУ зрабіла рамонт, а аплаціла прадпрыемства “Экагрынпрам”. Каштавала, вядома, не танна – 7 тысяч беларускіх рублёў.

У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” кіраўнік кампаніі ГАА “Экагрынпрам” у складзе іншых прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса раёна прыйшоў з падарункамі да дзяцей-інвалідаў ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”.

З біяграфіі героя вядома, што Віктар Васільевіч разам з жонкай жывуць у Петрыкаве. На працу мужчына кожны дзень ездзіць у Курыцічы, дзе і размешчана яго прадпрыемства, якое, дарэчы, было сярод пераможцаў у раённым спаборніцтве “Злёт перадавікоў” сярод аб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, доля дзяржавы ў статутным фондзе якіх не перавышае 50 працэнтаў, працоўны калектыў “Экагрынпрам” быў занесены на раённую дошку гонару.

Па словах дэпутата, прадпрыемству давялося сутыкнуцца з цяжкасцямі ў мінулыя гады, але новы рынак збыта – у Турцыі і Узбекістане – дапамог утрымаць пазіцыі.

“На прадпрыемстве даводзіцца займацца пытаннямі, якія пераклікаюцца з тымі праблемамі, якія хвалююць і работнікаў і жыхароў выбарчай акругі (на сённяшні дзень у падпарадкаванні Віктара Васільевіча знаходзіцца 20 працаўнікоў)”, – распавёў у час інтэрв’ю герой. – Часцей за ўсё менавіта праз сустрэчы мы дапамагаем людзям вырашаць праблемы. У склад маёй акругі ўваходзіць частка Муляраўскага сельскага Савета ў межах населеных пунктаў Курыцічы, Людзвіноў, Востраў, Смятанічы. У адміністрацыйным будынку Муляраўскага сельвыканкама, дзе праводзяцца прыёмы, пазначаны ўсе кантактныя дадзеныя – як пры неабходнасці можна звязацца са мной.

Калі казаць пра вынікі працы, то на ўсе мае звароты, па якіх я пісаў запыты, адказы былі атрыманы.
Выгода і камфорт малой радзімы залежаць ад кожнага. Мой падыход да працы такі: вывучыць пытанне, зрабіць запыты, атрымаць рашэнне ў рамках заканадаўства і даць кампетэнтнае тлумачэнне землякам.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о