Вучні 7-га класа першай гарадской школы развешвалі кармушкі ў цэнтральным парку

0
966

Вось і прыйшла зіма, самая сапраўдная – са снегам ды маразамі. Апрача клопату па вызваленні падворкаў і прыватнага транспарту ад снежнай коўдры, вока пачынаюць радаваць краявіды, так бы мовіць, у халодных адценнях з імжыстымі галінкамі дрэў і ружова-барвовымі заходамі сонца са слупамі дыму над комінамі хат. Але ці багата людзей згадаюць, што ў час халадоў нялішнім было б і пакарміць птушак?

Вучні першай гарадской школы Максім Невяроўскі, Ягор Новік, Андрэй Урублеўскі і Мікіта Стрэйзман (на пярэднім плане) прыйшлі ў парк, каб павесіць кармушкі для птушак

Днямі мы як раз сталі сведкамі такой высакароднай справы: вучні 7-га класа першай гарадской школы развешвалі кармушкі ў цэнтральным парку. Зроблены яны былі на занятках працоўнага навучання пад кіраўніцтвам настаўніка Уладзіміра Рога.
Кармушкі хлопцы рабілі сумленна з трывалых драўляных дэталяў. Кожны вучань праявіў фантазію, таму і вырабы выглядаюць разнастайна – хоць на выставу адпраўляй. Як паведамілі юныя майстры, падобнай справай кожны з іх займаўся і раней: нехта адвёз птушыную “сталоўку” да бабулі, іншы прымацаваў на двары свайго дому.

Андрэй Урублеўскі прыладзіў сваю кармушку недалёка ад Алеі гонару

Настаўнік працоўнага навучання Уладзімір Рыгоравіч паведаміў, што сямікласнікі майструюць кармушкі ўжо шмат гадоў запар загадзя – да надыходу зімы была зроблена 21-на “птушыная сталоўка”: сем знайшлі свае месцы ў парку, восем –­ на тэрыторыі школы і яшчэ шэсць пакуль яшчэ не ўсталяваныя.

Максім Невяроўскі вырашыў павесіць «птушыную сталоўку» на бярозцы

Вучні ж восьмага класа ўжо пачынаюць займацца вырабам шпакоўняў, каб увесну тэрмінова размясціць іх на дрэва да прылёту птушак з выраю.

Ягор Новік узяшся за справу ва ўзнятым настроі

Напрыканцы нашай размовы хлопцы падзяліліся назіраннямі, маўляў, у горадзе можна сустрэць кармушкі і ва ўстановах адукацыі, і ў дварах дамоў, але, пэўна, гэтага недастаткова каб дапамагчы птушкам харчавацца. Таму і прапанова заняцца такой добрай справаю выклікала задавальненне.

Стваральная справа заўсёды вяртаецца з лішкам

Нам жа застаецца толькі падзякаваць прадстаўнікам падрастаючага пакалення за іх учынак – стваральная справа заўсёды прыносіць дабро – і павінна вяртацца з лішкам.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о