У патоку паўсядзённых спраў большасць з нас не задумваецца пра старасць. Вучоба, праца, адпачынак, клопаты, догляд за дзецьмі… Але час бяжыць і наступае восень жыцця, і, магчыма, чалавек сам будзе мець патрэбу ў доглядзе. Многіх палохае перспектыва апынуцца пад старасць у сацыяльным пансіянаце. Але ці правільна гэта? З аднаго боку, гэта азначае памяняць месца жыхарства, звыклы круг зносін, але з другога – атрымаць пастаянны догляд, бяспечныя ўмовы пражывання і пастаянную сацыяльна-псіхалагічную падтрымку.

Напярэдадні Дня пажылога чалавека мы завіталі у Капаткевіцкі сацыяльны пансіянат «Палессе», дзе пражываюць людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Для многіх гэта – не прыкмета адчаю, а разумны выбар, шанец атрымаць пастаянны догляд і знайсці новы дом. Менавіта такім месцам для Надзеі Купрыянаўны Рагозік стаў пансіянат “Палессе”.

Родам жанчына з Навасёлак, там скончыла школу, выйшла замуж і пераехала ў горад Ельск. Доўгі час працавала ў сферы банкаўскіх паслуг. Пазней па сямейных абставінах вярнулася на малую радзіму. Па стане здароўя звярнулася за месцам жыхарства ў пансіянат.

– Я ні разу не пашкадавала, што жыву ў пансіянаце і вельмі рада, што ёсць такое месца ў нашым Петрыкаўскім раёне. Усім задаволена. Добрае стаўленне, чулы персанал, што яшчэ трэба? Ёсць усё неабходнае, цёпла, утульна. У мяне тут з’явілася сяброўка, ёсць з кім пагаварыць, – прызнаецца пажылая жанчына.

У многіх людзей, якія пражываюць у пансіянаце, ёсць дзеці, якія працуюць або іншыя сваякі, у якіх няма магчымасці знаходзіцца штохвілінна побач з імі на працягу дня. Падобная ж сітуацыя сталася і ў гераіні матэрыялу. Жанчына сёлета адзначыла сваё 76-годдзе. Надзея Купрыянаўна жыве тут два гады, з таго часу, як пераехаў пляменнік Сяргей за мяжу. У пансіянаце жанчына знайшла сабе заняткі па душы: яна вырошчвае пакаёвыя расліны, любіць чытаць газеты і кнігі, якія бярэ ў бібліятэцы. Гераіня артыкула пражывае ў камфортных умовах: утульны пакой з мяккай мэбляй, тэлевізарам, халадзільнікам і выхадам на прасторны балкон.

– Мне забяспечаны пастаянны медыцынскі догляд, усе неабходныя працэдуры, дома б я адна не справілася, – распавядае суразмоўца. – Нізкі паклон адміністрацыі і ўсяму персаналу пансіянату. Дзякуючы ім, я сябе адчуваю, як дома.
Напярэдадні Дня пажылога чалавека жадаем Надзеі Купрыянаўне, усім пастаяльцам “Палесся” моцнага здароўя, душэўнага цяпла і дабрабыту! Дабро заўсёды з намі. Яно ў людзях, якія побач і змяняюць да лепшага нашае жыццё

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о