У рамках сваёй дзейнасці, не адзін раз даводзілася сустракацца з землякамі, якія прызнаваліся: за пражытае жыццё ніколі не ўзнікала жаданне памяняць сельскія пейзажы на быт у горадзе. Асабліва такой думкі прытрымліваюцца тыя, хто многія гады сваёй прафесійнай дзейнасці аддаў на карысць малой радзімы.
З Нінай Пракопаўнай Кукса (на фота) мне пашчаслівілася пазнаёміцца на Дні вёскі ў аграгарадку Навасёлкі: пад гучныя апладысменты ветэрана працы запрашалі на галоўную сцэну для ўзнагароджання. Было зразумела, што жанчына карыстаецца павагай сярод аднавяскоўцаў. Я не ўпусціла магчымасці пазнаёміцца бліжэй з чалавекам, у якога толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы – “Бухгалтар саўгаса “Навасёлкі”.
Прафесія бухгалтара падыдзе не кожнаму. Для гэтай працы патрабуецца ўседлівасць, цярпенне, увага і ўменне працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі. Усе вышэйпералічаныя якасці ўласцівыя нашай гераіні. Выклікае захапленне адданасць жанчыны такой няпростай бухгалтарскай справе, якой яна прысвяціла усё сваё прафесійнае жыццё.
– Сама я родам з Людзвінова. Скончыла ў роднай вёсцы чатыры класы, сярэднюю адукацыю атрымлівала ў Смятаніцкай школе, – дзеліцца гераіня. – Далей пайшла вучыцца на бухгалтара ў Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Выбар спецыяльнасці не быў для мяне выпадковым: у школе любіла матэматыку і ўсе дакладныя навукі.
Пачынала свой працоўны шлях Ніна Пракопаўна ў далёкім 1967 годзе. Успамінае, што ехаць на сваё першае месца працы яна павінна была ў Камаровічы. Таксама вакансія бухгалтара была і ў саўгасе “Навасёлкі”, які ў той час быў адным з перадавых у БССР, за выніковасць атрымліваў Пераходныя Сцягі нават у Маскве. Выбрала малады спецыяліст другі варыянт.
– Калі я прыйшла ў прафесію, ніхто нават не чуў пра камп’ютары. Складвалі і вычыталі на рахунках. Складана нават уявіць, колькі лічбаў пранеслася за гады, – дзеліцца ветэран працы. – Кіраўніком гаспадаркі тады быў Аркадзь Сцяпанавіч Парахневіч, чалавек, бясконца адданы сваёй справе. Менавіта ён усяліў у мяне ўпэўненасць, падтрымаў на першым этапе.
У Наваселках бухгалтар пазнаёмілася з маладым аграномам будучым мужам. З гадамі муж з жонкай уладкавалі сваё сямейнае гняздзечка. Ніна Пракопаўна, дзякуючы свайму прафесіяналізму і стараннасці паднімалася па службовай лесвіцы, не раз была ганаравана за сваю працу.
– Я ўсё жыццё адпрацавала бухгалтарам і ні разу не пашкадавала пра абраную спецыяльнасць. І хоць, нярэдка даводзілася затрым-лівацца ў канторы з-за вялікага аб’ёму справаздач, ахвяраваць выхаднымі ці нават водпускам, але сваю працу я любіла і атрымлівала ад яе сапраўднае задавальненне, – адзначыла суразмоўца.
За масай папяровай працы мая гераіня паспявала быць выдатнай жонкай і любячай маці, а ў вольны час шчыравала на прысядзібным участку. З мужам выгадавалі і далі годную адукацыю дачцэ і двум сынам, заўсёды былі прыкладам у справах для землякоў.
Мы ганарымся, што на Петры-каўшчыне ёсць такія людзі, як Ніна Пракопаўна Кукса – шчырыя, адкрытыя, адданыя зямлі бацькоў.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий