Убачыць свайго дэпутата

0
214

Ва ўсіх куточках нашай краіны ёсць населеныя пункты, у якіх пражывае невялікая колькасць людзей. Не стала выключэннем і Петрыкаўшчына. Вёскі Заброддзе, Клясаў, Млынок Навасёлкаўскага сельскага Савета налічваюць у сукупнасці каля дваццаці пяці чалавек. Пра тое, як забяспечваецца жыццядзейнасць вяскоўцаў, мы пагутарылі з дэпутатам гэтай акругі Аляксандрам Гурыным.

Убачыць свайго дэпутата

З самага пачатку знаёмства з Аляксандрам Віктаравічам стала відавочным: перад намі чалавек, адказны за ўскладзеную на яго дэпутацкую місію. З землякамі жыве ў адной звязцы: разам справу робіць, разам пры нагодзе адпачывае. Інакш быць не можа: сам ён родам з Заброддзя, а жыхары бліжэйшых вёсак – людзі, знаёмыя з дзяцінства. На малой радзіме застаўся жыць, стварыў сям’ю, выхаваў дзяцей.

– На пасадзе дэпутата мясцовых Саветаў знаходжуся амаль трыццаць гадоў. У той год, калі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню быў абраны Прэзідэнтам краіны, я даў дэпутацкае абяцанне сваім землякам. З таго часу стараюся не падводзіць людзей і выконваць абяцанае. Прыкладам для працы з’яўляецца, як і ў дзевяностыя гады, дзейнасць Аляксандра Рыгоравіча: рабіць жыццё людзей годным, – канстатуе суразмоўца. – Я памятаю тагачасныя вёскі, дзе ў кожнай хаце гарэла святло і якімі яны сёння сталі малалюднымі. З часам некаторыя пераехалі ў горад, многія выбралі аграгарадкі раёна, дзе ёсць сучасныя выгоды і больш развітая інфраструктура. Лічу, што гэта асабістая справа землякоў, выбіраць дзе жыць, ствараць сем’і. Сёння ў Заброддзі, Клясаве, Млынку засталіся жыць у большасці людзі сталага веку, але ў кожнага ёсць тое, што патрэбна для паўнавартаснага жыцця.

Словы Аляксандра Віктаравіча пацвярджаюць прыведзеныя ім факты. Так, па графіку ў населеныя пункты прыязджае аўтакрама. Дзякуючы такой практыцы жыхары маюць магчымасць купляць як прадукты харчавання, так і тавары першай неабходнасці. Акрамя таго, не “ўпускае” вёскі і прыватны гандаль, які гатовы прывезці неабходнае насельніцтву па папярэдняй замове.

У медыцынскім плане жыхары таксама не пакінуты без увагі. У суседніх Навасёлках працуе амбулаторыя агульнай практыкі, дзе можна прайсці неабходныя лячэбныя працэдуры. Акрамя таго, наведвае вёску і раённая перасоўная амбулаторыя, якая мае неабходнае абсталяванне для абследавання і дазваляе атрымаць на месцы лекі. Нядаўна, як прыклад, медыцынскія работнікі рабілі насельніцтву прышчэпкі ад грыпу.

– Што да сувязі з рознымі структурамі ўлады, прафілактыкі, то людзі маюць магчымасць такіх зносін. Сельскія сходы, прыезд інфармацыйных груп робяць сваю справу: рамантуюцца дарогі, ёсць асвятленне, працуе сацыяльная служба,знаходзіцца месца і культурнаму жыццю – артысты філіяла Навасёлкаўскага СДК наведваюць вяскоўцаў з канцэртамі, – дзеліцца суразмоўцца. – Місія дэпутата, разам з мясцовай уладай, сачыць, каб усё гэта працавала без збояў, быць у курсе падзей, у выпадку чаго – прыйсці на дапамогу.

На пытанне, якія моманты ўзаемадапамогі запомніліся асабліва, Аляксандр Віктаравіч адказаў з усмешкай.
– Просьбы ад землякоў паступаюць сістэматычна. За дэпутацкую практыку, здараліся розныя выпадкі. Аднойчы мне прыйшлося, каб не губляць час, весці жанчыну ў радзільнае аддзяленне. Нарадзіўся хлопчык. Мінулі гады, а я памятаю адчуванне радасці, ад з’яўлення на свет маленькага беларуса.

Святлана САБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о