Вёсачка мая!

0
1346

Субота ў Вялікіх Сялюцічах прайшла пад знакам Дня вёскі. Свята наведалі жыхары населенага пункта, а таксама яго ўраджэнцы, што прыехалі на Бацькаўшчыну з розных куточкаў Беларусі. Тут аднолькава было цікава людзям рознага ўзросту: і землякам сталага веку, і моладзі, і дзецям. Яно і зразумела – у гэты дзень іх усіх аб’яднала вялікая любоў да малой радзімы, гонар за землякоў, іх слаўныя справы на карысць Вялікіх Сялюцічаў.

Мерапрыемствы з нагоды знакавага для вяскоўцаў дня пачаліся з ушанавання памяці тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў бязвіннай ахвярай фашызму. Месцам сустрэчы стаў помнік землякам, жыўцом спаленым немцамі. Жалобны мітынг, кветкі да помніка, хвіліна маўчання – даніна памяці продкам за мірнае сёння.
Асноўныя ж урачыстасці разгарнуліся ў цэнтры Вялікіх Сялюцічаў, менавіта туды ў прызначаны час “пацягнуліся” пары, групы вяскоўцаў, у вачах якіх чытаўся жывы інтарэс: што ж сёння іх чакае, чые дзеці і ўнукі завіталі на свята, чым будуць здзіўляць і радаваць арганізатары. А тыя ў сваю чаргу пастараліся.
Да пачатку ўрачыстага сходу і святочнага канцэрта госцям свята прапанавалі наведаць этнаграфічную выставу. Яна, па сутнасці, распавяла пра побыт землякоў, які не так даўно быў адзнакай кожнай вясковай хаты – сёння ж гэта ў большай ступені ўспаміны, якія сагрэлі душу прысутным на свяце ўраджэнцам Вялікіх Сялюцічаў, гараджанам, што прыехалі ў родную вёску на свята, ды і моладзі, для каго, нягледзячы на жыццё ў вёсцы, многія прадметы побыту – хутчэй музейныя экспанаты. З цікавасцю ўглядаліся ў старыя фотаздымкі, імкнучыся пазнаць родных і знаёмых ці нават знайсці сябе.
З прывітальным словам з нагоды Дня вёскі да ўдзельнікаў свята звярнулася старшыня Грабаўскага сельскага Савета Галіна Кажаноўская, якая распавяла пра гераічныя і трагічныя старонкі з гісторыі вёскі.
– Вёска – гэта не толькі месца на карце. Гэта наша малая радзіма. Наша гісторыя. Нашы карані. Менавіта тут мы чэрпаем жыццёвыя сілы для ажыццяўлення сваіх планаў і мар, тут гадум сваіх дзецей і захоўваем памяць пра сваіх дзядоў і бацькоў. Няхай у кожным доме пануе цеплыня, каханне і дабрабыт, а на зямлі, дзе мы нарадзіліся, жывем і працуем – мір і згода.
Галіна Мікалаеўна выказала словы ўдзячнасці за актыўны ўдзел у грамадскай рабоце і ўручыла Падзякі дэпутатам мясцовага савета Ніне Лядней і Мікалаю Лукашэвічу.
За супрацоўніцтва і падтрымку старшыня сельвыканкама дзякавала сацыяльным работнікам: Наталлі Акунец, Галіне Барысавай і Марыне Казелька (на фота).
Словы ўдзячнасці і пашаны гучалі на свяце і ў адрас доўгажыхароў вёскі Вялікія Сялюцічы: Марыі Іванаўны Гамолка і Міхаіла Сяргеевіча Савасцені, якія для мясцовых жыхароў з’яўляюцца не толькі самымі сталымі ў населеным пункце, але і самымі мудрымі, і самымі паважанымі
Не абышлі ўвагай і самага маленькага жыхара – пяцімесячнага Ягорку Барысава. Таксама ўшанавалі шматдзетныя сем’і Марыі Сухарка і Віталія Барысава, дзе выхоўваецца 5 непаўналетніх дзяцей, і Наталлі Барысавай, якая выхоўвае 3 дзетак.
Не засталося на сённяшні дзень у вёсцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, аднак падарункі ад сельвыканкама былі ўручаны людзям паважанага веку – тым, чыё дзяцінства было апалена вайной і пасляваеннымі нястачамі. Ім былі адрасаваны пажаданні моцнага здароўя і доўгіх гадоў шчаслівага жыцця побач х клапатлівымі роднымі і блізкімі.
Гучалі ў святочны дзень словы ўдзячнасці ветэранам-педагогам, медыкам, работнікам пошты і гандлю, прадстаўнікам сельскай і лясной гаспадарак.
На працягу ўрачыстасці свае лепшыя канцэртныя нумары землякам і гасцям дарылі мясцовыя артысты, а таксама легендарная “Лявоніха”, што завітала на свята з гарадскога пасёлка Капаткевічы. Землякі ж, у сваю чаргу, шчыра дзякавалі за талент і падараваны настрой.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о