У тандэме з любімай прафесіяй

0
346

Заўтра адзначаць свята прадстаўнікі адной з самых шануемых прафесій на зямлі, людзі высокага грамадзянскага абавязку – медыцынскія работнікі.

Тыя, хто выбраў гэты прафесійны шлях, часта не ведаюць святаў і выхадных, а пацыенты ад іх заўсёды чакаюць цярпення, мужнасці і душэўнай чуласці. Асобая катэгорыя людзей, звязаўшых сваё жыццё з медыцынай – сельскія медыкі. Вясковыя людзі – асаблівыя пацыенты. Іх, акрамя аказання медыцынскай дапамогі, патрэбна выслухаць, параіць, пераканаць. Падабраць ключык да душы кожнага пацыента – задача не з простых. Аднак яна па плячу калектыву Макарыцкага фельчарска-акушэрскага пункта. Для гэтага есць усе складальнікі: прафесіяналізм і адданасць справе загадчыцы Ганны Браім, адказны падыход да сваіх абавязкаў санітаркі Галіны Логінавай.

У тандэме з любімай прафесіяй
Пра Ганну Раманаўну (на фота злева) смела можна сказаць: яна – прыклад таго, якім павінен быць медработнік. Уважлівая, спагадлівая, заўсёды ведае, як і чым дапамагчы сваім пацыентам. Яе прыгожыя рысы твару, спакойная манера зносін – надаюць упэўненасці, ствараюць сітуацыю камфорту і даверлівасці. Жаданне звязаць сваё жыццё з медыцынай у гераіні ўзнікла ў час навучання ў Чалюшчавічскай школе. Праўда марыла дзяўчына стаць аптэкарам, але бацькі параілі звярнуць увагу на практычную медыцыну. Пасля заканчэння Пінскага медвучылішча, спецыяліст прыехала на адпрацоўку ў Новыя Галоўчыцы. У тыя ж часы малады медык стварыла сям’ю, а пасля, з нараджэннем дачкі і сына – спазнала шчасце мацярынства. Прафесійны вопыт Ганна Раманаўна назапашвала ў Конкавіцкай амбулаторыі, Бяланавіцкім ФАПе, ідучы следам за мужам, супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. З удзячнасцю ўспамінае старэйшых калег: Міхаіла Пасвенчука і Аляксандра Астапчука, якія давалі парады маладой калезе.

З часам муж з жонкай набылі жыллё ў райцэнтры, медыку прапанавалі працу ў Макарычах.
– Вёска прывабная ва ўсіх адносінах. Невялікая і немалая – 367 чалавек дарослага насельніцтва, 98 дзяцей. Людзі добразычлівыя, адказныя. Побач горад, што дае магчымасць пры неабходнасці наведаць больш вузкіх спецыялістаў, – дзеліцца суразмоўца. – Наш медпункт мае магчымасць даць вяскоўцам неабходную дапамогу. З чым ідуць людзі? Праверыць ціск, здаць аналізы, зрабіць ЭКГ, прышчэпкі, паставіць кропельніцу. Адзін раз у месяц да нас наведваецца ўчастковы раённы ўрач.

Са слоў герані, амаль штодня пасля амбулаторнага прыёму яна накіроўваецца наведаць хворых, састарэлых пацыентаў. На асаблівым кантролі адзінокія, людзі з інваліднасцю, вязні фашысцкіх лагераў, якіх у вёсцы шэсць. У полі зроку – жыхары вёсак Ільіч і Слензакі. Ганна Раманаўна прызнаецца, што медыцынская тэма, часта бывае на “павестцы” дня і ў размове з роднымі: сястра працуе старшай медыцынскай сястрой у Навасёлкаўскай участковай бальніцы, а дачка здзейсніла яе мару – працуе правізарам у Брэсце.

За пятнаццаць гадоў працы Ганна Раманаўна не проста стала паважаным доктарам, а сваім, блізкім чалавекам, якому ва ўсім давяраюць. Адказная яна патрабуе такога ж адказнага стаўлення да выканання службовых абавязкаў і ад Галіны Анатольеўны. Хаця сказаць па праўдзе – нагадваць санітарцы пра яе абавязкі не даводзіцца. Адказная, з дваццацівасьмігадовым вопытам працы ў 2-ім тэрапеўтычным аддзяленні Петрыкаўскай ЦРБ, яна аддана працуе на малой радзіме на карысць землякоў. Адносіны жанчыны да справы красамоўна дэманструюць і клумбы каля будынка, чысціня і ўтульнасць у памяшканні, добрыя словы аднасяльчан.

Абедзве нашы гераіні адданы сваёй справе, дэманструюць выдатныя паказчыкі ў рабоце фельчарска-акушэрскага пункта – калектыў быў прызнаны лепшым па выніках раённых спаборніцтваў за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сацыяльнай сферы сярод працоўных калектываў раёна па выніках мінулага году. А яшчэ ёсць у іх нейкі асаблівы агеньчык, незвычайная душэўная цеплыня, шчырасць, якія прыцягваюць, не пакідаюць абыякавым, і якімі хочацца зарадзіцца самому.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о