Штогод у першую нядзелю кастрычніка наша краіна адзначае цудоўнае свята – Дзень настаўніка. Педагогі адчыняюць дзверы ў краіну ведаў, выхоўваюць у дзяцей лепшыя якасці і даюць ім пуцёўку ў дарослае жыццё. Іх праца сапраўды не мае кошту. Свята, прысвечанае Дню настаўніка, прайшло сёння ў раённым цэнтры.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько:
«Перад педагогамі стаіць задача не толькі даць веды, але і выхаваць маладое пакаленне — працавітым, культурным, здаровым, маральным, прывіць яму любоў да роднай зямлі, павагу да духоўных каштоўнасцей нашага народа. Слова настаўніка служыць для юных грамадзян краіны маральным арыенцірам, яно дапамагае ў прыняцці складаных рашэнняў, матывуе на ўчынак».
Святлана Уладзіміраўна падзякавала педагогам за карпатлівую працу, майстэрства, веды, інтэлект, імкненне да творчага пошуку. І пажадала цярпення, удачы, дабрабыту, здароўя.
Педагогам напярэдадні прафесійнага свята былі ўручаны ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў. У час цырымоніі ўзнагароджання на сцэну выходзілі настаўнікі, работнікі дзіцячых дашкольных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі.
Начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Басюк далучыліся да шчырых слоў віншавання і працягнулі прыемную цырымонію ўзнагароджання.
На мерапрыемстве таксама ўшаноўвалі ветэранаў галіны, заслужаных настаўнікаў.
Ганаровай граматай «За адданасць прафесіі» ўзнагароджана ветэран педагагічнай працы Капаткевіцкай сярэдняй школы Наталля Яўгенаўна Каліцька.
Наступную частку святочнай праграмы працягвалі творчыя нумары ад школьнікаў і настаўнікаў устаноў адукацыі. Завяршылі свята вакалісты народнага ансамбля «Белыя росы».
Оставить комментарий