Машыніст экскаватара камунальнага меліярацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Петрыкаўскае ПМС» Уладзімір Кніга – адзін з тых спецыялістаў, ад якіх залежыць якасць жыцця жыхароў нашага раёна.
Штогод у першую нядзелю чэрвеня меліяратары Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У нашым раёне меліярацыйнымі работамі займаецца КМУП “Петрыкаўскае ПМС”.
Працу меліяратараў простай не назавеш. Яны павінны ўмець выкарыстоўваць найноўшыя дасягненні аграноміі, быць тэхнічна граматнымі ў кіраванні спецтэхнікі.
У Петрыкаўскім ПМС працуюць майстры сваёй справы. Яны любяць выбраную прафесію, працавітыя і адказныя. Напярэдадні прафесійнага свята мне пашчасціла пазнаёміцца з Уладзімірам Кнігам. Больш за палову свайго жыцця – 20 гадоў – машыніст працуе ў ПМС.
Зразумела, што калі такі працяглы час чалавек працуе ў адной арганізацыі, то паспявае не тое што ўнікнуць у справу, а і вывучыць яе да драбніц.
Наш герой з тых людзей, пра каго гавораць, што ён безадмоўны ў працы, не лічыцца са сваім часам. У выпадку вытворчай неабходнасці здольны хутка ацаніць сітуацыю і граматна прымяніць свае веды, уменні. Усё гэта ў міліярацыі вельмі важна, асабліва калі даводзіцца ўхіляць аварыйныя сітуацыі на аб’ектах.Уладзімір Уладзіміравіч нярэдка бывае задзейнічаны на такіх неадкладных работах.
Зрэшты, аварыйныя і іншыя няштатныя сітуацыі здараюцца не так і часта. А вось планавыя работы – кожны дзень.
– Мы чысцім каналы, асушваем лагчыны, ухіляем наступствы павадкаў або засухі, – падзяліўся экскаватаршчык. Адным словам, дапамагаем прыродзе, а заадно і аграрыям. Калі бачыш, як на месцы бур’яна і балот з’яўляюцца апрацаваныя палі – душа радуецца.
– Наша прафесія асаблівая, – распавядае Уладзімір Уладзіміравіч. – Працуем мы пры працяглым працоўным дні, выкарыстоўваем цяжкую тэхніку. Усё гэта патрабуе прафесіяналізму, працавітасці, акуратнасці, а прасцей кажучы, вялікай любові да сваёй справы. Калектыў у нас вельмі працавіты і дружны, у гэтым плане мне вельмі пашанцавала.
Герой майго артыкула неаднаразова быў узнагароджаны ганаровымі граматамі за добрасумленную працу і прафесіяналізм.
Што тычыцца асабістага жыцця земляка, то сям’я для мужчыны – гэта не проста слова, а каханне, разуменне і клопат. Уладзімір Уладзіміравіч з жонкай Наталляй Вікенцьеўнай разам ужо 28 гадоў. Выхавалі двух выдатных дзяцей – сына Арцёма і дачку Паліну. Радуюць сваім смехам і двое ўнукаў – Яраслаў і Цімафей. Дарэчы, цікавы факт з жыцця героя, сын Арцём гэтак жа пайшоў па слядах бацькі і працуе машыністам экскаватара, толькі ў горадзе Мазыры.
Машыніст лічыць, што сёння для камфортнага жыцця ёсць усё, галоўнае, каб было здароўе.
Напярэдадні прафесійнага свята Уладзімір Уладзіміравіч жадае калегам моцнага здароўя, не паддавацца маркоце і не губляць добры настрой.
– Цяжкасці заўсёды былі, ёсць і будуць, але мы ўмеем з імі спраўляцца. Віншую членаў сем’яў меліяратараў, без якіх нашы дасягненні былі б немагчымымі. Вы – наша надзея і апора! Няхай наша галіна ўпэўнена і паспяхова развіваецца! Няхай мацнее і квітнее родная Беларусь, наша Петрыкаўшчына!
Працу работнікаў мелія-рацыйнай галіны складана пераацаніць. Яна заўсёды будзе запатрабаваны, бо меліярацыя – пастаянная карпатлівая праца па падтрыманні зямель у добрым стане.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий