У суботу, напярэдадні дня памяці ахвяр генацыду, на мемарыяльным комплексе ў Чырвоным Беразе быў адкрыты музей “Дзецям – ахвярам вайны”.
Ганаровымі гасцямі цырымоніі адкрыцця знакавага аб’екта былі прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, губернатар вобласці Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта, інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Прэм’ер-міністр, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што самымі крывавымі кропкамі злачынстваў генацыду супраць нашага народа былі звыш 260 канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі краіны.
Раман Галоўчанка звярнуў таксама ўвагу, што музей на мемарыяле ў Чырвоным Беразе створаны ў памяць пра больш за 2 тысячы маленькіх вязняў, якія сталі донарамі для нямецкіх салдат і афіцэраў. “Вядома ж, гэта не адзінае такое месца на нашай зямлі, і тут неабходна сапраўды велізарнае самавалоданне, каб стрымаць эмоцыі ад усведамлення таго, што ахвярамі гэтых злачынстваў сталі самыя безабаронныя стварэнні на гэтай зямлі – дзеці”, – зрабіў акцэнт прэм’ер-міністр. – Лаканічнае і вельмі выразнае аблічча комплексу не дае забыцца пра тое, што ў першую чаргу тут – дзіцячыя мары, якім так і не наканавана было спраўдзіцца. Аднак самае галоўнае, што мемарыял у Чырвоным Беразе – гэта магутны заслон бяздушным спробам перахлусіць гісторыю, зганьбаваць нашу Вялікую Перамогу, пакуты нашага народа, зганьбаваць светлую памяць усіх тых, хто загінуў у той страшнай вайне.
Пасля таго, як была перарэзана ганаровымі гасцямі чырвоная стужка, прысутныя на ўрачыстасці наведалі музей.
Экспазіцыйная прастора музейнай залы зверху выканана ў выглядзе павуціння. Па словах экскурсаводаў, яна сімваліцуе смяротную нямецка-фашысцкую ідэалогію, якую распаўсюджвалі і навязвалі захопнікі беларусам падчас акупацыі нашай краіны. Павуціннем ніткамі-сценамі экспазіцыя падзелена на лакацыі. Першая – пра мірны даваенны час. Наступныя часткі праз дыярамы, фатаграфіі, іншыя элементы апавядаюць пра складанае жыццё дзяцей падчас вайны, пра іх мары, дапамогу дарослым у вогненныя 1940-я – у партызанскіх атрадах, у тыле.
Асобная лакацыя, і яна, бадай, самая кранаючая, расказвае пра тое, што ў вёсцы Чырвоны Бераг падчас вайны фашысты стварылі зборны пункт для дзяцей, якіх сілком адбіралі ў бацькоў і рабілі іх донарамі для нямецкіх салдат і афіцэраў, а таксама везлі на працы ў Германію. На сцяне суседняй пляцоўкі – імёны вязняў Чырвонабярэжскага зборнага пункта, якія выжылі і вярнуліся дадому. Яшчэ адна зона прысвечана пасляваеннаму часу.
Таксама ў новым музеі ёсць выставачная зала для зменных экспазіцый, кіналекцыйная зала для правядзення ўрокаў гісторыі, лекцый, іншых мерапрыемстваў. Першае з іх з удзелам ганаровых гасцей было праведзена ў дзень адкрыцця музея.
Унікальны помнік смутку – мемарыяльны комплекс “Дзецям – ахвярам вайны” – не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах замежжа. Пры ўсёй сваёй трагічнасці тут жыве святло надзеі, аднак, пераходзячы з залы ў залу, стрымаць слёзы немагчыма.
Нагадаем, што сёлета ўся Беларусь прыняла ўдзел у рэспубліканскім суботніку і 35% заробленых сродкаў было накіравана на стварэнне музея, рэканструкцыю і добраўпарадкаванне мемарыялу ў Чырвоным Беразе, які ў народзе атрымаў назву “дзіцячай Хатыні”.
Галіна КАЗАК.
Оставить комментарий