“Такая непрадказальная і цікавая жыццёвая дарога”

0
522

Часта чалавеку патрабуецца многа часу, каб вырашыць, кім ён насамрэч хоча стаць у жыцці. Многія спрабуюць сябе ў розных прафесіях, але так і не могуць вызначыцца. Некаторыя ж у любой справе, за якую б не ўзяліся, становяцца лепшымі.

Наша гераіня за сваё жыццё паспрабавала сябе ў некалькіх прафесіях, якія, па сутнасці, зусім розныя і знайсці нешта агульнае паміж імі даволі цяжка. Але за што б Святлана Леанідаўна не бралася, усё “гарыць” у яе руках.
– Памятаю, у 10 класе настаўніца рускай мовы папрасіла нас на паперках напісаць, кім хто хоча стаць па прафесіі, – пачала размову жанчына. – Я напісала, што хачу стаць педыятрам. Мара мая спраўдзілася не поўнасцю, але скончыла я ўсё ж такі Мазырскае медвучылішча і атрымала спецыяльнасць “Медсястра дзіцячых устаноў”.
Па размеркаванні Святлана Леанідаўна трапіла ў радзільны дом, а потым, калі выйшла замуж і пераехала ў горад Петрыкаў, уладкавалася ў бальніцу. Праца з дзеткамі прыносіла ёй задавальненне, таму калі адкрыўся дзіцячы сад №7, гераіня вырашыла паспрабаваць сябе менавіта там. Так і адпрацавала ва ўстанове адукацыі 23 гады.
– Праца з дзецьмі давалася мне лёгка, канешне, аб’ём работы быў дастаткова вялікі, але навучылася хутка з усім спраўляцца, – успамінае суразмоўца.
У 2010 годзе Святлана Леанідаўна прыйшла працаваць у Петрыкаўскі раённы суд на пасаду сакратара. Змена прафесіі была, безумоўна, няпростай, але калектыў падтрымаў, навучыў і ва ўсім дапамагаў. Патрабавалася наступнае: быць адказнай і умець працаваць з камп’ютарам, так як у 2010 годзе гэта тэхніка толькі пачынала набіраць папулярнасць.
– У чым было нязвычна, так гэта ў тым, што няма такога руху, як пры працы з дзеткамі. Неяк усё павольней абдываецца. Аб’ём работы, як і раней, вялікі, але тут працуеш сам сабе, у сваім маленькім калектыве, – дзеліцца гераіня.
Са слоў Святланы Леанідаўны, работа з людзьмі мае свае цяжкасці, але галоўнае, адносіцца да ўсіх аднолькава, нягледзячы на тое, якую пасаду займае чалавек і з якой праблемай звярнуўся ў суд.
– Ва ўсіх пачынаннях, зменах у жыцці мяне заўсёды падтрымлівае мая сям’я, – з гонарам прызнаецца суразмоўца. – З мужам мы разам ужо амаль 40 гадоў. Сын атрымаў прафесію настаўніка, муж – будаўнік. Так у сям’і замацавалася, што мы адзначаем і дзень будаўніка, медыка, настаўніка і юрыста.
Пасля працоўнага дня Святлана Леанідаўна любіць пачытаць кнігі, асабліва дэтэктывы, паглядзець цікавыя фільмы. Прызнаецца: з дзяцінства падабалася прафесія акцёра, нават і зараз задумваецца пра тое, што з задавальненнем магла працаваць і крытыкам: “Калі пачынаецца фільм, адразу спрабую здагадацца ці ёсць сэнс глядзець яго далей”.
Толькі ад нас залежыць, як пройдзе наша жыццё. Часта змены бываюць жыццёва неабходны і тады па-сапраўднаму адчуваеш сябе шчаслівым.

Анастасія КІСЕЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о