Шмат часу таму, калі арганізоўвалася служба, гэта былі добраахвотныя каманды людзей, якія дапамагалі пры тушэнні пажараў. Абсталяваныя сціпла: бочка з вадой, ручная помпа, рыдлёўкі, вёдры, сякеры, вяроўкі. У тыя часы такія няхітрыя прыстасаванні выратавалі жыццё не аднаму чалавеку, а зараз сталі здабыткам музеяў.
Сёння МНС Беларусі – адно з самых падрыхтаваных ведамстваў, гатовае ў любы момант прыйсці на дапамогу, абсталяванае сучаснай тэхнікай, экіпіроўкай, з выкарыстаннем сучасных праграмных сродкаў і тэхналогій. МНС – гэта служба пастаяннай гатоўнасці.
На Петрыкаўшчыне ў структуру аддзела па надзвычайных сітуацыях уваходзяць пажарныя аварыйна-выратавальныя часці № 1 у горадзе Петрыкаве, № 2 у гарадскім пасёлку Капаткевічы, пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты № 12, № 14, № 15, № 16 у вёсках Ляскавічы, Муляраўка, Мышанка, Навасёлкі адпаведна. Штатная колькасць – 108 чалавек. Увесь асабісты састаў добрасумленна нясе службу, дорыць землякам пачуццё абароны і ўпэўненасці.
У 2020 годзе райцэнтр упрыгожыў новы будынак пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1. Адным з яе падраздзяленняў, якое стаіць на варце бяспекі жыхароў, з’яўляецца другая дзяжурная змена, якую шэсць гадоў узначальвае афіцэр Аляксандр Дашкевіч (першы справа). Згуртаваны, адказны, дружны калектыў маладых выратавальнікаў паказвае сябе толькі са станоўчага боку, на справе даказваючы, што ў жыцці ёсць месца подзвігу, гонару і адвазе. У падпарадкаванні Аляксандра Сяргеевіча дзевяць чалавек: сяржант Уладзімір Казлоўскі – выратавальнік-пажарны, старшы прапаршчык Сяргей Бараноўскі – вадзіцель, старшыня Дзмітрый Фіндзюкевіч – майстар-выратавальнік, сяржант Мікіта Ганцэвіч – выратавальны пажарны, прапаршчыкі Віталій Бруяка, Юрый Цэйкавец, малодшы сяржант Ілья Адась – вадзіцелі, старшы сяржант Арцём Куцюруба – старшы іструктар-выратавальнік, старшы прапаршчык Аляксандр Рабушок – дыспетчар (на фота адсутнічае: пасада не дазваляе пакідаць працоўнае месца).
У кожнага з гэтых мужчын свой шлях у прафесію. Большасць мае адпаведную адукацыю, некаторыя знайшлі пакліканне не адразу, прыйшоўшы ў РАНС з іншых сфер. Пры вызначэнні прафесіі ў адных перад вачыма быў прыклад бацькоў, іншыя са школьнай лавы марылі надзець выратавальную каску, былі і такія, што выбралі накірунак па рэкамендацыі сяброў. Але ёсць рэчы, якія, нягледзячы на ўзрост, стаж, пасаду, аб’ядноўваюць мужчын – гонар за сваю справу, любоў да сваёй малой радзімы. Усе яны лічаць, што ў прафесійным плане прынялі правільнае рашэнне. Галоўнае ў працы – адчуваць сябе на сваім месцы, нашы героі сваё знайшлі. – Усе пажарныя змены ў раёне вопытныя, кампетэнтныя, але для мяне мае хлопцы – самыя лепшыя, – упэўнена кажа начальнік змены. – У нашым невялікім калектыве спалучаюцца вопыт і маладосць, дзякуючы чаму ўсе добра падрыхтаваны, заступаючы на дзяжурства, кожны ведае свае абавязкі. Я ўпэўнены ў кожным з калег: якой бы складанай не была сітуацыя – не падвядуць. За гады агняборцы адпрацавалі тысячы выездаў, падчас якіх не толькі “ваявалі” з вогненнай стыхіяй, але прыходзілі на дапамогу ў іншых надзвычайных сітуацыях.
Пры размове з журналістамі супрацоўнікі службы не хавалі: аднолькавых выездаў не бывае – у кожнага свае асаблівасці. Набіраючы нумар 101 ці 112, людзі чакаюць ад іх дапамогі, і яны павінны адпрацаваць якасна. На пытанне журналістаў пра самыя складаныя для іх сітуацыі, якія мелі месца быць падчас выклікаў, нашы героі аднадушна вырашылі: напярэдадні прафесійнага свята не вярэдзіць памяць успамінамі пра няпростыя эмацыянальныя моманты іх працы. За доўгую і змястоўную гутарку з дзяжурнай зменай мы вызначылі для сябе важныя думкі, словы нашых суразмоўцаў, якія характарызуюць працу выратавальнікаў, іх прафесійныя якасці. Прапануем паслухаць і вам.
– Значна палягчае працу, калі ведаеш, што ўнутры памяшкання пры пажары няма людзей. Усе дзеянні нашы вывераныя. Хоць ніколі не ведаеш, з чым сутыкнешся на выездзе – ніводны падручнік не напіша пра тое, чаму навучыць жыццё…
– Так як наш горад стаіць на рацэ, маюць месца быць паводкі, падтапленні. Дадзеныя стыхійныя бедствы ў нашым полі зроку. У маёй практыцы быў выпадак неабходнасці адсялення людзей і хатняй жывёлы…
– Самае галоўнае – перамагчы свой страх. Калі ты заходзіш і на адлегласці выцягнутай рукі нічога не бачыш. І калі людзі кажуць, што ў палаючым памяшканні ёсць чалавек, а табе трэба ісці наперад. Тут – толькі камандная праца, дзеянні адпрацаваныя да аўтаматызму…
– Лепшая абарона ад пажараў – іх папярэджанне. Мы актыўна ўдзельнічаем у пажарна-прафілактычнай працы: наведваем установы адукацыі, удзельнічаем у назіральных камісіях, для землякоў арганізоўваем тэматычныя пляцоўкі пад адкрытым небам…
– Адметная рыса раёна ў тым, што ён акружаны тарфянікамі. Калі выратавальнікі вядуць барацьбу з агнём на такой глебы, пры тэмпературы паветра 30 градусаў і вышэй, даводзіцца працаваць у спецадзенні часам некалькі сутак…
Напрыканцы адзін з герояў сказаў словы, якія асабліва кранулі нас і перадаюць усю вастрыню працы супрацоўнікаў аддзела на надзвычайных сітуацыях: самае яркае і радаснае адчуванне – гэта калі вяртаешся з пажару і табе дзеці махаюць услед.
Мы запрасілі рабят для невялікай фотасесіі. Героі згаджаюцца, але з умовай мінімальнай затраты часу: у любы момант можа раздацца трывожны сігнал сірэны і хлопцы імгненна кінуцца да сваіх “баёвак”, заскочаць у машыну і адправяцца на выклік.
Напярэдадні свята рэдакцыя газеты далучаецца да шматлікіх віншаванняў спрацоўнікам пажарнай службы Петрыкаўшчыны. Мы ганарымся вамі – прыгожымі, мужнымі, смелымі, надзейнымі.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.
Оставить комментарий