Студэнцтва – найлепшая пара

0
494

Як вядома, для многіх вучоба ва ўстановах вышэйшай, сярэдне-спецыяльнай адукацыі з‘яўляецца цудоўным перыядам. Што пра гэты час гавораць нашы маладыя землякі? Сярод выпускнікоў розных гадоў і розных вучэбных устаноў мы правялі апытанне і вось якія адказы атрымалі.

Студэнцтва – найлепшая параКамілія Насека, выпускніца 2022 года ДУА “Брынёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа:
– Я з’яўляюся студэнткай лепшай ВНУ нашай краіны – БДУ. Яшчэ з малодшых класаў я пачала паглыблена вывучаць беларускую мову і літаратуру, актыўна ўдзельнічала ў алімпіядах кожны год. Відавочна, я паступіла на філалагічны факультэт, а менавіта на беларускую філалогію. У першую чаргу, БДУ мяне ўразіў тым, што амбіцыі, энергія і творчасць кожнага знойдуць тут прымяненне. Вучоба не складаецца толькі з вывучэння матэрыялаў у накірунку абранай спецыяльнасці. Кожны можа праявіць сябе, а ўніверсітэт падтрымае і дапаможа. Яшчэ хочацца адзначыць, што ў БДУ працуе каманда высокакваліфікаваных, улюбёных у сваю справу прафесіяналаў. Таму вучоба тут прыносіць адно задавальненне. Але хочацца сказаць на будучыню абітурыентам, што ва ўніверсітэце вы самі нясеце адказнасць за сябе і сваю вучобу. Ніхто не будзе дапамагаць вам, калі вы самі гэтага не захочаце. Патрэбна толькі жаданне, і тады ўсе шляхі перад вамі адкрыты!

Студэнцтва – найлепшая параКацярына Бондар, выпускніца 2022 года ДУА “Гімназія г. Петрыкава”:
– Вучуся я ў БДЭУ, факультэт камерцыі і турыстычнай індустрыі, спецыяльнасць “эканоміка і кіраванне турыстычнай індустрыяй”. Амаль да самага паступлення не магла вызначыцца, кім хачу быць і чым займацца ў жыцці. І вось зусім раптоўна на прасторах інтэрнэта знайшла сваё будучае месца вучобы. Як аказалася, недарэмна.
Што магу сказаць: першы год было дастаткова цяжка. Па-першае, паехаць з маленькага горада ў вялкі соцыум, адарвацца ад сям’і заўсёды складана. Па-другое, гэта ўсё ж такі не школа, дзе настаўнікі клапаціліся пра нас, тут ужо трэба стаць самастойным. Ніхто ва ўніверсітэце не будзе вас угаворваць вучыцца, калі вы самі гэтага не захочаце. Па-трэцяе, жыццё ў інтэрнаце мае свае нюансы і пэўныя складанасці.
Вучоба дастаткова цікавая: многа даведалася канкрэтна пра сваю будучую спецыяльнасць. У сілу спецыфікі сваёй будучай прафесіі, дзе прадстаўляецца магчымасць, усяляк стараюся расказаць пра роднае Палессе і яго турыстычны патэнцыял. Прыемна, калі выкладчыкі і студэнты гавораць, што ведаюць такі маленькі горад і нават бывалі там. Курсавыя работы таксама пішу на прыкладзе свайго Палесся, а яшчэ “прапагандую” літаратурную тэму (узгадваю пра Шамякіна, Мележа і г.д.).
Будучым абітурыентам парэкамендавала б слухаць толькі сваё сэрца і паступіць туды, куды жадаюць самі, а не іх бацькі ці знаёмыя. Не трэба нічога баяцца, бо наперадзе вас чакаюць лепшыя гады студэнцтва. Усе вашыя старанні не пройдуць дарэмна!

Студэнцтва – найлепшая параІрына Бамбіза, выпускніца 2020 года ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава”:
– Нядаўна знайшла ў сваім школьным альбоме папяровую медаль “Юны перакладчык”, якую мне ўручыла мая першая настаўніца пасля заканчэння пачатковай школы. Дык і праўда, так атрымалася, што я выбрала менавіта гэтую прафесію. Яшчэ на другой ступені навучання зразумела, што выберу лінгвістычную спецыяльнасць.
Пасля атрымання атэстату мяне чакаў выбар: стаць настаўнікам замежнай мовы ці перакладчыкам. Я выбрала другое і не памылілася. Зараз я студэнтка 5 курса Гомельскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта МІТСО. Спецыяльнасць – лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый. У цэлым, жыццё студэнта насычана ведамі, практыкай і культурным абагачэннем. Розныя канферэнцыі, форумы, конкурсы, фестывалі, сустрэчы з замежнымі гасцямі і студэнтамі і нават чайныя цырымоніі (так як другой замежнай мовай я абрала кітайскую) – усё гэта дае не толькі неабходны вопыт камунікацый і практыкі мовы, але развівае далягляд і дорыць добры настрой.
Больш за ўсё мне падабаюцца тыя дні, калі мы разам з замежнымі студэнтамі і выкладчыкамі збіраемся на кухні ў інтэрнаце і гатуем нацыянальныя стравы сваёй краіны. Адбываецца своеасаблівы гастранамічны культурны абмен. Гэта і добрая практыка мовы ў неафіцыйнай абстаноўцы.
Будучым студэнтам жадаю прыслухацца да слоў кітайскага філосафа Канфуцыя: “Знайдзі сабе справу па душы і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці”. Першакурснікам жадаю прагі ў спазнанні новых ведаў, актыўнага грамадскага жыцця.

Анастасія ФЕЛЬКІНА.
Фота з архіваў герояў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о