Заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей, дарыць землякам свята, захапляць сваёй невычэрпнай энергіяй, жыць і дыхаць творчасцю – усё гэта выдатна характарызуе вакальны ансамбль “Вяргіня” філіяла «Петрыкаўскі раённы Дом культуры», які на працягу пяці гадоў запальвае сэрцы людзей радасцю і шчасцем.

Вакальны ансамбль «Вяргіня» створаны ў 2020 годзе. Першым мастацкім кіраўніком «Вяргіні» была Алена Варабей, пазней кіраўніцтва на сябе ўзяла салістка ансамбля Алена Кавалёва, якая з’яўляецца кіраўніком і цяпер. Зараз у яго складзе, акрамя Алены Мікалаеўны, яшчэ тры захопленыя музыкай зямлячкі: Яніна Гралько, Лізавета Смірнова, Людміла Вяракса. Удзельнікі ансамбля знаходзяцца ў росквіце жыццёвых і творчых сіл. Непераадольная цяга да народнай творчасці аб’ядноўвае гэтых жыццярадасных, энергічных, актыўных майстроў песеннага мастацтва, дапамагае заваяваць любоў гледачоў і прызнанне.
– Песня для мяне – гэта душэўная цеплыня, радасць. З дзяцінства хадзіла ў музычную школу, паступіла ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, пасля заканчэння якога паступіла ў Ялецкі дзяржаўны ўніверсітэт імя І. А. Буніна па спецыяльнасці “настаўнік музыкі і культуралогіі”. Музыка заўсёды са мной, – кажа Алена Кавалёва.
– Мы любім мастацтва і гарым энтузіязмам, жаданнем працаваць, – дапаўняе калегу Людміла Веракса. – А яшчэ мы ведаем, што гледачы любяць “Вяргіню”, і гэтая любоў натхняе нас разнастаіць рэпертуар, прыдумляць “разыначкі” для нашых нумароў.
Самая маладая ўдзельніца калектыву – Лізавета Смірнова. У ансамбль яна трапіла не выпадкова.
– Я скончыла Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н. Ф.Сакалоўскага і вельмі рада, што трапіла ў галіну культуры, што з’яўляюся ўдзельніцай ансамбля, што дзіцячыя мары ўвасобіліся ў жыццё. Дачка Алісія таксама цягнецца да музыкі, наведвае гурток эстрадных спеваў. Мабыць, уся ў маму, – з усмешкай дзеліцца Лізавета.
Ідзе па жыцці з песняй яшчэ адна ўдзельніца ансамбля – Яніна Гралько.
– Са школьных гадоў выступаю на сцэне, – кажа яна. – Усё жыццё люблю спяваць і танчыць. Асабліва падабаюцца эстрадныя песні.
Таксама Яніна з’яўляецца кіраўніком узорнага калектыву “Пралескі”.
Пеўчы дар перадаўся і Людміле Вяраксе: у яе сям’і любіла спяваць матуля. Асабліва Людміла Уладзіміраўна любіць народныя песні і танцы. Не дзіўна, бо салістка ансамбля скончыла Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н. Ф.Сакалоўскага па спецыяльнасці “харэограф”.
У рэпертуары «Вяргіні» розныя песні: рускія, беларускія, эстрадныя, фальклорныя. Дзе толькі не даводзілася іх выконваць Петрыкаўскім артысткам! З канцэртнымі праграмамі таленавітыя зямлячкі выступалі на сцэнах Жыткавіч і Мазыра, ім апладзіравалі на святах, кірмашах, народных гуляннях у аграгарадку Ляскавічы і іншых населеных пунктах Петрыкаўскага раёна. І ўсюды артысты радуюць гледачоў сваім майстэрствам, дораць людзям свята, атрымліваюць цёплы прыём. А колькі прыхільнікаў народнай музыкі, аматараў фальклору сабраў ансамбль «Вяргіня» сёлета ў гарадскім пасёлку Лельчыцы на абласным аграфэсце «Дажынкі-2025»! Калектыў дружны і згуртаваны – сапраўдная каманда аднадумцаў. Аб’ядноўваюць жанчын агульная мэта і задачы, інтарэсы і любоў да творчасці.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаем вакальнаму ансамблю «Вяргіня” творчага даўгалецця, невычэрпнай энергіі і абавязкова заваяваць высокае званне “Народны».
Гэтыя чароўныя жанчыны не толькі таленавітыя артысткі, але і клапатлівыя маці, умелыя гаспадыні, захавальніцы хатняга ачага. І напярэдадні Дня маці і Пакрова Прасвятой Багародзіцы ўсім ім жадаем жаночага шчасця.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о