Спадчына бацькоў і любоў да малой радзімы

0
115

На палях, дзе яшчэ нядаўна красаваліся каласы збажыны, то там, то тут паабапал дарог радуюць вока вясёлыя саламяныя “гіганты” – казачныя цягнікі, мішкі і вазы з конікамі, складзеныя з саламяных рулонаў. Цяпер, калі збажына прыбрана з палёў, працавітыя вяскоўцы Гомельшчыны пасля натхнёнай бітвы за ўраджай могуць перавесці дыханне, адпачыць і падвесці вынікі. Што і было зроблена ўчора на абласным фестывалі “Дажынкі-2025”, які сёлета гасцінна прымалі Лельчыцы.

У саставе дэлегацыі Петрыкаўскага раёна на абласным свяце – старшы камбайнер СУП “Палессе-Аграінвест” Віктар Сугрэй, які прызнаны лепшым на Петрыкаўшчыне ў сваёй справе па выніках сёлетняга жніва.
Напярэдадні абласнога аграфэсту карэспандэнт раённага выдання сустрэлася з працавітым земляком на палетках бліз вёскі Слабада.
– Прафесія аграрыя заўсёды была адной з самых паважаных і ганаровых. Каб вырасціць хлеб, трэба не толькі любіць гэтую справу, але і дасканала валодаць тэхнікай, – пачынае размову Віктар Валер’евіч.
Мужчына прызнаецца, што ўсё гэта яму прывілі бацькі. Сам перадавік родам з Вышалава. Маці, Ганна Уладзіміраўна, усё жыццё працавала аператарам машыннага даення, бацька, Валерый Адамавіч – трактарыстам. Будучы юнаком наш герой дапамагаў бацьку рамантаваць трактар, спрабаваў садзіцца за штурвал жалезнага каня. Так паступова і прыкіпеў да тэхнікі. Пасля заканчэння Галубіцкай сярэдняй школы пайшоў вучыцца ў Петрыкаўскі вучэбна-вытворчы камбінат, дзе атрымаў пасведчанне трактарыста. Працоўны стаж Ігара Уладзіміравіча складае адзінаццаць гадоў, але аграрый не першы год з’яўляцца лідарам жніва. А ва ўборачнай 2025 года ён, у складзе экіпажу камбайнераў, змог пераадолець двухтысячны рубеж па намалоце зерневых.
Бязмежныя прасторы палёў і гул трактара – гэта тое, без чаго адзін з перадавых механізатараў “Палесся-Аграінвест” ужо не ўяўляе свайго жыцця.
– З ранняй вясны і да восені напружаны перыяд у нашага брата. Механізатару даводзіцца працаваць нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, але калі чалавек хоча дабіцца вынікаў – не баіцца перашкод, – працягвае суразмоўца. – Бывае “баявая машына” выходзіць са строю, стараюся самастойна ўхіляць непаладкі, праводзіць адпаведны рамонт. Па праўдзе сказаць, мне і скардзіцца грэх – у бягучым годзе працую на новай тэхніцы, як дарэчы і многія мае калегі.
Працоўны дзень у гарачую пару доўжыцца з раніцы і да позняга вечара, пакуль не выпадзе раса. Механізатар прызнаецца: заўсёды стараецца выканаць усе пастаўленыя задачы. Для яго важна не падвесці кіраўніцтва гаспадаркі, таварышаў, быць прыкладам для сваіх двух сыноў, першакласніка Івана і трэцякласніка Вячаслава. Уласным прыкладам імкнецца прывіць ім цікавасць да працы на зямлі, бо лічыць яе важнай, цікавай, перспектыўнай.
– Годна жыць і працаваць на бацькоўскай зямлі – галоўная ўзнагарода для чалавека, – упэўнены Віктар Валер’евіч. – Я зрабіў правільны выбар, што застаўся жыць і працаваць на Петрыкаўшчыне. Лічу, што ўсе мы павінны імкнуцца, каб месца дзе ты пусціў карані, развівалася і квітнела.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о