Напрыканцы мінулага тыдня ў кінатэатры “Беларусь” адбыўся Дзень прызыўніка. Ва ўрачыстай абстаноўцы каля паўсотні нашых маладых землякоў атрымалі позвы аб прызыве на тэрміновую ваенную службу.

Да маладых людзей звярнулася намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай прызыўной камісіі Святлана Сянько:
– Дарагія рабяты, мне хацелася б пажадаць, каб ад службы ў арміі вы атрымалі каштоўны вопыт і жыццёвую мудрасць. Будзьце годнымі абаронцамі Айчыны і грамадзянамі нашай краіны. Канешне, за вас будуць хвалявацца родныя, але служба дапаможа вам выхаваць у сабе сапраўдную мужчынскую цвёрдасць. Жадаю ўсім моцнага здароўя, няхай вам дапамагае падтрымка блізкіх і таварышаў, а Петрыкаўшчына будзе чакаць вас – вяртайцеся на малую радзіму пасля службы, каб жыць і працаваць на карысць роднага краю і краіны, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
У сваёй прамове да прызыўнікоў ваенны камісар Петрыкаўскага раёна падпалкоўнік Аляксандр Адамоўскі заўважыў:
– Вам належыць выканаць свяшчэнны канстытуцыйны абавязак перад Радзімай, бацькамі, роднымі і блізкімі. Кожны з вас атрымае воінскую спецыяльнасць і зразумее, што дзякуючы ўсім ваенна-служачым, і ў тым ліку вам, нашыя суайчыннікі могуць жыць спакойным, паўнавартасным і шчаслівым жыццём.
Хацелася б адзначыць, што сёлета прызываюцца моцныя маладыя людзі з высокай ступенню прыдатнасці. Доказам гэтаму з’яўляецца той факт, што большасць нашых землякоў адпраўляецца служыць у элітныя воінскія часці Беларусі.
Тэрмін службы праляціць хутка і вы вернецеся да родных і будзеце са станоўчымі пачуццямі згадваць сваю службу, камандзіраў, таварышаў і падапечных. Жадаю вам годнай службы.
Са словам перад прысутнымі выступілі старшыня райарганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Жукавец і старшыня райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Жукоўскі. Уладзімір Максімавіч адзначыў: “Часцяком даводзіцца чуць на адрас прызыўнікоў пажаданні лёгкай службы. Гэта зразумела, але мне б хацелася пажадаць вам сіл і кемлівасці, каб пераадольваць на шляху ўсе вайсковыя выпрабаванні. Служба, усё ж, робіць з юнака мужчыну і павінна быць рознай: нешта будзе здавацца простым, іншае – складаным і я зычу вам прайсці гэты шлях з высока ўзнятай галавой. Тым больш, што вы ўжо дарослыя, маеце выхаванне, адукацыю, пэўны досвед. Я кажу гэта не дзеля прыгожага слова: некаторых з прысутных у гэтай зале я ведаю асабіста – сёння позву атрымліваюць і мае землякі з аграгарадка Навасёлкі. Я назіраў за работай гэтых хлопцаў на тэхніцы ў полі і душа мая радавалася за шчырую працу маладых людзей. Упэўнены, такіх годных юнакоў тут сёння багата”.
Да сказанага далучыўся, падводзячы вынік зваротаў да прызыўнікоў, Мікалай Аляксандравіч: “Мне выпала служыць у час вайны ў Афганістане. За гады ваеннага канфлікту сярод нашых землякоў не было ніводнага баязліўца, дэзерціра ці здрадніка. Упэўнены, што і вы будзеце надзейнымі таварышамі і адказнымі ваеннаслужачымі. За кожнай вашай асобай стаіць не толькі ўласная годнасць, але і гонар вашага роднага краю – Петрыкаўшчыны”.
Далей маладым людзям былі ўручаныя позвы. І сапраўды, прыемна было назіраць за моцнымі, падцягнутымі і бадзёрымі юнакамі. Некаторыя з іх, дарэчы, ужо вызначыліся поспехамі ў спорце, вучобе, працы.
Мерапрыемства было аздоблена творчымі нумарамі ад мясцовых артыстаў, мы ж у сваю чаргу спяшаліся яшчэ пагутарыць з кімсьці з прызыўнікоў.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о