Працоўны тыдзень ў СУП “Палессе-Аграінвест” завяршыўся чарговай прафесійнай перамогай: запаветная тысячная мяжа скарылася яшчэ двум экіпажам камбайнераў і вадзіцелям, якія задзейнічаны на адвозцы збожжа новага ўраджаю.
У пятніцу на палетку паблізу Славінска хлебаробаў, якія папоўнілі шэрагі “тысячнікаў”, павіншавалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, кіраўніцтва гаспадаркі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
Словы віншаванняў і ўдзячнасці за добрасумленную працу і годны вынік гучалі ў адрас экіпажаў камбайнераў у складзе: Аляксея Іванавіча Клімчыка і Аляксея Віктаравіча Невяроўскага, а таксама Генадзія Іванавіча Рутты і Канстанціна Уладзіміравіча Корбута.
Былі свае героі і сярод вадзі-целяў, якія сёлета задзейнічаны на адвозцы зерневых і зернебабовых культур, а таксама рапса і гэтак жа дасягнулі паказчыка ў тысячу тон. Адзін з іх – Дзмітрый Аляксандравіч Вяргей. Прыемна, што надзейнай зменай вопытным механізатарам гатова стаць і моладзь – Яўгеній Міхайлавіч Бычкоўскі, малады механізатар гаспадаркі, з пачатку ўборачнай кампаніі на “МАЗ-551605-275” перавёз 1032,3 тоны збожжа.
Героям жніва-2025 кіраўнік раёна Аляксандр Верамееў уручыў кветкі, Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі.
Словы падзякі прагучалі і ад дырэктара гаспадаркі Алены Асадчай, якая “падмацавала” іх матэрыяльным дадаткам, які, дарэчы, у сельгаспрадпрыемстве неблагі і, па словах саміх механізатараў, з’яўляецца добрым стымулам у дасягненні высокіх паказчыкаў на жніве.
Каштоўныя падарункі па добрай традыцыі героям жніва ўручылі лідары раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” і райарганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.
Маладога вадзіцеля павіншавала старшыня РА ГА БРСМ Дар’я Туравец.
Жніво ідзе поўным ходам: камбайны ўбіраюць збожжа з самай раніцы да позняга вечара, хлебаробы стараюцца не ўпусціць ні хвілінкі добрага надвор’я. Дзякуючы намаганням кожнага звяна – ад экіпажаў “палявых караблёў” да працаўнікоў збожжатакоў – уборка на Петрыкаўшчыне ідзе добрым тэмпам. Не за гарамі новыя працоўныя перамогі!
Віншуем хлебаробаў гаспадаркі з чарговым “тысячным” вынікам і жадаем новых працоўных перамог.
Галіна КАЗАК.
Фота Марыі ТАМКО.
Оставить комментарий