Салодкі смак жыцця

0
59

Бываюць сустрэчы, якія пакідаюць пасля сябе яркія ўражанні, даюць усведамленне таго, што выпадак звёў цябе з людзьмі ўнікальнымі. У зносінах з такімі цяжка ўлажыцца ў запланаваны для рэпартажу час. Да гэтага ты і не імкнешся – атрымліваеш асалоду ад зносін з землякамі, паўсядзённае жыццё якіх напоўнена глыбокім сэнсам.

З Галінай Туравец мне даводзілася сустракацца і раней па родзе сваёй дзейнасці. За выніковасць у прафесійнай дзейнасці яе імя вядома ў маштабах краіны. Акрамя таго на Петрыкаўшчыне жанчыну ведаюць як чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Як аказалася, муж Галіны Уладзіміраўны – не менш цікавая асоба. Івана Сцяпанавіча, акрамя як майстра лесу Петрыкаўскага лясгасу, многія ведаюць як паляўнічага, рыбалова і майстра на ўсе рукі. Але ёсць адно захапленне, якое доўгія гады звязвае мужа і жонку, зрабіла іх жыццё больш насычаным, дадало новыя фарбы і ўражанні. І гэта – пчалярства.

– Ініцыятарам такога захаплення была мая другая палоўка. Раней мы сябравалі з адной сям’ёй з Брынёва, у якой быў свой пчальнік, а на стале ў любую пару года стаяў слоічак з такім каштоўным прадуктам, як мёд. Жонка пры зручным выпадку прагаворвала, што і нам трэба асвоіць такое рамяство. Прыклад знаёмых і зацятасць жонкі зрабілі сваю справу. У 1999 мы перабраліся ва ўласны дом з наяўнасцю зямельнага ўчастка, а праз два гады з’явіліся першыя вуллі, – дзеліцца Іван Туравец.

– Пагаджуся з мужам, што асабісты пчальнік – мая ініцыятыва, але асноўная праца, звязаная з пчалярствам легла на плечы мужа. Але гэта не значыць, што я засталася ў баку ад справы. Сакрэты рамяства мы пачыналі вывучаць разам і робім гэта па сённяші дзень. Гэта цэлая навука, цікавая і захапляльная. І вядома – цяжкая праца, якая патрабуе здароўя, увагі і ўседлівасці, якая не трывае прамаруджвання і абыякавасці, – уступае ў гутарку гаспадыня.
Першыя вуллі на пчальніку Тураўцоў з’явіліся дваццаць пяць гадоў таму. Іх было тры – сямейная пара самастойна “перасадзіла” пчаліныя сем’і з лесу ў свой сад. Суразмоўцы прызнаюцца: падказкі, як паводзіць сябе з казуркамі знаходзілі ў набытай літаратуры, пазней – у інтэрнэт прасторы, слухалі парады пчаляроў, вучыліся на сваіх памылках. Ім спатрэбілася шмат часу і вопыту, каб прыйсці да сённяшняга выніку – 12 вулляў.

– Пчальнік патрабуе нямала працы: каб падтрымліваць жыццё ў вуллях і не даць іх жыхарам паляцець, неабходна стварыць лепшыя ўмовы, чым пчолы змогуць знайсці ў дзікай прыродзе. Такое жыццё ім трэба забяспечваць круглы год. Таму кожная пара года для нас – гэта праца, – дзеліцца гаспадар.
Усю гэтую працу: абараняць пчаліныя вуллі ў розных умовах надвор’я, сачыць ці хапае казуркам ежы, праводзіць прафілактыку хвароб, вызначаць стан пчоласем’яў, адкачваць мёд, выводзіць маткі, паляпшаць папуляцыю пчол – Іван Сцяпанавіч асвоіў самастойна, як і выраб рознага роду рэчаў для справы: рамкі, флягі, рашоткі. У “тэме” заўсёды была і застаецца Галіна Уладзіміраўна. Неаднойчы гаспадыні дома даводзілася здымаць з дрэва рой, які вылецеў з вулля. Жанчына годна спраўлялася з сітуацыяй!
Муж з жонкай пра сваіх кусачых сяброў могуць расказваць гадзінамі, бо ведаюць пра іх столькі ўсяго цікавага! Падзяляе іх цікавасць і з’яўляецца памочнікам у справе сын, які пры першай магчымасці прыязджае са сталіцы да бацькоў. У яго, у адрозненне ад бацькоў, любоў да пчол з дзяцінства. Іван Сцяпанавіч ўспамінае, як маленькага сына пакусалі пчолы – хлопчык дапамагаў дарослым каля вулляў. Жэня перанёс гэта годна і цікавасць да захаплення не знікла. Дзве дачкі і нявестка з павагай ставяцца да захаплення родных. Юля, Ганна і Кацярына лічаць іх працу годнай пахвал і ў рознай ступені дапамагаюць у працэсе.
Давялося і мне дакрануцца да нябачнага, на першы погляд, жыцця на пчальніку, дзе вуллі цягнуцца строгім шэрагам, кожны акуратна пафарбаваны і пранумараваны. У нейкі момант у руках Івана Сцяпанавіч апынулася рамка з пчоламі. Шэры клубок казурак варушыўся, ціхенька гуў і імкнуўся спаўзці да краю, уніз. Відовішча зачароўвала. Але гаспадар не турбаваўся, што пчолы паляцяць. Ён ведае іх звычкі.

– З кепскім настроем да іх лепш не падыходзіць. Да пчол трэба ставіцца з павагай і спакойна – яны вельмі тонка адчуваюць твой стан, – адзначае суразмоўца. – У пчол шмат чаму можна павучыцца: арганізацыі працы, парадку, укладу жыцця. У кожнай з іх – свая функцыя. Кожная гатова памерці за свой вулей. У іх ва ўсім пануе парадак і гармонія.

– Філасофія нашага пчальніка вельмі простая: мы робім мёд перш за ўсё для сябе, а потым для іншых мэт, – дзеліцца Галіна Уладзіміраўна. – За ўсе гады занятку пчалярствам мы не змяняем правілу: мёд – гэта ў першую чаргу прадукт, які прыносіць здароўе і павінен быць якасным і карысным.
Яшчэ адна ідэя, звязаная з пчальніком, ёсць у гаспадыні – адпачынак на вуллях. Рой усярэдзіне вулля ўвесь час у руху, і мікравібрацыя разам з гаючым паветрам стварае прафілактычны эфект ад шматлікіх хвароб. Сон у такім апідоміку станоўча ўплывае на чалавека. Ведаючы, што планы Галіны Уладзіміраўны ў большасці сваёй ўвасабляюцца ў жыццё, не выключаю, што ў будучыні мы яшчэ пачуем пра землякоў-пчалчроў.
Жыццё для Івана Сцяпанавіча і Галіны Уладзіміраўны – гэта пастаянны рух. Героі ўпэўнены: чалавеку заўсёды неабходна мець пэўны занятак, не трэба дазваляць душы ленавацца. Мае героі, нягледзячы ні на якія нягоды, цяжкасці ўмеюць радавацца кожнаму дню, вучаць жыць у гармоніі сваіх дзяцей. Не дзіўна, што іх уменне адчуваць прыгожае і тонкая сувязь з навакольным светам робяць іх унутрана багатымі і шчаслівымі людзьмі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара,
з сямейнага архіву.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о