Сёння адзначае выдатную дату – 70-годдзе, наш зямляк, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў спорту і фізічнай культуры, заўзяты спартсмен, чалавек, які натхніў не адно пакаленне маладых людзей да здаровага ладу жыцця Аляксей Міхайлавіч Каюкала.
“Той, хто аддае сябе любімай справе, становіцца не толькі майстрам, але і крыніцай натхнення для многіх”, – лічыць наш герой.
Пару гадзін зносін з Аляксеем Міхайлавічам (прызнаюся: стаўленне да яго як да заўзятага спартсмена настолькі “заразліва”, што нават у газетным артыкуле рука не ўзнімаецца напісаць звыклае для журналіста Аляксей Каюкала) – праляцелі як адна хвіліна. Немагчыма змясціць у адну публікацыю ўсе знакавыя падзеі, дасягненні, мудрыя рашэнні, якія наш герой прыняў за 50 гадоў працоўнай дзейнасці. Цэлая эпоха, насычаная перамогамі, трэнерскай працай і грамадскай дзейнасцю. Але для Аляксея Міхайлавіча ўзрост – не нагода спыняцца, а толькі новы этап у жыцці, дзе па-ранейшаму ёсць месца энергіі, барацьбе і веры ў сілу спорту.
– Нарадзіўся я ў Петрыкаве 30 сакавіка. У гэты дзень адзначаецца дзень цёплага Аляксея, – распавядае Аляксей Міхайлавіч. – Мы жылі побач са стадыёнам, і маё дзяцінства прайшло на ім у гульнях і занятках. Там праводзіліся мерапрыемствы не толькі раённага, але і вышэйшых узроўняў. Шкада, але не было ў той час трэнераў, добрага спартыўнага інвентару і ўвогуле умоў, якія ёсць сёння. Але мы самі стваралі сабе гэтыя ўмовы і арганізоўвалі турніры, матчы па камандных відах спорту.
Так я і палюбіў спорт, а ў хуткім часе ён стаў неадʼемнай часткай майго жыцця. Імкнуўся ўсюды прымаць удзел, быць лідарам, абавязкова перамагаць. Не любіў саступаць. Пасля заканчэння 7-га класа ўпершыню паехаў у піянерлагер – ляцеў самалётам АН-2 (тады ў Петрыкаве быў аэрадром) да Мазыра. У лагеры “Сідзельнікі” адбылася мая першая перамога ў бегу на 60 метраў. Перамог у фінале самаго кіраўніка фізвыхавання, студэнта Мазырскага педінстытута. Гэта грамата ў мяне захоўваецца і сёння. Яна адна з каштоўных.
Хочацца адзначыць, што ў Аляксея Міхайлавіча шмат узнагарод – медалёў, кубкаў, у гэтым я пераканалася асабіста. Без перабольшання, можна адкрываць уласны музейны пакой.
– Атрымаўшы такі эмацыянальны пад’ём, я адчуў і ўпэўненасць. Затым у Петрыкаве адкрылася спартыўная школа і я запісаўся ў секцыю футбола, – працягвае юбіляр. – Набытыя навыкі ў дзяцінстве мне вельмі дапамаглі. Гэта заўважыў трэнер, і пачаў давяраць мне адказныя рубяжы ў гульнях. Шмат ездзілі на турніры і першынствы, дасягалі перамог, былі і паражэнні. Памятаю, як выдалі нам першую футбольную форму, і як мы радаваліся гэтаму.
Узгадвае Аляксей Каюкала першых настаўнікаў фізкультуры Мікалая Лявонцьевіча Ганчара і Анатоля Сцяпанавіча Падзілу, якія адыгралі вялікую ролю ў яго станаўленні. Пасля дзесяці класаў герой вырашыў паступаць у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Здаў паспяхова ўсе залікі, а вечарам на трэніроўцы атрымаў цяжкую траўму. Давялося забыць пра вучобу. Пасля трохмесячнай рэабілітацыі ўладкаваўся на працу, а вясной быў прызваны ў войска. Гэта быў май 1973 года. У арміі таксама знайшлося месца спорту – гуляў у камандзе свайго зенітна-ракетнага дывізіёну. Пасля “вучэбкі” ў “Печах” працягнуў службу ў Германіі, дзе таксама не развітваўся з футболам. Пазней зямляк скончыў інстытут імя Ф. Скарыны, факультэт фізічнага выхавання.
2025 год для майго героя багаты на юбілейныя даты: сёлета 50 гадоў, як Аляксей Міхайлавіч звольніўся ў запас з Савецкай Арміі.
Пасля службы, у чэрвені 1975 года, уладкаваўся на працу ў раённы савет ДССТ “Ураджай” інструктарам. У верасні ажаніўся.
– Мая Людміла Віктараўна верна чакала мяне з арміі. У верасні споўніцца 50 гадоў нашага сумеснага жыцця. Згадзіцеся, гэта вялікае шчасце і велізарная праца, – адзначае мужчына.
У 1987 годзе Аляксею Міхайлавічу паступіла прапанова ўзначаліць спорткамітэт. Годам пазней пачалася рэканструкцыя стадыёна, а ў 1989 годзе было станоўча вырашана пытанне па адкрыцці фізкультурна-аздараўленчай залы. Гэтыя спартыўныя абʼекты былі ўведзены ў эксплуатацыю ў 1990 годзе. На іх базе ў 1994 годзе адкрылася ДЮСШ. Сёння спартыўная зала служыць верай і праўдай раёну ўжо 35 гадоў.
– Дзякуючы стадыёну ў той час пачалося новае спартыўнае жыццё. Патэнцыял у нас заусёды быў і ёсць. Цяпер праводзяцца чатыры спартакіяды сярод насельніцтва, дзе добрыя вынікі заўсёды заўважаны і заахвочваюцца, – дзеліцца спартсмен.
Лічу, што ў нашым раёне створаны добрыя ўмовы для ўсіх форм турыстычнай галіны. Прырода сама нам гэта падарыла – наша прыгажуня Прыпяць, азёры, лясы… Без гэтага я не ўяўляю свайго жыцця.
Ёсць у майго героя яшчэ адно захапленне: любоў да рыбалкі і збору грыбоў. Рака, лес, шум вады і спевы птушак – гэта тое, што напаўняе яго энергіяй і натхненнем. Рыбалка для яго – не проста хобі, а магчымасць паразважаць, расслабіцца і атрымаць асалоду ад цішыні прыроды. Ён заўсёды гатовы падзяліцца гісторыямі аб сваіх удалых уловах, смяецца, успамінаючы свае “правалы”. Тут нашы захапленні сышліся, герой майго аповеду ведае добрыя месцы для рыбалкі і збору грыбоў, бо яго карані ідуць з вёскі Макарычы, і мне гэтыя мясціны добра знаёмыя.
– Нават не верыцца, што мне ужо 70 гадоў! Зразумела, хацелася зрабіць больш для людзей. Я жыву, дыхаю спортам і хачу, каб усё працягвалася з больш якаснымі адносінамі да справы маімі пераемнікамі. Падзялюся, што аформіў і перадаў у музейны пакой альбом “Гісторыя спартыўнай справы Петрыкаўскага раёна”, а яшчэ ў думках напісаць кнігу, – працягвае суразмоўца.
Я ганаруся сваімі дочкамі і чатырма ўнукамі. Хочацца сказаць і пра сваіх вучняў. Гэта Віталь Шаўчэнка, які цяпер працуе намеснікам начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама. Эдуард Амяльчук – загадчык спартыўным сектарам Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта. З імі мне даводзілася працаваць. А ўвогуле шмат людзей, кім я ганаруся!
Арганізатарскія здольнасці Аляксея Міхайлавіча, уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі і стратэгічнае мысленне зрабілі яго сапраўдным лідарам сярод ветэранаў спорту. Дзякуючы Аляксею Міхайлавічу ў нашым раёне рэгулярна праводзяцца спартыўныя святы, турніры, якія прыцягваюць увагу не толькі мясцовых жыхароў, але і спартсменаў з суседніх раёнаў. Пад яго чулым кіраўніцтвам ветэраны не толькі падтрымліваюць актыўны лад жыцця, яны радуюць нас сваім пазітыўным настроем і духам спаборніцтва, паказваючы прыклад таго, як важна клапаціцца пра сваё здароўе ў любым узросце.
– Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Калектыў рэдакцыі выказвае Вам нашу шчырую ўдзячнасць за вашу мэтанакіраванасць, натх-ненне і нястомныя намаганні, накіраваныя на развіццё спорту ў нашым раёне. Вы служыце прыкладам сапраўднага спартсмена і патрыёта сваёй краіны. Мы жадаем вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і новых дасягненняў на спартыўнай ніве!
Марыя Тамко,
фота аўтара, з сямейнага архіву.
Оставить комментарий