Працуем разам дзеля агульнага дабрабыту

0
500

Зусім хутка 2023 год стане гісторыяй. На працягу года мы працавалі, стваралі, удасканальвалі. Якія напрамкі былі больш паспяховымі, а на якія варта звярнуць самую пільную ўвагу, што нас чакае ў надыходзячым годзе і якімі традыцыямі напоўнены пераднавагоднія клопаты ў сям’і кіраўніка раёна – пра гэта наша інтэрв’ю са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Коханам.

Працуем разам дзеля агульнага дабрабыту– Аляксандр Васільевіч, якія галоўныя падзеі ў жыцці раёна ў гэтым годзе вы маглі б адзначыць? Ці ўсё задуманае ўдалося ўвасобіць?

– Падзей было даволі шмат, і вылучыць нешта як галоўнае, а іншае пакінуць без увагі, было б не зусім справядліва і правільна.

Шчыра кажучы, усё, што плануецца і робіцца ў раёне, я разглядаю як комплекс задач, рашэнне якіх служыць галоўнай мэце – зрабіць жыццё нашых людзей больш камфортным і зручным. Гэта не толькі сацыяльныя аб’екты, якія мы будуем, мадэрнізіруем і рамантуем, гандлёвая сетка, жыллё, але і эканоміка раёна, якая павінна максімальна забяспечваць годны ўзровень жыцця петрыкаўчан.

Калі ўсё ж згадваць самыя важныя падзеі, то гэта, безумоўна, 500-годдзе райцэнтра, да якога мы сур’ёзна рыхтаваліся і годна адзначылі. На базе нацыянальнага парку “Прыпяцкі” быў рэалізаваны інвестыцыйны праект па будаўніцтве цэха пелетнай вытворчасці магутнасцю 20 тысяч тон, дзякуючы якому ў аграгарадку Ляскавічы было створана 15 працоўных месцаў.

Днямі адкрыты магазін у мікрараёне “Паўночны”, які прызваны ў крокавай дасягальнасці забяспечыць гастранамічныя патрэбы амаль тысячы пражываючых у ім землякоў. Менавіта дзякуючы сумесным намаганням, нам удалося добраўпарадкаваць гарадскі пляж № 1. Прыемна, што ўжо сёлета ён стаў месцам правядзення першага ў гісторыі горада раённага турніру па пляжным валейболе.

Мы актыўна рамантавалі дарогі, як у райцэнтры, так і ў сельскіх населеных пунктах, па гэтым накірунку праца абавязкова будзе працягнута ў наступным годзе. У рамках дзяржпраграмы “Чыстая вада” ўводзілі станцыі абезжалезвання. І гэта, як вы разумееце, толькі кароткі пералік зробленага.

Адным словам, усё, што планавалі і на што былі закладзены сродкі, мы выканалі.  Але гэта не нагода для самазаспакаення. Мне, як кіраўніку раёна, хочацца ўвесь час узнімаць планку, бо бачыцца значна больш – гэта дае падставы будаваць планы і ставіць новыя задачы.

– Як склаўся 2023-ы год для сельскагаспадарчай галіны раёна? Чым можам ганарыцца і над чым давядзецца сур’ёзна працаваць у 2024?

– На жаль, не ўсіх пастаўленых мэтаў мы дасягнулі. Сёння можна спрабаваць многае спісаць на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, але ў першую чаргу я лічу неабходным забяспечыць якасную арганізацыю вытворчага працэсу, захаванне тэхналогій, павышэнне персанальнай адказнасці кожнага працаўніка галіны за вынікі сваёй працы.

У бягучым годзе закладзена неабходная кармавая ба-за, якая дасць магчымасць атрымліваць годныя прывагі і надоі. Хачу адзначыць, што ў раёне корманарыхтоўцы надаецца вялікая ўвага, бо асноўныя грошы нашых аграрыяў – гэта сродкі, атрыманыя ад жывёлагадоўлі.

У той жа час патрабуе ўдасканалення работа па ўзнаўленні статка. Яшчэ адна задача – павялічваць вытворчасць малака гатункам “экстра”. Таксама нам неабходна сур’ёзна заняцца пытаннем паляпшэння сяўбазвароту. Папраўка на тое, што ўраджайнасць нашых земляў не такая добрая, як у іншых раёнах, не аргумент для канчатковага фінансавага выніку. Будзем разбірацца з дапамогай спецыялістаў, як лепш займацца раслінаводствам у нашым раёне, каб ураджайнасць была больш высокай, а агульны бохан больш важкім.

– Якую ролю адыгрывае сёння малы і сярэдні бізнес у эканоміцы раёна? Якія бачыце перспектывы?

– Лічу, што прадпрыемствы  прыватнай формы ўласнасці павінны больш актыўна ўключацца ў эканоміку раёна. У раёне ёсць памяшканні, будынкі, у якіх раней размяшчаліся заводы, а зараз яны не выкарыстоўваюцца. Гэтыя пустыя плошчы і нерухомасць можна набыць на выгадных умовах і выкарыстоўваць для арганізацыі сваёй справы. Мы чакаем патэнцыйных інвестараў з прапановамі.

– Аляксандр Васільевіч, на мінулым тыдні, сустракаючыся з маладымі спецыялістамі, вы пазначылі асабістую зацікаўленасць у кожным з іх, таленавітым, амбіцыйным і старанным. Па вашым меркаванні, якія дадатковыя намаганні варта прыкласці кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, каб моладзь замацоўвалася ў такім перспектыўным раёне, як нашы?

– Па-першае, па-бацькоўску чула і ўважліва ставіцца да іх прапаноў, праблем, пытанняў. Так, яны спецыялісты, але маладыя, і часам добрыя тэарэтычныя веды, з якімі яны прыйшлі, патрабуюць грунтоўнага практычнага замацавання. Таму, і гэта ўжо другая ўмова, важна замацаваць за маладым спецыялістам вопытнага настаўніка, які цярпліва і тактоўна падкажа, дапаможа ва ўсім разабрацца, дазволіць маладому чалавеку адчуць і першы прафесійны поспех, і сваю значнасць. І трэцяе – стварыць належныя ўмовы пражывання, працы і актыўнага адпачынку, у раёне, між іншым, ёсць для гэтага ўсе ўмовы.Акрэсліць перспектывы кар’ернага росту – гэта важна для сучаснай моладзі, пазначыць уласную зацікаўленасць у замацаванні добрага спецыяліста.

– У інтэрв’ю “Праўда радыё” вы з цеплынёй і веданнем справы прэзентавалі турыстычны патэнцыял раёна. Скажыце, а з якіх аб’ектаў складаецца ваш уласны топ-3 месцаў для адпачынку на Петрыкаўшчыне?

– Не буду арыгінальным, калі скажу, што ўзначальвае мой рэйтынг нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Гэта, сапраўды, унікальнае месца, якое здольна задаволіць запыты любой узроставай і сацыяльнай катэгорыі турыстаў. Тут утульна ў любы час году з сям’ёй, з сябрамі, калегамі.

Наступнай у рэйтынгу будзе рака Прыпяць. З дзяцінства люблю бавіць вольны час на рацэ. Радуюся, калі выпадае парыбаліць. І канешне ж петрыкаўскія лясы, шчодрыя на дары прыроды. Нішто так не супакойвае, як ціхае паляванне туманным восеньскім ранкам.

– Нават скептык не можа не адзначыць, наколькі за апошнія гады змяніўся Петрыкаў і раён у цэлым. На ваш погляд, чаго нам яшчэ не хапае для поўнага шчасця?

– Гэтае пытанне правільна бу-дзе  пераадрасаваць гараджанам і жыхарам раёна. Я зацікаўлены ў зваротнай сувязі з насельніцтвам. Карысна ведаць меркаванне людзей па пытаннях арганізацыі жыццядзейнасці. Так і тут, хацелася б даведацца, чаго людзям не хапае для камфортнага і паўнавартаснага жыцця. Затым, разгледзеўшы запыты землякоў, мы выявім рацыянальныя прапановы і пастараемся разам увасобіць іх у жыццё. Што датычыцца тамографа і басейна, –  усміхаецца (заўвага аўтара) – будуць!  Тамограф усталюем і пачнем будаваць спартыўны комплекс!

– Завяршаючы Год міру і стварэння, мы ўваходзім у Год якасці. Які сэнс асабіста вы ўкладваеце ў паняцці мір, стварэнне, якасць?

– Не ведаю, як вы, а я апошнім часам даволі часта лаўлю сябе на думцы, што раней, віншуючы адзін аднаго са святамі, мы жадалі, перш за ўсё, здароўя. Цяпер на першае месца выйшла пажаданне міру і мірнага неба над галавой. Мы па-іншаму сталі расстаўляць прыярытэты, зразумелі, якая каштоўнасць – мір. Для мяне асабіста мір – гэта магчымасць жыць без страху за сваю сям’ю і сваіх родных і блізкіх. А стварэнне – гэта тое, што напаўняе наша жыццё сэнсам. А калі ствараць і  будаваць, вучыць і лячыць, тварыць і ўвасабляць усё гэта якасна,  то шлях да поспеху дзеля развіцця і ўмацавання незалежнай Беларусі – стане гарантам нашай далейшай мірнай і шчаслівай будучыні.

– Аляксандр Васільевіч, зусім коратка: якія планы на 2024 год?

– У будучыню заўсёды зазіраю асцярожна: ёсць планы, мары, жаданні, а ёсць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны, якія, часам, замінаюць іх здзяйсненню. Але калі коратка, то бу-дзем добраўпарадкоўваць горад, рамантаваць і ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў аховы здароўя і адукацыі, займацца рэканструкцыяй жылых дамоў, асфальтаваннем дарог. Разам будзем прыводзіць у парадак сельскія населеныя пункты, дваровыя тэрыторыі, будаваць і рэканструяваць мехдвары і малочна-таварныя фермы. Дарэчы, на наступны год запланаваны капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі шэрагу аб’ектаў гарадскога пасёлка Капаткевічы.

А яшчэ гэта год выбараў, упершыню ў краіне пройдзе Адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, 80-годдзя вызвалення раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзя ўтварэння Петрыкаўскага раёна, чарговага фестывалю “Кліч Палесся” і шэрагу іншых адказных, карысных і цікавых мерапрыемстваў.

– Новы год заўсёды звязаны са спадзяваннямі на лепшае, чаканнем чагосьці новага, светлага, радаснага. Скажыце, Аляксандр Васільевіч, а чаго вы чакаеце ад 2024?

– Як кіраўнік раёна, перш за ўсё хачу, каб надыходзячы год быў эканамічна стабільным і ўраджайным . Як галаве сямейства, мне хочацца, каб ён быў шчаслівым для дзяцей, родных і блізкіх. Як самы звычайны чалавек, я хачу, каб год быў паспяховы і выніковы ва ўсіх сэнсах, спакойны і мірны. Каб не толькі ў гэтыя пераднавагоднія дні, але і на працягу ўсяго наступнага года нашымі спадарожнікамі былі шчасце, каханне і дабрабыт.

– Ведаю, што вы ўважліва сочыце за работай нашага выдання. Дзякуй за інтарэс і падтрымку. Што вам больш запомнілася і спадабалася з таго, што мы публікавалі на старонках “ПН” у гэтым годзе?

– З цікавасцю чытаю матэрыялы крытычнага зместу. Яны прымушаюць задумацца і зрабіць высновы не толькі тым, хто з адмоўнага боку патрапіў у поле зроку журналістаў, але і прадстаўнікам мясцовай вертыкалі ўлады. Люблю чытаць замалёўкі пра людзей, іх  дасягненні, захапленні, жыццёвы шлях. Прыемна ўсведамляць, што ў нас шмат таленавітых і працавітых землякоў, людзей, якія годна пражылі сваё жыццё, пераадолелі ўсе нягоды і выпрабаванні. З вялікай цікавасцю чытаю публікацыі аб рабоце сельгаспрадпрыемстваў, працаўніках і жыхарах вёскі. Спадабаўся цыкл матэрыялаў, прымеркаваных да юбілею горада.

– Калі дазволіце, бліц-апытанне ад калектыву “ПН”.Ці любіце вы навагоднія святы?

– Вельмі. Новы год – у ліку самых светлых, вясёлых і доўгачаканых свят. Падабаецца перыяд падрыхтоўкі да ўрачыстасці, навагодні дэкор, настрой лю-дзей. Мне нават здаецца, што напярэдадні Новага года людзі становяцца дабрэйшымі і больш усмешлівымі.

– Якую ёлку вы ставіце дома?

– Жывую. Усё ж пах лесу адразу стварае асаблівую атмасферу дзяцінства і чакання цудаў.

– Ці ёсць у вашай сям’і навагоднія традыцыі?

– Галоўная традыцыя – збірацца ў навагоднюю ноч разам.

– У навагоднія прыкметы, у загадванне і выкананне жаданняў пад бой курантаў верыце?

– Мабыць, не. Больш веру ў сябе, каманду і, як у казцы, што дабро перамагае зло.

– Ёсць навагоднія фільмы, якія ў вас у ліку любімых?

– “Іронія лёсу” і “Карнавальная ноч”. Геніяльныя карціны з лёгкім, бліскучым гумарам і цытатамі, што “пайшлі” ў народ, зорным складам акцёраў… Ад прагляду заўсёды выдатны, прыўзняты настрой.

– Напярэдадні свята дапамагаеце жонцы з пакупкамі да святочнага стала?

– У крамах бываю даволі рэдка, – смяецца (заўвага аўтара). – Большай часткай цікаўлюся якасцю абслугоўвання, спажывецкім попытам землякоў, асартыментам тавараў, і цэнамі на іх.

– Больш любіце падарункі дарыць ці атрымліваць?

– Адназначна, дарыць. Калі ты атрымліваеш падарунак – гэта вельмі прыемна, а калі дорыш – бачыш, як радуецца чалавек, асабліва дзіця, і гэтыя эмоцыі нібы падарунак для цябе самога.

– Дзякуй за шчырыя адказы, а завяршыць размову прапаную традыцыйнымі навагоднімі пажаданнямі землякам.

– Так, але пачаць хачу са слоў падзякі ўсім і кожнаму за адданасць Петрыкаўскай зямлі, за тыя добрыя і сумленныя справы, якія сёлета, як і штогод,  здзейснілі на яе карысць. Год быў вельмі насычаным. Многае ў нас атрымалася толькі таму, што за справу мы браліся разам.

Што ж тычыцца пажаданняў, то традыцыйна хочацца пажадаць мірнага неба над нашай роднай Беларуссю, здароўя і кахання, дабрабыту і ўзаемапаразумення, згоды і адзінства, бо разам, як вядома, можна здзейсніць многае.

Галіна КАЗАК,

фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о