Дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай вытворчасці – жыццёва важная задача для развіцця і дабрабыту краіны.
У вырашэнні дадзеных задач важная роля надаецца прафсаюзным арганізацыям АПК. Менавіта яны выступаюць адным з фактараў, што стымулююць працоўны энтузіязм работнікаў галіны.
Па выніках бягучага года па лініі арганізацыі, былі адзначаны работнікі, чыя праца заслугоўвае асаблівай увагі. Сярод іх – трактарыст-машыніст БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” Уладзімір Ракіцін.
Размова з Уладзімірам Уладзіміравічам на палетках сельгаспрадпрыемства адразу пачалася пра працу на зямлі:
– Зямля патрабуе ўвагі і клопату Падняцце зябі – гэта адзін з найважнейшых этапаў падрыхтоўкі да новага пасяўнога сезону. Гэта, як закласці падмурак для будучага дома. Калі зяб добра ўзарана, глеба насычаецца паветрам, назапашвае вільгаць, а пустазелле і шкоднікі, якія засталіся на паверхні, гінуць пад пластом зямлі. Гэта дае магчымасць атрымаць добры ўраджай у наступным годзе.
Для вясенне-палявых работ 2026 года ў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” плануецца падняцце зябі на 3-ох тысячах гектарах плошчы.
Узарата – 1545 гектараў плошчы.
Уладзімір Уладзіміравіч родам з Сярэдняй Рудні. Пасля заканчэння Слабадской базавай школы атрымаў правы трактарыста і адразу ж пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку. Гэта быў 1992 год, і з таго часу яго працоўны шлях неразрыўна звязаны з працай на зямлі.
Наш герой ведае сваю справу да дробязяў, бо працуе з тэхнікай не адзін год. У яго вопыце асноўныя сельскагаспадарчыя працэсы: ад падрыхтоўкі глебы да нарыхтоўкі кармоў.
“Узворванне, падрыхтоўка да пасяўных, нарыхтоўка сянажных ям – усё гэта частка аднаго вялікага працэсу. Кожны этап важны па-свойму адказны. Гэта ўсё – адзін ланцужок, дзе кожнае звяно важнае для агульнага выніку”.
Герой прызнаецца, што для яго важна не проста выконваць свае абавязкі, а рабіць гэта як мага лепш. Са слоў мужчыны: у ААТ “Чалюшчавічы” створаны ўсе неабходныя ўмовы для плённай працы: арганізаваны падвоз, абеды падвозяць прама на поле, у час дастаўляюцца запчасткі да тэхнікі.
Такі падыход стварае атмасферу ўзаемнай павагі і даверу. Мужчына адчувае, што яго намаганні цэняцца. А гэта – галоўнае для чалавека.
Праца трактарыста патрабуе вялікай адказнасці, вытрымкі і любові да зямлі. Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто звязаў жыццё з гэтай прафесіяй, за іх нястомную працу. Дзякуй вам за тое, што робіце нашу Петрыкаўшчыну квітнеючай!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий