Падлеткі з сельскагаспадарчага студатрада “За ўраджай” імя Героя Савецкага Саюза Сямёна Сцяпука з 7 жніўня пачалі працу на зернесушыльным комплексе КСУП “Чалюшчавічы”. Узброіўшыся рыдлёўкамі і венікамі, яны наводзілі парадак на тэрыторыі збожжатака, дапамагаючы захаваць кожнае зярнятка.

Як расказала першы сакратар Петрыкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Дар’я Туравец, сярод моладзі дастаткова жадаючых папрацаваць летам. Пагадзіцеся, вучням знайсці падпрацоўку ў сезон не так і лёгка, а капейка летам на дапамогу бацькам або ў падрыхтоўцы да навучальнага года лішняй не будзе.

“Уборачная традыцыйна лічыцца часам, калі можна нядрэнна падзарабіць. У тым ліку і людзям, зусім далёкім ад сельскай гаспадаркі. Зараз у нас працуюць два маладзёжныя атрады: адзін у Капаткевічах, другі ў Курыцічах”, – удакладніла Дар’я Сяргееўна.
16 вучняў Капаткевіцкай сярэдняй школы на чале са студэнтам камандзірам атрада “За ўраджай” Максімам Дземідаўцом, працуюць згодна з распарадкам: з 8 да 12 гадзін раніцы.

Максім таксама выпускнік гэтай школы, зараз вучыцца ў БДТУ імя Паўлава на спецыяльнасці “Робататэхніка”. Па словах маладога камандзіра атрада, з рабятамі пасябравалі хутка, праца не з цяжкіх, але і марна праводзіць час нельга. У краіне ідзе ўборачная кампанія, ад якой залежыць эканамічная бяспека. Малады хлопец марыць зарабіць грошай і ў будучым будаваць робатаў. Магчыма, у хуткім часе Максім прапануе сельскай гаспадарцы нешта прынцыпова новае.

А вось усмешлівы хлопец Арцём Харытонаў, вучань 9 класа, марыць паступіць на ветэрынара. Разглядае такую навучальную ўстанову як Рэчыцкі аграрны каледж. Гаворыць, любіць жывёл. А ў сельскую гаспадарку прыйшоў, каб былі фінансавыя сродкі на паступленне.

Да размовы далучыўся дырэктар КСУП “Чалюшчавічы” Сяргей Ракіцкі.
“Падлеткі заробяць каля 100 беларускіх рублёў за работу на зернесушыльным комплексе. Кожны прайшоў інструктаж па тэхніцы бяспекі. Праца тут на першы погляд нескладаная, але сіл адымае нямала, бо трэба глядзець, каб розныя гатункі не змешваліся, каб збожжа ляжала кампактнымі кучамі і ў выпадку неабходнасці падграбаць яго рыдлёўкамі. Ну і, вядома, сачыць за чысцінёй, падмятаць і выносіць смецце”, – распавёў Сяргей Мікалаевіч.

На збожжатоку ручной працай заняты 17 чалавек, прычым дзяўчат сярод усяго калектыву толькі шэсць. Хлопцам даводзіцца на сябе браць цяжэйшы фронт работы, пры неабходнасці яны імкнуцца даваць перадышку дзяўчынкам.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о