Сёння сваё прафесійнага свята адзначаюць работнікі галіны прамысловасці, якая хоць і называецца лёгкай, аднак такою зусім не з’яўляецца.
Днямі мы завіталі ў Петрыкаўскае СПТВ закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці, каб даведацца пра тонкасці спасціжэння навучэнцамі прафесіі швяі.
– У дзяўчат, якія трапілі да нас у сілу розных жыццёвых абставін, ёсць унікальная магчымасць за час знаходжання ва ўстанове не толькі пераасэнсаваць сваё жыццё, аднак і пачаць новае, маючы, што называецца, у руках прафесію. Большасць з нашых выхаванак разумее, што разам з прафесіяй яны набываюць самастойнасць і незалежнасць, магчымасць працаўладкавацца і зарабляць грошы, таму да вучэбных заняткаў ставяцца адказна, стараюцца пераняць увесь вопыт і майстэрства сваіх выкладчыкаў, – распавяла ў час размовы дырэктар установы Таццяна Білас.
Сваімі ведамі з падапечнымі дзеляцца тры майстры вытворчага навучання, якія адказваюць за практычны бок прафесіі, і выкладчык, які нясе тэарэтычныя веды. Усяго ва ўстанове 28 дзяўчат, сярод іх 9, якія непасрэдна займаюцца па курсу прафесійнай падрыхтоўкі.
– Матэрыяльна-тэхнічная база нашага вучылішча даволі моцная. Па словах калег, якія наведваюць установу, не кожны профільны каледж мае такія абсталяваныя і ўкамплектаваныя кабінеты. Цяпер у нас задзейнічаны тры кабінеты-майстэрні, дзе вучаніцы праходзяць практыку. Між іншым, дзяўчыты з майстрамі-выкладчыкамі цалкам самастойна абшываюць сябе. Шыюць яны як працоўную форму, так і парадна-выхадную вопратку, а таксама піжамы, халаты, летнія касцюмы, – працягнула дырэктар. – На гэтым разнастайным асартыменце дзяўчаты і замацоўваць свае тэарэтычныя веды на практыцы, набываюць вопыт. Шчыра кажучы, я лічу прафесію швяі – цудоўным набыткам, справай для душы і жыцця.
Абсталяванне ва ўстанове самае сучаснае, таму працаваць на ім бяспечна і камфортна.
Нашы выпускніцы па завяршэнні навучання атрымліваюць у дадатак да атэстата аб сярэдняй адукацыі дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі – і гэта вялікі бонус у іх самастойным жыцці.
Мы востра адчуваем падтрымку дзяржавы па ўсіх накірунках дзейнасці ўстановы: у нас створаны годныя ўмовы для навучання, камфортнага пражывання і ўсебаковага развіцця дзяўчат.
Па словах дырэктара, акрамя навучання прафесіі, з выхаванцамі калектыў установы праводзіць вялікую выхаваўчую работу. Галоўны акцэнт робіцца на здаровым ладзе жыцця і патрыятычным выхаванні.
– Нашы дзяўчаты з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у творчай самадзейнасці: спяваюць песні, чытаюць вершы, танчаць. Вельмі падабаецца ім выступаць у ролі мадэляў і дэфіліраваць у адзенні з уласнай калекцыі. Без перабольшання, часам у нас ладзяцца сапраўдныя модныя паказы, – распавяла ў час размовы Таццяна Уладзіміраўна.
Напярэдадні прафесійнага свята, хачу падзякаваць калектыву за самаадданую працу на карысць будучага краіны, за іх прафесіяналізм у справе навучання і выхавання моладзі. Хочацца верыць, што набытыя ў нашай установе навыкі, веды, чалавечыя якасці і каштоўнасці будуць надзейнай апорай і падтрымкай нашым выпускніцам у іх самастойным дарослым жыцці.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий