Святочная праграма мера-прыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі, працягнулася спаборніцтвамі на гарадскім стадыёне “Прыпяць”, дзе праходзіў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч”, на прызы прэзідэнцкага клуба.

У час урачыстага адкрыцця турніру маленькіх і юных футбалістаў павіншавала са святам начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Жукавец: “Дарагія рабяты, сёння – свята Перамогі, цудоўны сонечны дзень і наш свяшчэнны абавязак памятаць подзвіг нашых продкаў, якія, часам коштам уласнага жыцця заваявалі мір, каб мы з вамі жылі спакойна і шчасліва.
Сёння на стадыёне сабраліся самыя актыўныя і спартыўныя, таму жадаю кожнаму поспехаў і хай кожная ваша мара здзейсніцца!”.
Да віншаванняў далучылася дырэктар Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Петрыкаўскага раёна Валянціна Урбанчык: “Сёння, у Дзень Перамогі, жадаю вам моцнасці духа, міру і дабра. Няхай на футбольнай пляцоўцы пануе сёння сяброўства і ўзаемаразуменне”.
Пасля прагучаў гімн і распачалася актыўная частка турніру. Увогуле, у той дзень на пляцоўку выйшлі каманды гімназіі, першай і другой гарадскіх школ і зборнай раёна, якую прадстаўлялі футбалісты Галубіцкай, Ляскавіцкай, Макарыцкай і Пціцкай устаноў адукацыі.

Раённы этап “Скуранога мяча” праводзіўся ў трох узроставых групах. Але каманду з ігракоў малодшай узроставай катэгорыі заявіла на спаборніцтвы толькі адна ўстанова адукацыі Петрыкаўшчыны – другая гарадская школа, футбалісты якой сталі пераможцамі аўтаматычна. Разам з тым, каб не губляць магчымасць атрымаць гульнявую практыку вучні падзяліліся паміж самой і правялі таварыскую сустрэчу. Без саперніц засталіся і дзяўчынкі з Макарыцкай базавай школы, што прадстаўлялі зборную раёна і святкавалі перамогу датэрмінова.

У сярэдняй узроставай групе сярод дзяцей 11-12 гадоў за перамогу змагаліся каманды гімназіі, другой гарадской школы і зборнай раёна. Тут не было роўных футбалістам з сярэдняй школы № 2, якія згулялі ўнічыю з гімназістамі (0:0) і мінімальна абыгралі сапернікаў са зборнай раёна (1:0), забяспечыўшы сабе чэмпіёнства. Барацьба за 2-е месца была адзначана нічыёй паміж вяскоўцамі і выхаванцамі гімназіі, таму па ачках віцачэмпіёнскі тытул дастаўся апошнім.

У старэйшай узроставай катэгорыі сярод падлеткаў 13-14 гадоў лепшую каманду вызначалі футбалісты першай і другой гарадскіх школ і зборнай раёна. Вясковыя хлопцы ішлі да перамогі ўпэўнена, спачатку пераможна завяршыўшы матч супраць вучняў сярэдняй школы № 1 з лікам 1:0, а потым літаральна “разабраўшы” апанентаў з другой гарадской школы – 5:0. Дэрбі паміж камандамі гарадскіх школ скончылася мінімальнай перавагай юных спартсменаў першай гарадской школы (1:0).

У фінальнай частцы мерапрыемства прадстаўнікі каманд атрымалі дыпломы. Лепшыя футбалісты ж будуць бараніць гонар Петрыкаўшчыны на рэгіянальным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о