Пераможных фінішаў табе, Ягор!

0
71

Суботнім вечарам, з нагоды дня моладзі і студэнцтва, Петрыкаўшчына ўшаноўвала самых мэтана-кіраваных, актыўных, энергічных маладых людзей, тых, хто сваёй вучэбнай і прафесійнай дзейнасцю праслаўляе і мацуе імідж роднага раёна. Сярод ганараваных – Ягор Жарабцоў.

Фармуліроўка, з якой Ягора запрашалі на сцэну, заінтрыгавала нашага карэспандэнта, таму пасля віншавання мы не прамінулі распытаць у таленавітага, падаючага надзеі спартсмена пра яго дасягненні.

Аднак, пра ўсё па парадку. Маладому чалавеку, упершыню ў гісторыі Петрыкаўшчыны, была прысуджана стыпендыя раённага выканаўчага камітэта за высокія спартыўныя дасягненні на афіцыйных спартыўных спаборніцтвах.

Як распавёў Ягор, па выніках Чэмпіянату Беларусі 2023 года па веславанні на байдарках і каноэ, ён, пятнаццацігадовы юнак, у байдарцы-адзіночцы быў лепшым на ўсіх дыстанцыях. Неаднаразова ў час размовы малады чалавек сціпла зазначаў, што не лічыць сябе таленавітым. Матываваным – так. Настойлівым – так. Працалюбівым зноў-такі, аднак не надзеленым нейкімі выключнымі здольнасцямі. Пра поспехі, што дэманструе, сказаў наступнае: “Вельмі люблю спорт. Дзякуючы бацькам, у маім жыцці ён быў з маленства”.

Як распавёў наш суразмоўца, пачыналася ўсё з секцыі тхэквандо. Вельмі ўдзячны Ягор Міхаілу Арсеньевічу Сыцьку за навуку, за ўрокі мужнасці і трываласці, за тое, што навучыў хлопца годна прымаць поспехі і паражэнні. Дайшоўшы да зялёнага пояса, па стане здароўя юнак вымушаны быў пакінуць секцыю. Аднак чымсьці яго займаць трэба было – і матуля прапанавала наведваць мастацкае аддзяленне пры школе мастацтваў.
Маляваць, як шчыра прызнаецца Ягор, яму падабалася: захаплялі прадметы, вобразы, пейзажы. Студыю хлопец закончыў і з удзячнасцю ўспамінае той час за магчымасць паспрабаваць сябе ў творчасці.

І вось нарэшце ў яго жыццё прыйшоў новы від спорту, а з ім – чалавек-легенда Мікалай Анатольевіч Бобрус, які не так даўно, на жаль, пайшоў з жыцця.
Вопытнейшы выкладчык і мудрэйшы чалавек, без перабольшвання, “запаліў” нашага героя.

– Нават пасля трэніроўкі на мяжы магчымасцей, ніколі не ўзнікала жаданне кінуць веславанне.
Так атрымалася, што разам са мной на секцыю прыйшло нямала моцных і вынослівых хлопцаў. Канкурэнцыя паміж намі была даволі высокая, аднак, дзякуючы педагагічнаму вопыту і мудрасці Мікалая Анатольевіча, – заўсёды здаровая.
Менавіта па рэкамендацыі трэнера я паступіў у Мазырскую спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ.

Там я трапіў да трэнера Алены Рыгораўны Садоўскай, жанчыны сур’ёзнай і настойлівай, якая і здолела вывесці мяне на ўзровень рэспублікі. Гэтым часам мы вядзем актыўную падрыхтоўку да рэспубліканскіх стартаў, зраблю ўсё магчымае, каб паказаць годны вынік і апраўдаць высокую ацэнку, якая сёння была дадзена кіраўніцтвам раёна маім спартыўным дасягненням, – пазначыў наш герой.
Са свайго боку дзякуем Ягору за змястоўную і шчырую гутарку і жадаем пераможных фінішаў.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о