Імя Людмілы Сілівонец, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Пціцкай сярэдняй школы, добра вядома сярод педагагічнай супольнасці Петрыкаўшчыны.
Педагог, з больш чым саракагадовым стажам, штогод дэманструе ў працы высокі прафесіяналізм. Удзел дзяцей пад яе кіраўніцтвам у розных відах вучэбнай дзейнасці прыносіць належны вынік. Гэтым летам на Петрыкаўшчыну прыйшла добрая навіна: вучаніца Пціцкай школы атрымала максімальную колькасць балаў на ЦТ па рускай мове. Людміла Сілівонец, якая падрыхтавала 100-бальніцу – гераіня нашага матэрыялу.
– У маёй практыцы падрыхтоўкі школьнікаў да ЦТ ужо быў вынік, які парадаваў: вучань атрымаў 94 балы па беларускай мове, – згадвае Людміла Андрэеўна. – Што тычыцца сёлетняга 100-бальнага выніку Насці Кудравец, то недзе, у глыбіні душы я верыла, што такое здарыцца, бо пачынаючы з 5 класа нашым тандэмам “настаўнік” – “вучань” праведзена вялікая праца. Пачыналі з сярэдняга звяна з удзелу ў алімпіядным руху па рускай мове і літаратуры, потым пайшлі конкурсы, даследчая дзейнасць. Як следства – у дзяўчыны з’явілася жаданне вывучаць рускую мову на павышаным узроўні. Адзінаццаты клас, гэта быў ужо год паўтарэння і замацавання набытых ведаў.
Людміла Андрэеўна патрабавальная да сябе і дзяцей у плане працы. Дзякуючы свайму ўменню натхняць, яна дапамагае кожнаму вучню раскрыць свае магчымасці і паверыць ва ўласныя сілы. Прызнаецца: выбудоўвае сістэму ўзаемадзеяння так, каб дзецям было ў зносінах з ёй камфортна. Ад такіх узаемаадносін залежыць многае.
– На маіх уроках дзеці не сядзяць без справы. Калі я даю заданне ў класе, вучань павінен выканаць яго. Правільна выбудаваць структуру ўрока для мяне – у прыярытэце. За 45 хвілін заняткаў неабходна ўсё паспець зрабіць. Мая задача – стварыць умовы, пры якіх кожны зможа праявіць сябе, – падкрэслівае педагог.
Кіраўніцтва школы, калегі гавораць пра Людмілу Андрэеўну як пра творчага педагога з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая працуе па сваім прызванні і адданая прафесіі. Дарэчы, сама гераіня ўпэўнена: у педагогіку ідуць тыя, хто натхнёны прыкладам сваіх настаўнікаў. У яе выпадку – гэта быў яе бацька, які ўсё прафесійнае жыццё аддаў выкладанню працоўнага навучання ў Пціцкай школе. Менавіта ён аказаў моцны ўплыў на яе выбар: з дзяцінства прыводзіў у школу, дома дзяліўся навінамі і планамі. Пасля заканчэння школы гераіня паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура”. Прызнаецца: нягледзячы на тое, што вырасла ў сельскай мясцовасці – руская мова прываблівала яе заўсёды.
Свой прадмет педагог лічыць адным з тых, які закладвае падмурак для дарослага жыцця дзіцяці. Кажа: якую б прафесію школьнікі не выбралі, але размаўляць правільна і прыгожа павінны ўсе.
– Калі азіраюся назад, разумею, што школа стала для мяне не проста месцам працы, а сапраўдным жыццёвым шляхам, – шчыра прызнаецца наша гераіня.
Гэтыя словы не гучаць як скарга ці шкадаванне. Наадварот, у іх адчуваецца гонар і задаволенасць ад зробленага. Бо праца настаўніка, гэта пастаяннае развіццё, пошук новых методык, імкненне зразумець кожнага вучня, дапамагчы яму раскрыць свой патэнцыял. Гэта адказнасць за будучыню,што робіць прафесію педагога сапраўды высакароднай.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий