Пажарная служба – справа для моцных

0
151

Для маладога спецыяліста, занятага ў любой сферы дзейнасці, вельмі важна атрымаць гарантаванае працаўладкаванне ў добрых умовах і з годнай аплатай працы. Менавіта такое першае працоўнае месца і атрымаў малады інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Петрыкаўскага РАНС – Антон Арцюх. У чым спецыфіка гэтай важнай прафесіі і ці складана сёння маладым пачынаць свой прафесійны шлях – пра гэта мы даведаліся ў маладога выратавальніка.

Нарадзіўся наш герой у горадзе Петрыкаве. Пачатковую школу скончыў у гарадской гімназіі, пасля перавёўся ў сярэднюю школу №2 горада Петрыкава.

– Я чалавек з чулым сэрцам, заўсёды марыў дапамагаць лю-дзям. Жыццё дало выдатны шанец ажыццявіць мару. У шостым класе да нас у школу з прафарыентацыйнай работай прыходзілі супрацоўнікі Петрыкаўскага РАНС і прапаноўвалі хлапчукам, паступіць у спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Распавялі пра ўмовы пражывання, вучобу, перспектывы далейшага навучання, пакінулі кантакты для сувязі, каб аказваць кансультацыі на ўсіх этапах паступлення. Пасля заканчэння шостага класа я паступіў у ліцэй, – успамінае суразмоўца. – Заканчваючы навучанне ў ліцэі, перада мной стаяў выбар набыцця адукацыі ў вышэйшых навучальных установах краіны. Мой выбар паў на далейшы працяг навучання ў сферы МНС, а менавіта на Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Прычын гэтаму некалькі.

Вучэбна-матэрыяльная база ўніверсітэта з’яўляецца адной з лепшых і перадавых у краіне і прадстаўлена рознымі відамі тэхнікі, пажарна-тэхнічнага абсталявання выратавальнікаў нашай краіны, сучаснымі відамі камп’ютарнага забеспячэння, літаратурай у галіне забеспячэння пажарнай бяспекі. Навучанне ва ўніверсітэце праходзіла на аснове поўнага дзяржаўнага забеспячэння (пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне), з абавязковым медыцынскім страхаваннем і абслугоўваннем, выплатай грашовага забеспячэння.

Антон Валер’евіч пазначыў, што універсітэт дае магчымасць бяс-платнага навучання практычнаму кіраванню з магчымасцю атрымання пасведчання кіроўцы катэгорыі “В”, рыхтуе спецыялістаў у розных напрамках, здольных у любы час і момант аказаць дапамогу ў надзвычайнай сітуацыі.

Вядома, наша праца патрабуе мужнасці, стойкасці, мэтанакіраванасці і поўнай самааддачы, – працягвае Антон Валер’евіч. – Мой асабісты выбар – спецыяліст ў галіне папярэджання надзвычайных сітуацый, бо добра ўмець тушыць пажары, але яшчэ лепш умець прадухіляць іх узнікненне. Мая дзейнасць патрабуе ў першую чаргу ведаў заканадаўства, нарматыўных і нарматыўна-тэхнічных прававых актаў як Рэспублікі Беларусь, так і замежных у галіне забеспячэння пажарнай бяспекі.

– Безумоўна, навучанне ва ўніверсітэце было цікавым і запамінальным. Часам было складана і цяжка, але ўстанова ніколі не давала “патануць” у гэтай вучэбнай руціне. За ўвесь час навучання, прымаў удзел у мностве конкурсаў і мерапрыемстваў, як рэспубліканскага так і міжнароднага ўзроўню.

Пасля заканчэння вышэйшай адукацыі ўсім выпускнікам прадастаўляецца першае працоўнае месца, арэнднае жыллё, матэрыяльная дапамога ва ўладкаванні жылля або куплі неабходных спажывецкіх тавараў. Таксама для служачых дзейнічае льготнае крэдытавання для будаўніцтва свайго ўласнага жылля або напрыклад куплі транспарту, – пазначыў у час гутаркі інспектар.

Працаваць па спецыяльнасці герой артыкула пачаў 28 ліпеня бягучага года. Калектыў аддзела прыняў земляка добразычліва. Першыя крокі ў сваёй прафесійнай дзейнасці маладому спецыялісту дапамагалі здзяйсняць яго калегі па сектары нагляду і прафілактыкі.

– Мая прафесійная дзейнасць мае сваю спецыфіку. Гэта ўзаемадзеянне з насельніцтвам, падчас якога мне неабходна знаходзіць падыход да кожнага чалавека, з якім я маю зносіны. Даводзіцца мець мноства кантактаў з людзьмі самых розных сфер дзейнасці. Мой самы запамінальны момант за час службы, гэта ,вядома, мой першы начны выезд на дазнанне па пажары. Начны час, раптоўны званок ад аператыўнага дзяжурнага – і вось ты ўжо едзеш ажыццяўляць дазнанне.

У канцы гутаркі малады чалавек пажадаў курсантам, якія толькі пачынаюць свой шлях у прафесіі, быць адкрытымі да новых ведаў, сапраўдных і добрых сяброў, згуртаванага, дружнага калектыву, а таксама эфектыўнага працоўнага працэсу, які павінен прыносіць выключна станоўчыя эмоцыі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о