Пакліканне, прафесіяналізм і перспектывы

0
625

У сучаснай сельскай гаспадарцы, дзе эфектыўнасць і здароўе жывёлы з’яўляюцца ключавымі фактарамі паспяховага развіцця, роля ветэрынарных урачоў становіцца асабліва значнай.

У БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” працуе тры ветэрынарныя ўрачы, а ўзначальвае каманду перспектыўны малады спецыяліст Уладзіслаў Тарасаў. Нядаўні выпускнік Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, дэманструе высокі ўзровень прафесіяналізму і імкненне да дасягнення найлепшых вынікаў, што робіць яго каштоўным членам калектыву.

БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” ўключаюць тры МТК, тры МТФ у якіх утрымліваецца больш за 4200 галоў буйной рагатай жывёлы.

Уладзіслаў Уладзіміравіч родам з Салігорску з працоўнай дынастыі шахцёраў. На пытанне, чаму ў свой час накіраваў свой погляд на ветэрынарыю, герой адказаў проста і шчыра:
– Лічу, што чалавек павінен выбіраць сваю прафесію па пакліканню душы. Мне падабаецца працаваць з жывёламі.
Пасля заканчэння акадэміі, крыху больш года таму, малады спецыяліст быў накіраваны па размеркаванні на Петрыкаўшчыну.
– Магу сказаць адназначна: першае месца працы мяне не расчаравала. Наадварот, я ўпэўніўся, што выбраў сваю справу. Спачатку старэйшыя калегі дапамагалі мне асвоіцца, дзяліліся сваім вопытам. Гэта было вельмі важна для мяне, – згадвае мужчына.
Паступова, дзякуючы падтрымцы і ўласнай працавітасці, Уладзіслаў Уладзіміравіч пачаў самастойна вырашаць пастаўленыя задачы.
Суразмоўца прызнаецца, што для працы і камфортнага жыцця ў яго ёсць усе неабходныя ўмовы:
– У Петрыкаве мне далі арэнднае жыллё, прычым 70% аплаты бярэ на сябе гаспадарка. Пражыванне ў горадзе дае мне магчымасць у вольны час наведваць трэнажорную залу ФАК “Прыпяць”. Ад райцэнтра арганізаваны падвоз у Капаткевічы, у рабочай сталоўцы можна смачна і танна паабедаць. Для таго, каб эфектыўна мог выконваць свае абавязкі, наведваць розныя аб’екты, кантраляваць працэсы і аказваць неабходную дапамогу, мне адразу была прадастаўлена службовая машына.
Гаворачы пра сваю работу, спецыяліст падкрэслівае, што асаблівая ўвага ім і яго калегамі надаецца прафілактыцы захворванняў сярод жывёлы.

“Прадухіленне захворванняў заўсёды больш эканамічна выгадна, чым іх лячэнне. Для гэтага ў гаспадарцы заўсёды ёсць у наяўнасці неабходная колькасць лекаў і прэпаратаў”.

На галоўным ветэрынарным урачы ляжыць вялікая адказнасць. Яна ўключае ў сябе арганізацыйныя моманты, кантроль за работай калег, работнікаў, справаздачнасць. Але, нягледзячы на свае кіраўнічыя функцыі Уладзіслаў Уладзіміравіч не адрываецца ад практыкі: ён замацаваны за адной з МТФ, дзе выконвае ўсе працэдуры ветэрынара. Такі падыход дазваляе яму заставацца ў курсе рэальных праблем, з якімі сутыкаюцца ветэрынары на месцах, таксама быць прыкладам для сваіх падначаленых.
Тэрмін адпрацоўкі нашага героя ў гаспадарцы хутка завершыцца. Аднак ён не шукае новыя варыянты Уладзіслаў Уладзіміравіч плануе застацца ў “Чалюшчавічах”.
Пажадаем маладому ветэрынару поспехаў у яго нялёгкай справе. Няхай Петрыкаўская зямля стане для яго не проста месцам працы, а сапраўдным другім домам, дзе ён будзе адчуваць сябе патрэбным, любімым і шчаслівым.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о