У рэдакцыю газеты часта прыходзяць лісты ад жыхароў раёна, у якіх выказваюцца добрыя словы ў адрас работнікаў культуры Петрыкаўшчыны. Адно з такіх прыйшло ад Марыі Сігай з аграгарадка Пціч.
26 студзеня дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Задорынкі” Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў у чарговы раз стаў удзельнікам маштабнага мерапрыемства – адкрытага харэаграфічнага фестывалю-конкурсу “Dance Color Festival 2025”, які праходзіў у абласным цэнтры. Мерапрыемтва сабрала дарослых і маленькіх танцораў з усіх куткоў Беларусі – заявіліся больш за 20 калектываў. Фестывальны марафон доўжыўся з раніцы да позняга вечара і аб’яднаў феерыю ўсіх танцавальных стыляў. Сярэдняя група ансамбля “Задорынкі”, у намінацыі “Эстрадны танец”, прадставіла на суд журы кампазіцыю “Навагодні перапалох”, якую з удзельнікамі падрыхтавала кіраўнік Ірына Супруненка. Ансамбль заваяваў званне лаўрэата I ступені.
Малады спецыяліст Яна Супруненка, разам са старэйшай групай ансамбля, прадставіла гледачам і журы харэаграфічную кампазіцыю “Put in on me”. Калектыў стаў лаўрэатам II ступені ў намінацыі “Сучасны танец”. Прысутнымі было адзначана, што вельмі ўражвае, калі настаўнік выступае разам са сваімі вучнямі.
На памяць аб мерапрыемстве ўдзельнікі атрымалі кубкi, фірмовыя медалі, імянныя дыпломы, салодкі падарунак і шмат прыемных уражанняў. Ад імя бацькоў усіх удзельнікаў калектыву хачу выказаць вялікую падзяку настаўнікам-харэографам Мышанскага філіяла: Ірыне Анатольеўне Супруненка і Яне Юр’еўне Супруненка, якія вучаць нашых дзяцей мастацтву танца. Яны дапамагаюць раскрыць здольнасці і таленты кожнага дзіцяці.
Не адбылася гэтая паездка без удзелу загадчыцы сектара культуры Петрыкаўскага райвыканкама Яны Мамровай і дырэктара Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святланы Шамолавай – якім асаблівая ўдзячнасць ад удзельнікаў ансамбля, педагогаў і бацькоў. Такія паездкі на конкурсы даюць магчымасць падрастаючаму пакаленню праявіць сябе, вынесці на суд гледачоў вынікі сваёй работы. Спаборнічаючы з іншымі ўдзельнікамі, дзеці вучацца ставіць перад сабой мэты і імкнуцца дасягаць іх. Гэта дае стымул да далейшага развіцця.
Оставить комментарий