Адно з самых вялікіх багаццяў беларусаў – гэта лясы. Ідуць гады, мяняюцца пакаленні, а праца работнікаў лесу не знікае бясследна: штодня яны з асаблівым клопатам захоўваюць і прымнажаюць зялёныя скарбы Беларусі.
У галіну актыўна ўліваецца моладзь, бачачы ў дадзеным напрамку перспектывы і запатрабаванасць. Што асабліва прыемна, у апошні час у прафесію ўсё больш прыходзіць прыгожая палова чалавецтва.
Майстар лесу – прафесія на першы погляд мужчынская. Але пасля знаёмства з майстрам Рубчанскага лясніцтва Елізаветай Барысавай становіцца зразумелым: маладыя дзяўчыны смела заяўляюць аб сябе на дадзенай ніве.
– У маёй сям’і ніхто не звязаны з лясной гаспадаркай, – пачынае размову дзяўчына. – А вось я пасля атрымання атэстата аб базавай адукацыі свядома накіравалася ў Гомельскі політэхнічны каледж набываць спецыяльнасць “Тэхнік лясной гаспадаркі”. Чаму выбрала такую прафесію? У мяне ніколі не было страху, што, маўляў, баюся лесу, дзікай жывёлы – я нават не думала пра гэта. Наадварот – заўсёды прыцягвалі ўвагу сваёй прыгажосцю і статнасцю лясныя масівы, бярозавыя гаі. Захацелася ўнікнуць у “зялёную” справу глыбей.
Вучоба ў сярэднеспецыяльнай установе адукацыі пацвердзіла правільнасць выбранага шляху. Малады спецыяліст прызнаецца: некаторыя сябры гаварылі: тэорыя адно, а практыка – зусім іншае. Пры размеркаванні на першае месца працы Елізавета была не супраць папасці ў свой родны Чачэрскі раён. Але лёс размеркаваўся па іншаму.
– У сакавіку бягучага году я прыехала пасля размеркавання на Петрыкаўшчыну, якая сустрэла мяне ветліва. Кіраўніцтва лясгасу ўзяла на сябе выдаткі за аплату жылля ў райцэнтры, старэйшыя калегі з першага дня дапамагаюць замацаваць атрыманыя веды ў справе, – дзеліцца майстар. – Працоўны дзень мой запоўнены да адказу. Сачу за рубкамі лесу: прыязджаю разам з работнікамі на дзялянку і кантралюю, каб правільна было праведзена спілоўванне, захоўвалася тэхніка бяспекі, былі выкананы даведзеныя нормы, праводжу ўлік высечанай драўніны, тачкаванне. Далей, калі прыязджае тэхніка я павінна яе адгрузіць – накіраваць прадукцыю спажыўцу.
Малады спецыяліст заўважае, што ўсе гэтыя прамудрасці прафесіі асвойваюцца менавіта на практыцы. На пытанне, як працаваць маладой дзяўчыне са старэйшымі вопытнымі калегамі-мужчынамі, адказала:
– Выдатна. Мяне добра прынялі – у нас дружны калектыў: і падкажуць, і параяць, і падтрымаюць, і дапамогуць. А лес на Петрыкаўшчыне – адно задавальненне: свежае паветра, цішыня і ўвогуле сама атмасферы пазітыўная, дапамагае захоўваць унутраны спакой. А ў наш мітуслівы час гэта вельмі важна.
Такі стан душы для маёй герані важны. У гармоніі з прыродай ёй камфортна ўдасканальваць сваё хобі – фатаграфаванне, цікавасць да якога стала яшчэ адной прычынай звязаць сваю дзейнасць з прыродай.
Да такой разнавіднасці мастацтва я “падсела” ў сёмым класе. Першыя здымкі пачала рабіць на мабільны тэлефон. Мяне прываблівалі ў першую чаргу пейзажы, жывёльны свет. З часам цікавасць да захаплення не прапала, пачала вывучаць літаратуру, раіцца з ведаўшымі справу людзьмі, будучы студэнткай набыла прафесійны фотаапарат, – дзеліцца суразмоўца.
Аб’ектыў камеры Елізаветы прыцягвае незвычайныя моманты ў прыродзе. Гэта можа быць гульня святла і ценю на лісці, мімалётны погляд птушкі, ці ж дзіўная форма дрэва. Яна імкнецца злавіць тую хвіліну, калі прырода раскрываецца ў сваёй найлепшай красе, калі яна нібыта паказвае свае таямніцы.
Вось такая моладзь працуе ў Петрыкаўскім лясгасе: не баіцца цяжкай працы, разумее адказнасць за захаванне прыроды і ўмее заўважыць у ёй незвычайнае.
І калі я глядзела на майстра Рубчанскага лясніцтва, як яна з упэўненасцю крочаць па лясных сцежках, з бляскам у вачах абмяркоўвае планы на заўтра, то разумела: няма нічога немагчымага для тых, хто мае запал і жаданне змяняць свет да лепшага, нават калі гэты свет – густы, велічны лес.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара і з архіва гераіні.
Оставить комментарий