На раённай урачыстасці з нагоды Дня настаўніка Таццяне Міхайлаўне Серадзюк, настаўніку рускай мовы і літаратуры другой гарадской школы была ўручана ганаровая ўзнагарода “За адданасць прафесіі”.
Без перабольшання, настаўнік – гэта лёс, гэта прызванне жыць і працаваць у імя людзей, вучыць і пастаянна вучыцца самому, што-дзень натхняць і дарыць веру ў сябе.
Адданасць прафесіі крыецца яшчэ і ў тым, што выбіраюць яе заўсёды свядома, імкнучыся несці дабро людзям і сваёй працай даказваць значнасць асобы настаўніка ў грамадстве.
Па вялікім рахунку, добраму педагогу дастаткова мець толькі дзве якасці – грунтоўныя веды і вялікае сэрца. Імі ў поўнай меры валодае цудоўны настаўнік, душэўны чалавеку і проста прыгожая жанчына – Таццяна Серадзюк, вопытны філолаг-мовазнаўца, за плячыма якога больш за 39 гадоў працы ў другой гарадской школе.
Цікавым быў шлях у прафесію Таццяны Міхайлаўны: творчы пачатак, жаданне выразіць сябе, падзяліцца думкамі і ўраджаннямі знайшлі выхад у рашэнні стаць журналістам, аднак недастатковая ўпэўненасць у сабе і ў той жа час непраходзячая любоў да літаратуры прывялі дзяўчыну на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, па заканчэнні якога яна вярнулася на малую радзіму.
Па меркаванні адміністрацыі ўстановы адукацыі і калег, за гады працы ў Таццяны Міхайлаўны склаўся свой арыгінальны стыль і манера зносін з вучнямі, яна на-дзвычай вытрыманы і ўпэўнены чалавек, строгі, але ў той жа час добры і справядлівы настаўнік. Педагог заўсёды гатова даць дзейсную параду, сэнс якой надзвычай поўна перадае ёмістая фраза “любі тое, чым займаешся, і заўсёды заставайся чалавекам”.
Таццяна Міхайлаўна не толькі вучыць дзяцей свайму прадмету, але і выхоўвае маральна-духоўныя якасці, такія як дабрыня, міласэрнасць, клопат і праўдзівасць. Настаўнік праводзіць вялікую работу па духоўным выхаванні. Яе вучні пастаянныя дыпламанты алімпіяд па асновах праваслаўнай культуры, міжнароднага турніру па інтэлектуальных гульнях “Фавор”, а таксама ўдзельнікі і пераможцы Макарыеўскіх, Пакроўскіх і Калядных чытанняў.
За гады працы Таццяна Міхайлаўна здолела зрабіць так, што яе прадмет, пры ўсёй яго складанасці, стаў адным з любімых у вучняў. Усім вядома любоў Таццяны Міхайлаўны да паэзіі, яе асаблівае стаўленне да творчасці Уладзіміра Высоцкага, паэтаў сярэбранага веку: у любой жыццёвай сітуацыі яна з лёгкасцю працытуе радкі любімых аўтараў.
Дзякуючы яе ініцыятыве і інтузіязму ў школе зарадзілася добрая традыцыя праводзіць літаратурныя гасцёўні, у якіх з задавальненнем прымаюць удзел аматары паэзіі з ліку вучняў, педагогаў, паэтаў Петрыкаўшчыны.
У вольны ад работы час Таццяна Міхайлаўна гасцінная гаспадыня і заўзятая падарожніца. Як адзначаюць родныя і блізкія, у яе сэрцы жыве любоў да ўсяго жывога на Зямлі: ад чалавека да бяздомнай жывёлы – і не праходзячы інтарэс да спазнання ўсяго новага.
Ганаровую ўзнагароду Таццяне Міхайлаўне на святочнай сцэне раённага Дома культуры пад гучныя апладысменты прысутных уручылі начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец і старшыня раённага камітэта прафсоюза Тамара Басюк.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий