Людміла Несцярчук – чалавек у Пчіцы паважаны і запатрабаваны. Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як жанчына прыехала на Петрыкаўшчыну ў якасці ўрача і ўвесь гэты час аддана служыць жыхарам Пціцкага Савета.
Весці гутарку з Людмілай Андрэеўнай проста і лёгка, яе манера гаварыць: ціха, не надакучліва пераконваць у важных рэчах, дазваляе даверыцца жанчыне. Прыйшло на думку, што хворым яна палягчае жыццё не толькі выпісанымі лекамі, а і ўменнем супакоіць, абнадзеіць, надаць упэўненасць.
Стаць медыкам гераіня марыла са школы. Сярод родных былі больш педагогі, але людзі ў белых халатах для дзяўчыны сталі ўвасабленнем самай патрэбнай і годнай прафесіі. Родную Бабровіцкую школу ў Калінкавіцкім раёне закончыла добра і без цяжкасцей паступіла ў Мазырскае медвучылішча. Ведала, што прыйдзецца цяжка, спа-дзявацца патрэбна на свае сілы: у бацькоў, акрамя яе, было яшчэ шасцёра.
Закончыўшы сярэднеспецыяльную ўстанову з чырвоным дыпломам, пайшла вучыцца ў Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. Праз пяць гадоў вучобы да спецыяльнасці “фельчар”, атрыманай у вучылішчы, дабавілася “ўрач неўролаг”. Трэба адзначыць, што гераіня, будучы студэнткай, ніколі не ўпускала магчымасць атрымаць дадатковыя веды, вопыт. Падпрацоўвала ў абласной бальніцы, на хуткай дапамозе, медсястрой. Пасля праходжання інтэрнатуры ў Мазыры была размеркавана ў Калінкавіцкі раён.
Дваццаць гадоў таму ў жыцці Людмілы Андрэеўны адбылася лёсавызначальная падзея. Сяброўка запрасіла на вяселле ў Петрыкаўскі раён, дзе маладая ўрач пазнаёмілася з тагачасным старшынёй Пціцкага калгаса. Пачаліся спатканні, у хуткім часе згулялі вяселле і ўладкаваліся ў Пцічы, дзе маладым ад гаспадаркі выдзелілі жыллё. Медык прывыкла да новага месца, да людзей. А жыхары аказаліся чулыя, уважлівыя – прынялі доктара з радасцю. З таго часу пра змены ў прафесійным плане і не думала. Штодзень дапамагае землякам, пры неабходнасці выязджае ў суседнія вёскі. Пціч стала для яе родным домам, на гэтай зямлі яна нарадзіла і вырасцілі з мужам дваіх сыноў, адбылася як урач і чалавек. Землякі пра яе гавораць з павагай, любоўю – “наша доктарка”.
– Сёння Пціцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі – гэта магчымасць больш тысячы жыхарам атрымаць на месцы паслугі доктара, стаматолага, медыцынскай сястры, зрабіць кардыяграму, прышчэпку, забор крыві, наведаць фізкабінет, дзённы стацыянар. У памяшканні амбулаторыі размяшчаецца аптэка, у якой можна набыць лекі, у тым ліку і па льготным рэцэпце, – расказвае Людміла Андрэеўна. – За гады працы было ўсякае: адкрыцці, радасці, страты. Адно павінна быць для людзей маёй прафесіі нязменна – адказна ставіцца да працы, любіць людзей і рабіць усё магчымае, каб у іх хатах панавалі спакой, радасць і ўпэўненасць. Нас чакаюць тыя, каму вельмі патрэбны нашыя прафесійныя веды. І мы не маем права падвесці іх надзеі і чаканні.
Святлана СОБАЛЕВА.
Оставить комментарий