Дзейнасць Саветаў дэпутатаў заўсёды знаходзіцца ў полі зроку насельніцтва. І гэта заканамерна: менавіта народныя абраннікі, прадстаўляючы інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, вырашаюць многія пытанні на месцах. У канцы мінулага года прайшла пяцьдзясят сёмая сесія Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання. Галоўным у павестцы дня стала справаздача старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Макарэвіча аб рабоце раённага Савета дэпутатаў і яго органаў.
Мы сустрэліся са старшынёй мясцовага органа ўлады, каб пагаварыць пра вынікі працы дэпутацкага корпуса Петрыкаўшчыны за справаздачны перыяд.
– Сяргей Аляксандравіч, раскажыце пра структуру і асноўныя формы дзейнасці раённага Савета дэпутатаў.
– У лютым 2018 года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь. На Петрыкаўшчыне было абрана 211 дэпутатаў: 35 – базавага ўзроўню, 176 – першаснага. На першай арганізацыйнай сесіі быў абраны прэзідыум і пяць пастаянных камісій пры Савеце дэпутатаў. За справаздачны перыяд прайшло 32 пасяджэнні прэзідыума, на якіх прынята 152 рашэнні. Асноўныя з іх былі накіраваны на рэалізацыю Дырэктыў, Дэкрэтаў, Указаў кіраўніка дзяржавы, шэраг рашэнняў датычыліся павышэння якасці жыццязабеспячэння насельніцтва. Што датычыцца работы пастаянных камісій, то ўвогуле праведзена 60 пасяджэнняў: выкарыстоўвалася практыка правядзення выязных пасяджэнняў з разглядам вострых пытанняў на месцах. Парадак дня адпавядаў функцыям і напрамку створаных камісій. Гэта пытанні сацыяльнай, камунальнай, аграрнай, прамысловай, будаўнічай, эканамічнай сфер. Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляліся сесіі. За пройдзены перыяд іх праведзена 56, у тым ліку для вырашэння пытанняў у інтарэсах раёна і яго жыхароў – 36 пазачарговых, на якіх прыняты рашэнні па 296 пытаннях. У асноўным гэта пытанні, звязаныя з фарміраваннем раённага бюджэту, устанаўленні мэтавых паказчыкаў сацыяльна эканамічнага развіцця раёна, выкананне рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм.
– Адной з важных задач у рабоце дэпутатаў усіх узроўняў з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Як у раёне арганізавана дзейнасць у гэтым напрамку?
– Для ўзаемадзеяння з насельніцтвам праводзіліся прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. Інфармаванне пра час і месца дадзеных мерапрыемстваў здзяйснялася праз раённую газету, сайты райвыканкама, сацыяльныя сеткі, інфармацыйныя стэнды. За справаздачны перыяд дэпутатамі праведзена больш за 10 000 прыёмаў, у ходзе якіх паступіла 11 000 пытанняў. Што датычыцца прамых тэлефонных ліній, то ўсяго раённым Саветам дэпутатаў праведзена 85 ліній, у час якіх звярнуліся 82 грамадзяніна па 99 пытаннях. Усе пытанні вырашаны станоўча. З 2018 года праведзена 3228 сустрэч, падчас якіх разгледжана 4700 зваротаў. Пытанні таксама вырашаны станоўча.
– З якімі праблемамі часцей за ўсё звярталіся да народных абраннікаў выбаршчыкі?
– Аналіз зваротаў паказаў, што гэта ўтрыманне дарог, пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання. У мэтах забеспячэння камфортнага жыцця насельніцтва, выяўлення іх надзённых праблем, было арганізавана правядзенне “Дзён Савета” і “Дзён дэпутата”, у час якіх сумесна з кіраўнікамі аддзелаў і службаў райвыканкама наведваліся аб’екты населеных пунктаў. Штогод раённы Савет прымаў удзел у абласных семінарах, на базе нашага раёна праводзіліся выязныя навучальныя семінары рознага ўзроўню, падчас якіх удзельнікамі наведваліся населеныя пункты раёна, аб’екты культурнага, сацыяльнага, турыстычнага і прамысловага патэнцыялу. Пры такіх сустрэчах давалася аб’ектыўная ацэнка працы органаў мясцовага самакіравання, а жыхары раёна мелі магчымасць узаемадзеяння з прадстаўнікамі заканадаўчай і прадстаўнічай улады.
Так, Савет дэпутатаў сваю работу ажыццяўляў пры ўзаемадзеянні з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірынай Кралевіч, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алегам Слінько, дэпутатамі Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання Аляксандрам Архіпенкам, Інай Фаставец, Іванам Гарыстам.
– Якія прыклады ўдзелу орга-наў мясцовага самакіравання ў мерапрыемствах па паляпшэнні ўмоў жыцця насельніцтва вы можаце прывесці?
– Такіх прыкладаў шмат. З найбольш значных можна адзначыць пытанні дабраўпарадкавання. З 2018 года ў населеных пунктах раёна прыведена ў парадак 119 тысяч метраў пагонных агародж, прагрэйдзіравана і падсыпана 3519 кіламетраў вясковых дарог, выдалена 3416 аварыйных дрэў, адрамантаваны 164 шахтавыя калодзежы, убрана 3520 несанкцыянаваных звалак. Заслугоўвае ўвагі работа Саветаў у пытаннях навядзення парадку на 93 грамадзянскіх могілках раёна. Добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельвыканкамамі праводзілася ў тым ліку і з удзелам насельніцтва. За перыяд працы было сабрана 85 тысяч рублёў сродкаў самаабкладання. Населеныя пункты прыгажэюць з года ў год. І самі жыхары зацікаўлены ў захаванні належнага выгляду малой радзімы. Пацвярджэннем гэтаму можа служыць удзел вяскоўцаў у конкурсе “Сядзіба ўзорнага парадку”.
Не магу не адзначыць наступны факт: з 2018 года Петрыкаўскі раён прымаў удзел у абласным конкурсе сярод гарадскіх, пасялковых сельскіх Саветаў дэпутатаў па вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці. Сярод сельскіх Саветаў мы з’яўляліся чатыры гады пораз пераможцамі і ўзнагароджваліся грашовай прэміяй, сродкі якой былі накіраваны на развіццё інфраструктуры населеных пунктаў.
– Рэалізацыя дзяржаўных нарматыўна-прававых дакументаў таксама ў полі зроку прадстаўнікоў мясцовага самакіравання. Выкананне якіх, на ваш погляд, стала асабліва дзейсным, важным для раёна.
– Немагчыма вызначыць больш ці менш важныя, заканадаўчыя нарматывы павінны працаваць і даваць вынік.
Як прыклад можна прывесці рэалізацыю Указа № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні працы з пустуючымі дамамі”. З 2018 года ў раёне знесена 588 пустуючых домаўладанняў, 117 былі зняты з уліку без зносу – наведзены парадак уласнікамі. За гэты час у гаспадарчы абарот уцягнута 131,8 гектараў зямлі, у тым ліку з-пад зносу – 72,4 гектары.
Можна адзначыць работу па рэалізацыі Дэкрэта № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. У выніку дзейнасці камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, у склад якой увахо-дзяць і дэпутаты, пацвердзілі сваю занятасць 5 327 чалавек. Аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 432 грамадзянам, 48 аформілі рамесную дзейнасць.
Важным накірункам было выкананне праграмы ўвекавечвання памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны. Сіламі сельвы-канкамаў пашпартызаваны і добраўпарадкаваны 74 воінскія пахаванні і пахаванні ахвяр вайны.
– Акрамя ўсяго сказанага вамі, дэпутаты 28 склікання дэманстравалі землякам годны прыклад і ў грамадскіх справах.
– Сапраўды так. Традыцыйна дэпутаты прымаюць удзел ва ўсіх значных акцыях, якія праводзяцца на тэрыторыі раёна, вобласці, рэспублікі. Гэта і “Збяры партфель першакласніку”, да заканчэння навучальнага года ўстановам адукацыі дэпутаты па традыцыі ўручаюць спартыўны інвентар. Не забываемся і пра ўшанаванне землякоў на 9 Мая, Дзень Незалежнасці. Служым прыкладам падрастаючаму пакаленню – удзельнічаем у працоўных, спартыўных, патрыятычных акцыях.
– Пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў дзейнічае маладзёжны Савет. Чым жывуць і займаюцца маладыя лідары нашага раёна?
– У склад Савета ўваходзяць 14 маладых людзей з ліку працуючай моладзі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю. У перспектыве – гэта будучы кадравы патэнцыял Петрыкаўшчыны. Юнакі і дзяўчаты ва ўзаемадзеянні з дэпутацкім корпусам, грамадскімі арганізацыямі ўдзельнічаюць у рэалізацыі розных мерапрыемстваў, спрабуюць сябе ў сістэме мясцовага самакіравання. Праца ў Савеце – гэта не проста прадстаўленне інтарэсаў моладзі раёна, гэта магчымасць заявіць пра сябе, выказаць свае ідэі і быць пачутым.
– Сяргей Аляксандравіч, якія сёння стаяць задачы перад дэпутацкім корпусам Петрыкаўшчыны?
– Як і раней, ва ўзаемадзеянні з выканаўчымі органамі, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў наша работа накіравана на вырашэнне пытанняў насельніцтва. У лютым нас усіх чакае важная электаральная кампанія – беларусам трэба будзе выбраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў. Будзе абраны абноўлены склад дэпутацкага корпуса і на Петрыкаўшыне, у які ўвойдуць лепшыя прадстаўнікі калектываў, грамадскіх арга-нізацый – актыўныя і неабыякавыя да лёсу раёна і яго насельніцтва людзі. Перад грамадствам час ставіць новыя задачы, якія патрабуюць вырашэння. Я ўпэўнены, што ўсе яны ў Год якасці будуць вырашацца эфектыўна для годнага жыцця жыхароў раёна.
Карыстаючыся прадастаў-ленай магчымасцю, выказваю шчырую падзяку дэпутацкаму корпусу 28 склікання за праведзе-ную работу, кіраўнікам устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый за супрацоўніцтва ў вырашэнні ўзнікаючых пытанняў.
Сардэчна віншую ўсіх з каляднымі святамі. Хай у вашых дамах, шаноўныя жыхары Петрыкаўшчыны, заўсёды будзе згода і любоў.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Г. КАЗАК,
Н. ПЕТРУШЭНКА, А. ГУСЕВА.
Оставить комментарий