Лёс чалавека – лёс краіны

0
414

Цікавай і змястоўнай атрымалася сустрэча моладзі, арганізаванай работнікамі Церабаўскага СКНТБ з Марыяй Нестараўнай Міцурай. Нягледзячы на ўзрост, а ёй ужо за 90, жанчына цікава і захапляльна адказвала на пытанні дзяцей аб сваім жыцці-быцці. Асабліва дапытлівым быў 10-класнік Лёня Вішнякоў, які марыць стаць журналістам.

Лёс чалавека – лёс краіны

Нарадзілася Марыя Нестараўна ў Вялаўску. У час вайны немцы спалілі палавіну хат у вёсцы разам з людзьмі, астатнім удалося збегчы ў лес. Жыхары потым вярнуліся, але не надоўга. Наляцелі карнікі, дапальвалі хаты, а людзі, хто змог, разам са скацінай рушылі ў бок Лельчыц, хавацца ў балотах. Там была сувязь з партызанамі. Так-сяк перазімавалі. Але і тут аблава. Немцы акружылі лагер, сагналі людзей і павялі да пясчанай дарогі, а па ёй – да вадаёма. Калі спыніліся, дарослыя сталі галасіць, адчуваючы люты намер карнікаў. А дзеці толькі здзіўлена паглядалі, не разумеючы, чаго ўсе плачуць. Марыя ўжо разумела…
Людзей не знішчылі, давялі да Глініцы, потым – у сваё сяло. Начавалі ў паграбах, у галечы і нястачы. Ва ўцалеўшых хатах стаялі немцы. Кухня выдавала адзін раз у дзень суп. Пад восень людзей абмылі, прадэзынфіцыравалі, падкармілі і пагналі на два тыдні ў вёску Чарноцкае, потым – у Петрыкаў да царквы, дзе аддзялялі дзяцей і грузілі іх у машыны. Марыю выратавала бабуліна сястра, у хаце якой размяшчаўся нямецкі начальнік.
Замуж выйшла Марыя ў Аціркі. Нарадзілі і выгадавалі з мужам чацвёра дзяцей, працавітых, як і яны самі. Збудавалі добрую хату. На жаль, муж рана пайшоў з жыцця, у 93-м годзе. Усе трое сыноў з умелымі рукамі, з дахамі над галавой. А ў Церабаў да дачкі пераехала, калі трэба было дапамагчы гадаваць унучку. Унучка падрасла, сям’я купіла і адбудавала сабе вялікі прыгожы дом цераз вуліцу насупраць, а Марыя Нестараўна засталася ў меншай кватэры сама сабе гаспадыняй. Цяпер ужо у самой баляць ногі, а рукамі робіць усё, што можа. “Не магу без работы”, – паўтарае часта. Задаволена, як глядзіць яе дачка Валя. За плячыма ў Марыі праца і ў паляводчай брыгадзе, і на ферме. Асвоены ўсе віды рукадзелля: вышыўка, вязанне, ткацтва. На маё пытанне: “Падкажыце маладым, як трэба жыць на свеце?” жанчына адказала: “Навучайцеся ўсялякай справе. Будзеце ўмець – будзеце добра жыць у любых абставінах”.
З удзячнасцю Марыя Нестараўна прыняла ад дзяцей зробленую імі з бярэсты карціну царквы, пажадала поспехаў і Божай абароны. Уражаныя і задуменыя выходзілі падлеткі з двара сваёй суразмоўцы, а ў маёй памяці яе аповед пераклікаўся з расказамі маіх продкаў.

Наталля Фаміна,
загадчык філіяла “Церабаўскі СКНТБ”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о