Працоўная сямейная дынастыя – гонар і апора любой галіны. Калі дзеці працягваюць справу сваіх бацькоў і ідуць па іх слядах, ставяцца да працы з энтузіязмам і адданасцю, застаюцца вернымі абранай прафесіі – гэта выклікае бязмерную павагу. Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў Петрыкаўскі лясгас. У лесагаспадарчай галіне Петрыкаўшчыны шануецца пераемнасць пакаленняў. Заўсёды ў пашане сямейныя дынастыі, якіх у лясгасе налічваецца нямала.
Больш за 35 гадоў агульнага стажу працы ў галіне лясной гаспадаркі раёна і любоў да выбранай справы аб’ядноўвае два пакаленні сям’і Маскальчук: бацькі і сына.
Заснавальнік дынастыі Міхаіл Уладзіміравіч сваю працоўную дзейнасць пачынаў у сельскай гаспадарцы, куды прыйшоў пасля службы ў войску. Прапрацаваўшы там некаторы час, вырашыў паспрабаваць сябе ў лясной гаспадарцы.
– Родам я з вёскі Грабаў. Лясы ў нас вельмі добрыя, заўсёды адчуваў любоў да прыроды, да родных мясцін. Лічу, што гэты выбар аказаўся правільным, – адзначыў мужчына. У Кашэвіцкае лясніцтва “Петрыкаўскага лясгаса” працаўладкаваўся 20 гадоў таму.
Працуе Міхаіл Уладзіміравіч лесарубам, асноўная яго задача накіравана на лесанарыхтоўку, рубку, догляд за ляснымі культурамі. За час працы ў лясгасе на рахунку працоўных дасягненняў земляка маецца нямала ўзнагарод. Сёлета ў лістападзе Міхаіл Уладзіміравіч выходзіць на заслужаны адпачынак.
– Працоўны шлях склаўся ўдала, таму што я займаюся любімай справай, якая мне па душы. Кожную прасеку, кожную дзялянку памятаю. Як без гэтага? Але пара саступаць дарогу маладым, – дзеліцца суразмоўца, усміхаючыся сыну.
Задаем наступнае пытанне сыну: а вы памятаеце, як упершыню прыйшлі ў лес з бацькам?
– Яшчэ б! Мне гадоў шэсць было. Не на працу, вядома, у грыбы пайшлі. Але для мяне гэта тады было працай. Бацька паказваў: вось гэтае дрэва хворае, яго трэба выдаліць, каб астатнія здаровымі раслі. Вось тут пажар быў, бачыш, маладняк паднімаецца – жыццё працягваецца.
– Але сына я не агітаваў нікуды! Думаў, будзе гарадскі хлопец,а ён прыйшоў пасля вучобы і кажа: “Хачу ў лясніцтва”, – працягвае размову Міхаіл Уладзіміравіч.
Так і атрымалася, Міхаіл пасля заканчэння школы паступіў у Полацкі дзяржаўны лясны каледж. Далей працягнуў вучобу ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці “Інжынер лясной гаспадаркі”. Пасля заканчэння вучобы Міхаіл прыйшоў працаваць у Мышанскае лясніцтва. Прарабіўшы адзін год масцерам, перайшоў памочнікам масцера ў Кашэвіцкае лясніцтва, дзе шчыра працаваў 4 гады і вось ужо 10 гадоў працуе ляснічым. У кола абавязкаў ляснічага ўваходзіць правядзенне лесагаспадарчых работ, лесаахова, адгрузка драўніны, вырошчванне лесу, з чым ён добра спраўляецца. Тое, што яны з бацькам сталі працаваць у адным лясніцтве, ніяк не перашкодзіла іх працоўнай дзейнасці. Пасады розныя, спецыфіка працы таксама адрозніваецца. Але адно сям’ю Маскальчук аб’ядноўвае дакладна – сваю працу выконваюць якасна, адказна і ў тэрмін. Прыемна адзначыць, жонка Міхаіла Міхайлавіча таксама звязана з лесам. Працуе Вікторыя Сяргееўна на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце майстрам на прыёме лесу. Сапраўды, сямейны падрад!
За час працы прадстаўнікі сямейнай дынастыі зарэкамендавалі сябе добрымі спецыялістамі. Дзякуючы працавітасці якіх квітнее не толькі родная лясная гаспадарка, але і Петрыкаўскі раён. Напярэдадні прафесійнага свята героі матэрыялу віншуюць калег з Днём работнікаў лесу.
– Наша праца – гэта сапраўдная місія па захаванні неацэннага багацця нашай прыгожай краіны. Жадаем, каб лес заўсёды адказваў нам узаемнасцю, дорачы сілу, спакой і натхненне. Моцнага здароўя і гармоніі з прыродай!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий