Лясгас прадэманстраваў эфектыўны вопыт вядзення паляўнічай гаспадаркі

0
60

Напрыканцы мінулага тыдня на базе паляўнічай гаспадаркі Лучыцкага лясніцтва прайшоў абласны семінар-нарада, прысвечаны пытанням арганізацыі і правядзення палявання на аленя.
У рабоце семінару прынялі ўдзел начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз, вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Гомельскага ДВЛГА, УП «Белдзяржпаляванне” Ганна Крылова, галоўныя ляснічыя, начальнікі аддзелаў аховы лесу лясгасаў, інжынеры па паляўнічай гаспадарцы, егеры вобласці.

Семінар-нараду адкрыў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз, які падкрэсліў важнасць правядзення падобных выязных семінараў для абмену вопытам і павышэння эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Праграма семінара была даволі насычанай і ўключала як тэарэтычную, так і практычную часткі. Так, інжынер па паляўнічай гаспадарцы Петрыкаўскага лясгасу Антон Волкаў пазнаёміў прысутных з тэрыторыяй, добраўпарадкаваннем аб’екта “Дом паляўнічага”, распавёў пра матэрыяльную базу паляўнічай гаспадаркі раёна, абмеркавалі стандарты для камфортнага знаходжання паляўнічых.

Падчас круглага стала абмеркавалі ключавыя пытанні, якія ўзнікаюць у паўсядзённай працы егераў і паляўніцтвазнаўцаў.
Пасля тэарэтычнай часткі ўдзельнікі семінара наведалі паляўнічыя ўгоддзі – месца правядзення практычных заняткаў. Так, спецыялістам паляўнічай гаспадаркі лясгасаў вобласці былі прадэманстраваны біятэхнічныя збудаванні: кармавыя палі, прыпыначны пункт, стралковая лінія. Завяршыўся практыкум дэманстрацыяй правядзення палявання на аленя высакароднага ў перыяд гону.
У межах семінару-нарады прайшла прэзентацыя экалагічнай сцежкі “Палескія далі”, якая знаходзіцца ў маляўнічым масіве паблізу вёскі Лучыцы.

Новы аб’ект, па словах намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Яўгена Міцкевіча, гэта не проста забаўляльнае падарожжа для аматараў актыўнага адпачынку на прыродзе, а, у першую чаргу, пазнавальна-экалагічны праект.

Сапраўды, інфармацыйна і эстэтычна аформленая экалагічная сцежка здольна зацікавіць як дзяцей, так і дарослых: стэнды з цікавай і даступнай інфармацыяй, шыльды з QR-кодамі, дзякуючы якім можна атрымаць асалоду ад птушынага шчэбету і адгадаць загадкі, якіх безліч на сцежцы. Можна “сустрэцца” з дрэвамі-доўгажыхарамі, якіх таксама нямала на маршруце. Да ўсяго іншага тут дзіўным чынам “закальцаваны” помнікі прыроды і гісторыі.

Па словах удзельнікаў семінара-нарады, экалагічны праект лясгаса варты стаць годнай кропкай турыстычнага маршрута па Петрыкаўшчыне.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о