У Гомельскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя падвялі вынікі штогадовага абласнога конкурсу на лепшы дзяржаўны прафілактычны праект “Здаровыя гарады і пасёлкі Гомельшчыны”.

Сёлета перамогу ў намінацыі “Добраўпарадкаванне тэрыторыі” атрымаў Петрыкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Прафілактычны праект ставіў перад сабой мэту – захаванне здароўя насельніцтва праз паступовае дасягненне спрыяльнага асяроддзя пражывання на тэрыторыі як гарадоў, так і гарадскіх пасёлкаў, аграгарадкоў і вёсак.
- У рамках праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі» праводзілася не толькі работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва Петрыкаўскага раёна. Таксама вялося добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый, работа з моладдзю, ствараліся дзіцячыя пляцоўкі, рэалізоўваліся карысныя праекты.
Сёння немагчыма істотна павысіць узровень здароўя грамадзян і працягласць жыцця насельніцтва без сістэмных прафілактычных праектаў і праграм, заснаваных на міжведамасным узаемадзеянні. Менавіта такі падыход быў закладзены ў дзяржаўны праект, які прадугледжваў узгодненыя міжведамасныя дзеянні, накіраваныя на паляпшэнне здароўя і якасць жыцця насельніцтва, – пазначыў галоўны ўрач Петрыкаўскага ЦГіЭ Віталій Рубіс.
У рамках праекту ў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы функцыянуюць 7 школ здароўя па прафілактыцы захворванняў.
Кіраўнік праекта інструктар-валеолаг Таццяна Шчучэнка падзялілася, што мерапрыемствы, якія праводзіліся ў рамках праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі Гомельшчыны” былі сінхранізаваныя з прафілактычнымі праектамі “Тата-зала», “Школа-тэрыторыя здароўя», “Будзь здаровы», “Сцежка здароўя», “Здаровыя паводзіны – мой выбар”, «Гігіена рук – залог здароўя”. Таксама адным з напрамкаў у рабоце праекта з’яўлялася зніжэнне ўплыву фактараў рызыкі і наступстваў асноўных сацыяльна значных неінфекцыйных захворванняў.
- На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна праект рэалізоўваўся ў райцэнтры, аграгарадках Ляскавічы, Бабунічы, Грабаў, Колкі, Кашэвічы.
Перамога ў праекце з’яўляецца сведчаннем эфектыўнай працы і прызнаннем значнага ўкладу ва ўмацаванне здароўя і дабрабыту жыхароў горада.
Марыя Тамко.







Оставить комментарий