Неаднаразова ў рэдакцыю “Петрыкаўскіх навін” паступаў сігнал ад жыхароў Міхедавічаў. Вяскоўцы скардзіліся на тое, што па вуліцы Маладзёжнай кустоўе разраслося так, што зрабіла шырыню праезнай часткі занадта вузкай – раз’ехацца двум аўтамабілям тут складана. Мы накіраваліся ў населены пункт па адзначаным адрасе, каб на ўласныя вочы паглядзець на сітуацыю, якая склалася.
Першапачатковыя пачуцці былі станоўчымі: новае дарожнае пакрыццё, даволі шырокая вуліца і альтанка на павароце, дзе мясцовыя маюць магчымасць камфортна пачакаць аўтакраму. Але як раз на гэтым месцы, дзе вуліца паварочвае на ўсход, карціна істотна мяняецца: дарога сапраўды становіцца больш вузкай, а на ўчастках, дзе раней стаялі свойскія сядзібы, трава, кустоўе і дзікарослая расліннасць не толькі падабраліся да ўзбочыны, але і натуральна схіляюцца па-над дарогаю. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што там, дзе яшчэ засталіся хаты вяскоўцаў, расліннасць падкошаная, але ў пераважнай большасці кустоўе адбірае ў вяскоўцаў патрэбную для камфортнага руху прастору. Раз’ехацца нам было складана не тое што з сустрэчным легкавіком, але і з мотаблокам і веласіпедыстам.
Спадзяемся, адказныя не пакінуць гэтую сітуацыю па-за ўвагай.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий