У трэці дзень датэрміновага галасавання мы завіталі на выбарчы ўчастак № 3, што знаходзіцца ў актавай зале другой гарадской школы.

«Большасць выбаршчыкаў завітала да нас у прамежку часу з 12 да паловы другой гадзіны дня», — паведамілі нам ва ўчастковай выбарчай камісіі.

У пасляабедзенны час, людзей, што вырашылі рэалізаваць сваё выбарчае права датэрмінова, было менш, але ішлі галасаваць яны пастаянна, таму ў членаў камісіі работы было дастаткова.

Так, Мікалай Андрэевіч падзяліўся: «Разам з жонкай мы выязджалі па справах у горад, а на адваротным шляху я наведаў выбарчы ўчастак. Гэта вельмі зручна і, галоўнае — не прыходзіцца адкладваць важную справу на іншы дзень».

Марыя Васільеўна расказала, што заўсёды намагаецца прагаласаваць датэрмінова: «Святочны дзень заўсёды прыемна прысвяціць адпачынку і сустрэчы з блізкімі людзьмі». Жанчына паведаміла, што напярэдадні вывучыла праграмы кандыдатаў у дэпутаты і зрабіла свой выбар свядома.

Вольга Мікалаеўна таксама не любіць адкладваць справы на потым, тым больш, што ў выхадныя дні могуць нечакана з’явіцца неадкладныя справы. «Большасць кандыдатаў у дэпутаты я ведаю асабіста, таму і з выбарам не вагалася», — падзялілася выбаршчыца.



Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий