Сама гісторыя – незваротная. Так, эпоха камсамолу і камсамольцаў – засталася ў мінулым. Аднак у апошнія дні кастрычніка мільёны людзей на прасторах былога СССР, якія ў свой час прайшлі гэтую ўнікальную грамадска-палітычную школу, з цеплынёй і ўдзячнасцю згадваюць гэты час, сваё камсамольскае юнацтва і маладосць.
Напярэдадні 107-гадавіны УЛКСМ мы сустрэліся з дэлегатам ХХІV Гомельскай абласной камсамольскай канферэнцыі, загадчыкам аддзела навучэнцкай моладзі і піянераў Надзеяй Міцкевіч.

На стале з любоўю раскладзеныя фотаздымкі, Ганаровыя граматы і лісты Падзякі, рознага кшталту камсамольскія значкі і піянерскія гальштукі, камсамольскі і партыйны білеты – атрыбуты эпохі і вехі жыццёвай біяграфіі нашай гераіні.
– Як сёння памятаю дзень уступлення ў рады УЛКСМ. Для нас, вучняў Галубіцкай школы, якія атрымалі рэкамендацыі старэйшых таварышаў і сталі рыхтавацца да ўступлення ў камсамольскія рады – гэта было вельмі пачэсна і адказна адначасова. Я на зубок вывучыла Статут УЛКСМ, усе важныя даты камсамола, партыі, краіны ведала на памяць. Баялася. Перажывала. Не хацела зганьбіцца перад настаўнікамі, аднакласнікамі і старшакласнікамі. Аднак прайшло ўсё цудоўна і маю школьную форму упрыгожыў камсамольскі значок. Так пачаўся час карысных спраў. Мы, камсамольцы, стараліся паспяваць усюды: шэфствавалі над ветэранамі і піянерамі, праводзілі “Зарніцу” і турзлёты, дапамагалі калгасам і саўгасам, пасля былі будаўнічыя атрады, арганізацыя фестываляў, святаў, сустрэч, паездкі і паходы…, – пачала свой аповед наша гераіня і дадала: – Паверце, усё гэта было далёка ад абавязковасці.
Слухаю і ўважліва ўглядаюся ў фотаздымкі 70-х, 80-х гадоў з сямейнага архіву Надзеі Адамаўны. Столькі адухоўленасці і шчырай радасці, натхнення і веры на тварах камсамольцаў і піянераў. Без перабольшання, такое падрабіць нельга.
– Камсамолкай паступіла ў інстытут, дзе таксама з вялікай ахвотай прымала актыўны ўдзел у грамадска-карысных справах. Пагадзіцеся, моладзь усіх часоў яднае вялікае жаданне дзейнічаць, быць у цэнтры падзей, па першым закліку ісці туды, дзе цяжэй. Таму я і мае аднакурснікі адклікаліся на ўсе прапановы старэйшых таварышаў і браліся за любую даручаную справу, – з цеплынёй згадвае наша суразмоўца.
Працоўную дзейнасць Надзея Адамаўна пачала піянерважатай у Новагалоўчыцкай школе. Па сумяшчальніцтве вяла гадзіны беларускай мовы і літаратуры і была класным кіраўніком у 7-ым класе. Без кіпучай піянерскай дзейнасці не ўяўляла сябе і сваіх падапечных.
У гэты ж перыяд была ўключана ў кадравы рэзерв райкама камсамола. Праз два гады ёй, маладой і перспектыўнай, паступіла прапанова ўзначаліць аддзел навучэнцкай моладзі і піянераў. І наша гераіня вырашыла сябе паспрабаваць у новай, але такой блізкай ёй па духу справе. Пасада гэта была выбарчая, таму давялося прайсці шлях калектыўнага прызнання і заручыцца даверам калег. І ў яе, вопытную камсамолку і члена партыі, паверылі і даручылі кіраўніцтва школьнымі камсамольскімі арганізацыямі, піянерскімі дружынамі, Дамамі піянераў. Цяпер у зоне яе адказнасці – арганізацыя сходаў, канферэнцый, пленумаў, злётаў.
За даручаную справу заўсёды бралася з ахвотай, запальвалася сама і ўмела запаліць і павесці за сабой іншых. Курсы рэспубліканскай камсамольскай школы сталі для Надзеі Адамаўны школай лідарства і кіраўнічага вопыту. Адтуль яна вярнулася з першай узнагародай рэспубліканскага ўзроўню – лістом Падзякі ад дырэктара РКШ пры ЦК ЛКСМБ В.П.Клачкова.
– З цеплынёй узгадваю сваю камсамольску маладосць. Вельмі ўдзячна лёсу і тым людзям, з якімі давялося працаваць, за перажытыя эмоцыі, набыты вопыт, мудрасць і прафесійныя кампетэнцыі.
Так, побач заўсёды былі аднадумцы, людзі неабыякавыя, ініцыятыўныя, сапраўдныя інтузіясты, таму і ладзіліся ўсе справы. Усе гэтыя гады я падтрымліваю сувязь з ветэранамі камсамольскага руху розных гадоў. Усе яны па-ранейшаму энергічныя і таленавітыя людзі, бо тыя, хто прайшоў камсамольскую школу, здолелі пасля праявіць сябе на розных пасадах і сталі паспяховыя ў абранай справе. Праца з моладдзю да ўсяго іншага навучыла нас быць ініцыятыўнымі і актыўнымі, прывіла арганізатарскія здольнасці, раскрыла лідарскія якасці.
А яшчэ, менавіта дзякучы камсамолу я сустрэла свайго мужа, вяселле з якім, дарэчы, мы згулялі 30 кастрычніка, пасля правядзення камсамольскіх урачыстых сходаў. І дачушку Алену я нарадзіла ў гэты шчаслівы для мяне ва ўсіх сэнсах час, – распавяла Надзея Адамаўна.
Пасля камсамолу ў працоўным спісе Надзеі Міцкевіч быў перыяд кіраўніцтва дашкольнай установай, затым працавала метадыстам, лагапедам. І сёння наша гераіня, што называецца, “у страі” – былая камсамолка працуе ў раённым Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, дзе вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Краязнаўства”, дзелячыся з новым пакаленнем дзяцей і моладзі сваёй любоўю да роднага краю.
Сапраўды, энергія гэтай жанчыны невычарпальная. У яе хапае часу і жадання не толькі на працу – Надзея Адамаўна з задавальненнем наведвае хор у раённым Доме культуры і заняткі па інтарэсах у тэрытарыяльным цэнтры. Яна прыхільнік здаровага ладу жыцця і ўдзельнік ветэранскіх спартакіяд. Кола жыццёвых інтарэсаў нашай гераіні з гадамі толькі шырыцца.
Падчас сустрэчы, неаднаразова падумала, што нам варта раўняцца на тых, чыім юнацтвам быў камсамол: апантаных у ідэях, імклівых у планах, адказных у справах.
Сучасным маладзёжным лідарам наша гераіня пажадала заўсёды прытрымлівацца дакладна пастаўленых мэт, знаходзіць магчымасці хутка рэагаваць на перамены, умела і правільна аналізаваць сітуацыю і прымаць нестандартныя рашэнні, больш актыўна працаваць на апярэджанне, упэўнена глядзець у заўтрашні дзень, жыць інтарэсамі моладзі.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.







Оставить комментарий