Гэта наша зямля

0
197

Гэта наша зямля

Штогод у першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць меліяратары Беларусі. Людзі, якія акультурваюць і адраджаюць землі, даюць ім другое жыццё, робяць прыдатнымі для карыстання.

Сімвалічна, што ўшаноўваюць працаўнікоў галіны ў пачатку лета, калі ўся прырода квітнее. Здаецца сама зямля, пераўтвораная гаспадарскай рукой, дзякуе за працу зялёным дываном збожжавых культур там, дзе калісьці былі балоты і хмызнякі. Меліярацыйныя землі нашага раёна, гэта больш за 47 тысяч гектараў, за якія нясе адказнасць Петрыкаўскае ПМС. Абслугоўванне меліярацыйных аб’ектаў – далёка не адзіная задача, якая стаіць перад прадпрыемствам. Акрамя аказання сельскагаспадарчым арганізацыям вялікага спектра паслуг, мясцовыя меліяратары ўносяць свой значны ўклад у добраўпарадкаванне роднага краю. Дарэчы сказаць, калектыў прадпрыемства смела заявіў пра сабе па выніках мінулага года, стаўшы адным з лепшых сярод працоўных калектываў Петрыкаўшчыны ў раённых спаборніцтвах за дасягненне найлепшых паказчыкаў у вытворчасці.

Сваё свята петрыкаўскія меліяратары, па даўняй добрай традыцыі напярэдадні святкавалі ўсім калектывам з уручэннем заслужаных узнагарод, словамі падзякі і планамі на бягучы год. Сярод перадавікоў вытворчасці – вадзіцель амкадора Сяргей Панамароў (на фота), сярэдняя норма выпрацоўкі якога за чатыры месяцы бягучага года склала 128% да даведзенага плана. Кіраўніцтва і калегі не хаваюць: механізатар умела кіруе сваёй тэхнікай і ўносіць важны ўклад у агульную справу. – Прывесці зямлю ў належны парадак – справа няпростая і вельмі адказная. Задач у нашага брата шмат: меліярацыйныя сістэмы, водагаспадарчыя збудаванні, увод земляў у севазварот. Галоўнае – не “упусціць” землі. Але ўсё атрымліваецца, калі любіш тое месца, дзе жывеш, адчуваеш плячо калег і падтрымку кіраўніцтва, – дзеліцца мужчына. – Працу сваю ведаю і люблю. Інакш і быць не можа. Веды і цікавасць да тэхнікі мне прывіў бацька, а шматгадовы досвед працы ў сельскай гаспадарцы навучыў адчуваць зямлю і яе патрабаванні.

Родам Сяргей Мікалаевіч з вёскі Аголіцкая Рудня. Бацькі: механізатар і даярка, выхавалі ў сына адказнасць за агульную справу, жаданне працаваць па прыкладу продкаў. Скончыўшы сярэднюю школу юнак атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і пачаў шлях механізатара ў саўгасе “Петрыкаўскі”. Працаваў сумленна і з цікавасцю, аддаў прадпрыемству каля 25 гадоў прафесійнага жыцця.
– Амаль пяць гадоў таму запрасілі на працу ў ПМС, – успамінае герой. – Запрашэнне прыняў, таму што ведаў: віды дзейнасці, як у сельскай гаспардарцы, так і ў меліярацыі падобныя – праца на зямлі і на будучы вынік. Калі бачыш на месцы ўзаранага поля або зарослых хмызнякоў пшанічнае поле – радасць перапаўняе душу.

Суразмоўца лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Так сябе адчуваць ёсць усе складнікі. Жонка, з якой ідзе наш герой па жыцці рука аб руку, сын і дачка, якія падарылі бацькам пяцёра ўнукаў, дом – поўная чаша, праца, якая прыносіць задавальненне і патрабуе рэалізацыі задуманых планаў. Са слоў героя: спраў ў меліяратараў хапае круглы год. А раз ёсць фронт працы і прафесіяналы ў страі, значыць прадпрыемства будзе расці і развівацца, а наш родны край квітнець і станавіцца прыгажэйшым.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о