Франтавымі дарогамі поўнага кавалера ордэна Славы

0
543

У кожным горадзе ёсць такія вуліцы, што стаяць на мяжы населенага пункта. Атмасфера на іх асаблівая: часцяком за прыватным сектарам пачынаецца палетак ці лес і такое шчыльнае суседства з прыродай выклікае пачуццё спакою і гармоніі. Менавіта такія асацыяцыі і выклікае вуліца Рыгора Караля на паўночным усходзе райцэнтра: з захаду – прамысловая зона, з поўначы і ўсходу – сельгасугоддзі, з поўдня – прыгожыя прыватныя дамы і падворкі. Здаецца, што менавіта за такую квітнеючую краіну і дабрабыт землякоў і змагаўся поўны кавалер ордэна Славы, у гонар якога была названа гэта транспартная артэрыя.

Франтавымі дарогамі поўнага  кавалера ордэна СлавыЛёс гэтага чалавека, як і ўсіх герояў Вялікай Айчыннай вайны, простым не назавеш. Нарадзіўся Рыгор Кароль 20 кастрычніка 1922 года ў вёсцы Турок у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння 10-гадовай школы ў Петрыкаве, юнак пачаў працоўны шлях у мясцовым калгасе “Чырвоны прамень”. Праз год, у 1940-м, Рыгора прызвалі на ваенную службу, якая зацягнулася не толькі на часы ваеннага ліхалецця, але і стала лёсам нашага земляка ў пасляваенны перыяд.

Юнак быў залічаны ў артылерыйскую школу малодшых камандзіраў, але з пачаткам вайны датэрмінова накіраваны ў армію з прысваеннем звання сяржанта і ўжо з 25 чэрвеня 1941 года ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. З першых дзён вайны на адкрытых, часам недастаткова падрыхтаваных абарончых рубяжах камандзір засвойваў на практыцы цяжкую навуку артылерыйскага бою. Ваеннаслужачага не раз адзначалі як кемлівага, рашучага байца. Так, Рыгор Якаўлевіч мог аддаць загад біць па варожай тэхніцы прамым навядзеннем, хоць яго гаўбіца была прызначаная для агню з закрытых пазіцый, але часу на выбар прыдатнага месца і маскіроўку не хапала.

Глыбокай восенню 1941-га полк, у якім служыў сяржант Кароль, стрымліваў наступленне 2-й танкавай арміі Вермахта пад горадам Арол. Артылерысты сустрэлі ворага такім моцным агнём, што немцы былі вымушаны адысці і часова прыпыніць наступленне.

Потым была абарона Масквы, дзе наш зямляк атрымаў цяжкае раненне. Пасля шпіталю Рыгор Кароль удзельнічаў у баях за горад Сталінград (зараз Валгаград), дзе яго разлік застаўся апошнім на сваім напрамку, амаль усе падначаленыя былі параненыя, але адступілі ў сховішча ў самы апошні момант, калі вораг меў магчымасць наносіць толькі кропкавыя ўдары, а працягваць атаку варожая тэхніка ўжо не мела магчымасці.
У ходзе вызвалення ўраджэнец Петрыкаўшчыны прайшоў свой франтавы шлях дарогамі Варонежска-Харкаўскай стратэгічнай аперацыі. І зноў яго разлік наводзіў жах на ворага, калі гармата Караля выкатвалася і біла прамым навядзеннем, потым імкліва перазараджалася і змяняла напрамак агню. У адным з такіх баёў у разліку скончыліся снарады, але байцы рукамі перакацілі артылерыйскую сістэму на пакінутую таварышамі пазіцыю і працягнулі агонь, выкарыстоўваючы боепрыпасы, што засталіся на гэтым месцы. Гэта забяспечыла моцную кругавую абарону. За рашучыя дзеянні Рыгор Якаўлевіч атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі.
Стары Аскол, Белгарад, Харкаў былі вызваленыя. У барацьбе за абласны цэнтр Украінскай ССР – горад Сумы, многія байцы дывізіі, а разам з імі і Кароль, трапілі ў акружэнне і лічыліся без звестак прапаўшымі. Але воіны здолелі выйсці з акружэння і працягнулі годна змагацца на карысць агульнай Перамогі. У гэты час ураджэнец вёскі Турок уступіў у камуністычную партыю і атрымаў павышэнне па службе. Потым быў удзел у славутай бітве пад Прохараўкай, пасля чаго 52-я гвардзейская стралковая дывізія была перададзена ў састаў войск 2-га Прыбалтыйскага фронту і ўдзельнічала ў разгроме невельскай групоўкі Вермахта на Пскоўшчыне ўзімку 1943-1944 гадоў.
Далей было вызваленне Латвіі і Эстоніі, а пасля ўключэння падраздзялення ў склад 1-га Беларускага фронту, пачалося вызваленне Польшчы ў Варшаўска-Познаньскім напрамку і выхад да заходняга берагу ракі Одэр.

У баях за Берлін разлік Рыгора Караля заўсёды знаходзіўся на перадавой, бо байцы спрытна і надзвычай трапна падаўлялі агнявыя кропкі ворага. Так, у гарадскіх баях былі знішчаны гармата, 4 станковых і 7 ручных кулямётаў, да 50 гітлераўцаў, тры машыны і падаўлены агонь дзвюх мінамётных батарэй. Не раз Рыгор Якаўлевіч выконваў задачы зараджаючага ці наводчыка, калі нехта з разліку атрымліваў раненне.
Пасля перамогі, у маі 1946 года наш зямляк стаў поўным кавалерам ордэна Славы, атрымаўшы трэцюю баявую ўзнагароду вышэйшай ступені. У гэтым жа годзе Рыгор Кароль дэмабілізаваўся ў званні старшыны і пэўны час працаваў на Гомельшчыне ў лесаахоўнай галіне.

Але баявы вопыт героя быў найкаштоўнейшым і ў 1952 годзе Рыгора Караля зноў прызвалі на армейскую службу, дзе ён скончыў курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу пры штабе Беларускай ваеннай акругі і працягнуў службу на камандуючых пасадах да 1974 года, калі звольніўся ў запас у званні маёра.

Да сваёй смерці (7 мая 1985 года) Рыгор Якаўлевіч пражываў у Гомелі. Акрамя ордэна Чырвонай Зоркі і ордэнаў Славы трох ступеняў, ураджэнец Петрыкаўшчыны быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ступеняў, ордэнам Чырвонага Сцягу, а таксама медалямі, у тым ліку польскімі.
У памяць пра земляка названа вуліца ў горадзе Петрыкаве, што звязвае вуліцу Муляраўскую і 2-гі Першамайскі завулак. Стэла ў гонар Рыгора Караля ўсталявана на Алеі Герояў у Гомелі па вуліцы Савецкай. Поўнаму кавалеру ордэна Славы прысвечана каля дзясятка артыкулаў у інфармацыйных і навукова-папулярных выданнях. І гэта памяць павінна жыць і надалей – быць падмуркам нашай гістарычнай свядомасці, каб больш ніколі не дапусціць тых страшэнных памылак мінулага. І няхай паабапал вуліцы гэтага героя і надалей пад мірным небам квітнеюць палеткі.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о