У мінулую суботу ў аграгарадку Чалюшчавічы адзначылі Дзень вёскі. Урачыстасць была прысвечана людзям, якія тут жывуць, працуюць, нараджаюць і гадуюць дзяцей, услаўляюць свой куток добрымі справамі. Свята сабрала шмат мясцовых жыхароў, і тых, хто прыехаў на выхадныя ў госці да родных.
Гарачая пара цяпер у сельскіх жыхароў. Кожны летні дзянёк яны выкарыстоўваюць для таго, каб добра падрыхтавацца да халоднага перыяду года. Але ў мінулю суботу жыхары аграгарадка Чалюшчавічы пакінулі свае шматлікія справы і прыбраныя, вясёлыя дружна завіталі на свята. Ідэйнымі натхняльнікамі і арганізатарамі ўрачыстага мерапрыемства сталі работнікі Чалюшчавіцкага сельвыканкама і сельскага Дома культуры.
Радасць свята з мясцовымі жыхарамі раздзялілі старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер, старшыня Чалюшчавіцкага сельвыканкама Павел Мазай, выконваючы абавязкі загадчыка Капаткевіцкай бальніцы Галіна Камарова, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Чалюшчавічы» Надзея Комлік, галоўны спецыяліст ДЛГУ «Петрыкаўскі лясгас» Дзяніс Макарэцкі. Ураджэнцы Чалюшчавіч намеснік дырэктара Петрыкаўскага рудаўпраўлення, Аляксандр Пінчук і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Алена Гапонава. Яны звярнуліся да прысутных са шчырымі словамі віншавання са святам, пажаданнямі далейшага росквіту населенаму пункту, а яе жыхарам – шчасця, здароўя, дабрабыту.
Вялікае багацце краіны, а разам з тым і кожнага населенага пункта, – людзі. Імі славіцца і аграгарадок Чалюшчавічы. Падчас свята вядучыя не маглі не ўспомніць старэйшых жыхароў сельскага Савета: Анатолія Грабко, Марыю Каляду. Ім былі адрасаваны пажаданні, каб “кросны жыцця яшчэ доўга-доўга ткалі бязвоблачную жыццёвую дарогу” і канешне музычны падарунак.
Што б ні рабілася ў свеце – усё гэта ў імя жыцця, якое даруе маці, сям’я. Нездарма гаворыцца ў народнай мудрасці: “Калі хочаш пражыць у якім-небудзь месцы адзін год – пасей проса, калі будзеш выбіраць сабе месца на дзясяткі год – пасадзі дрэва. Калі ж хочаш жыць тут заўсёды – выхавай дзіця”.
У гонар самых маленькіх жыхароў вёскі – Варвары і Станіслава Усціновіч гучалі пажаданні і песні. На свяце вёскі традыцыйна ўшаноўвалі лепшых па прафесіі: ветэранаў педагагічнай працы, лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі, лясніцтва, культуры і медыцыны.
Пасля заканчэння ўрачыстай часткі Дня вёскі яе жыхароў і гасцей запрасілі на дэгустацыю мёду ад мясцовых пчаляроў Івана Бельскага, Аляксандра Пінчука, Валерыя Котава, Сяргея Ходзькі, Анатолія Дубіны, Віктара Лазарчука, Сяргея Маёрчыка, Васілія Лазака, Сцяпана Супоненкі, Яўгенія Мяляўскага.
На выставах былі прадстаўлены работы мясцовых рамеснікаў Уладзіміра Панасюка і Сяргея Арыновіча. На падворку «Сялянская хата» былі прадстаўлены вышыўкі мясцовых народных умеліц. У той святочны дзень працавалі дзіцячыя атракцыёны, каб стварыць святочны настрой і для маленькіх жыхароў і гасцей аграгарадка. Святочную праграму падрыхтавалі калектывы Дамоў культуры з Лучыц, Чалюшчавіч і Капаткевіч. Артысты падарылі гледачам яркія танцы, вясёлыя песні і добры настрой. Дзень вёскі атрымаўся душэўным, цёплым, насычаным і цікавым як для жыхароў населенага пункта, так і для яго шматлікіх гасцей. Мясцовыя жыхары па-сапраўднаму адпачывалі душой. Святочная атмасфера несла добры настрой і сагравала сэрца. Вось такія яркія дні мернага сельскага жыцця ўразаюцца ў памяць і надоўга застаюцца ва ўспамінах.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Жыхароў і гасцей вёскі віншуюць цудоўнымі спевамі артысты Лучыцкага сельскага Дома культуры.
Оставить комментарий