Напярэдадні свята гандлёвых работнікаў хочацца напісаць пра людзей,  якія,  дзякуючы сваёй працавітасці, энтузіязму, уменню аналізаваць, планаваць і без бояззі рызыкнуць, адкрылі асабістую справу і робяць жыццё землякоў больш камфортным. Нагодам для сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу ў сферы рознічнага гандлю Аляксандрам і Інай Пашкевічамі стала адкрыццё крамы ў вёсцы Макарычы пад прываблівай назвай “Авоська”. Памяшканне новага харчовага аб’екта раней належала Петрыкаўскаму раённаму спажывецкаму таварыству і пасля таго, як перастала функцыянаваць, было выстаўлена на аўкцыён для продажу. Два гады таму цяперашнія гаспадары купілі яго, зрабілі грунтоўны рамонт, набылі неабходнае абсталяванне, падабралі штат супрацоўнікаў.
– Праца праведзена вялікая, укладзена шмат сіл і энергіі, – дзеліцца Іна Аляксандраўна. – З раніцы да вечара мы з мужам былі на аб’екце. Гаспадар займаўся больш рамонтнымі работамі, а я планаваннем унутранага стылю, заказам усяго неабходнага,  каб  было зручна для наведвальніка, ну і, вядома, прыгожа.

Формула поспеху:  якасць, кошт і цудоўны настрой
Апынуўшыся ўнутры памяшкання, бачым сучасны гандлёвы аб’ект з шырокім асартыментам прадукцыі, магчымасцю бачыць неабходную інфармацыю на  этыкетках.  Акрамя прадуктаў харчавання тут можна знайсці і рэчы першай неабходнасці.
– Тавар у нас на дзевяноста працэнтаў айчыннай вытворчасці, і працуем мы непасрэдна з пастаўшчыкамі. Даспадобы прыйшлася “малочка” рагачоўскай вытворчасці, “Савушкін прадукт”, “Бабуліна крынка”. Мясную прадукцыю з задавальняем  купляюць Гомельскага, Брэсцкага мясакамбінатаў, хлеб аблюбавалі слуцкі, ну а прысмакі ў прыярытэце – “Спартак”, “Камунарка”, – расказвае  прадпрымальніца.
Пры заказе тавараў уладальніца крамы старанна вывучае попыт вяскоўцаў, каб кожны знайшоў “чаго душа жадае”. Кожны дзень з беларускіх прадпрыемстваў транспарт прывозіць заказы. Іх сустракае і правярае на якасць, на адпаведнасць кошту асабіста Іна Аляксандраўна. Таму тут усё “адразу з вытворчасці” і “прымальнае па кошце”. Ацанілі гэта і людзі, бо толькі добрыя словы я пачула ў адрас сямейнай пары. Працавітыя, адкрытыя, шчырыя – казалі пра іх жыхары.

Формула поспеху:  якасць, кошт і цудоўны настрой
За дваццаць тры гады прыватнай справы сям’я набыла чатыры гандлёвыя кропкі: два памяшканні з будаўнічымі матэрыяламі і таварамі для дому ў горадзе – справай якіх, у большай ступені, займаецца Аляксандр Міхайлавіч, і два на сяле – не так даўно адкрылася кропка і ў вёсцы Муляраўка. Вельмі правільна, што прадстаўнікі бізнесу “пайшлі” працаваць у сельскую мясцовасць і зрабілі  свой уклад, каб жыццё на вёсцы стала прыбліжана да гарадскога. Пры ўсім гэтым, такі варыянт дазволіў працаўладкаваць пятнаццаць землякоў, а гэта – заробак і дабрабыт у сем’ях.
І калі знойдуцца такія, хто ў глыбіні душы падумае, што прадпрымальнікам  лёгка ўсё даецца, я раю перагледзець свой пункт гледжання. Іх жыццё – кожнадзённая, а часам і начная праца за лічбамі, разлікамі, выбарам і прыёмкай тавараў. Можа, гэтага мы і не бачым за бліскучымі этыкеткамі  ў крамах, але гэта ўсё для людзей, для нашай зручнасці і магчымасці выбару.
– Энергію для здзяйснення планаў нам даюць цёплыя сямейныя адносіны, нашы дзеці, родныя, сябры,  – кажуць мае героі.
– Мы любім жыццё ва ўсіх яго праявах. Таму  сустракаем кожнага цудоўным настроем, шчырай і ветлівай усмешкай.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о