Напрыканцы мінулага тыдня на калегіі камітэта эканомікі аблвыканкама абмеркавалі навацыі ў інвестыцыйным заканадаўстве.
У рамках мерапрыемства адбылася таксама цырымонія ўзнагароджання, прымеркаваная да Дня эканаміста. У ліку ўзнагароджаных – начальнік планава-эканамічнага аддзела ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Марына Апановіч.
Днямі мы сустрэліся з Марынай Мікалаеўнай, каб павіншаваць з узнагародай, Ганаровай граматай аблвыканкама, і пагаварыць пра прафесійны выбар і задачы, якія даводзіцца вырашаць калектыву і начальніку планава-эканамічнага аддзела.
Як пазначыла ў час гутаркі наша суразмоўца, з выбарам прафесіі свядома вызначылася ў школьныя гады: матэматыка для яе заўсёды была царыцай сярод іншых школьных дысцыплін.
– У школе мне падабалася рашаць задачы, знаходзіць з некалькіх магчымых варыянтаў рацыянальны, падабалася ўдзельнічаць у алімпіядах, – расказвае пра свой шлях да прафесіі Марына Мікалаеўна. – Паступаць вырашыла ў Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на спецыяльнасць “эканоміка і кіраванне прадпрыемствам”. І сёння з упэўненасцю скажу: з выбарам я ніколькі не памылілася. Больш за тое, за гады працы пераканалася, што прафесія мая наколькі цікавая, настолькі і адказная. Мяркуйце самі, да эканаміста сёння прад’яўляюцца высокія патрабаванні: ён павінен разбірацца ў законах эканамічнай навукі, аналізаваць статыстычныя дадзеныя, умець супастаўляць і рабіць правільныя высновы – усё гэта ўплывае на эканамічную стабільнасць прадпрыемства.
Згадваючы свой прафесійны шлях, наша гераіня паведаміла, што на размеркаванні ей прапанавалі на выбар працоўнае месца ў Петрыкаўскім і Хойніцкім раёнах. Палічыўшы, што на малой радзіме будзе прасцей бо, як вядома, дома і сцены дапамагаюць, Марына Мікалаеўна ўладкавалася бухгалтарам у Камаровіцкае лясніцтва. З першых дзён яна адчувала сябе на сваім месцы, накіроўваючы набытыя веды і навыкі на карысць лясніцтва. Праз два гады маладога і ініцыятыўнага спецыяліста заўважылі і перавялі інжынерам-лесапатолагам у Петрыкаўскі лясгас, дзе ўжо праз год прапанавалі ўзначаліць планава-эканамічны аддзел.
– Скажу шчыра, было няпроста. Аднак я дакладна разумела: займанай пасадзе трэба адпавядаць, таму набіралася вопыту, тым больш было ў каго, калегі дапамагалі, вучылі, падказвалі, актыўна займалася самаадукацыяй.
Эканаміст павінен працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, умець аналізаваць і прагназаваць, быць уважлівым і скрупулёзным, мець добрую памяць, – лічыць Марына Мікалаеўна. – Неабходна трымаць у галаве мноства паказчыкаў і лічбаў і ўзважана прымаць кожнае рашэнне. Нават самыя нязначныя, на першы погляд, памылка, недахоп ці пралік могуць падарваць работу і імідж прадпрыемства, а гэта недапушчальна.
“Вялікая ўдача для любога прадпрыемства, калі яго эканамічную службу ўзначальвае кампетэнтны і ўпэўнены спецыяліст. Нам у гэтым сэнсе пашчасціла: Марына Мікалаеўна кемлівы, мэтанакіраваны, патрабавальны і справядлівы кіраўнік”, – пазначыў нашаму карэспандэнту дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Іван Торчык.
Як падкрэсліла Марына Мікалаеўна, яе ўзнагарода – прызнанне выніковасці працы ўсяго аддзела. І хаця ў эканамічнай службе Петрыкаўскага лясгасу працуе толькі чатыры чалавекі, гэта сапраўдная каманда прафесіяналаў. Іх надзейная падтрымка, сумленнасць і адказнасць дапамагаюць паспяхова вырашаць шырокае кола задач.
А пасля напружанага працоўнага дня Марына Мікалаеўна любіць бавіць вольны час на прыродзе: пешыя прагулкі, рыбалка, адпачынак у палатках разам з мужам, дачкой і сябрамі на беразе ракі – яе рэлакс і перазагрузка.
Галіна КАЗАК.
Фота “Гомельскай праўды”.
Оставить комментарий